Мадонна з доўгай шыяй

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Франчэска Парміджаніна[1]
Мадонна з доўгай шыяй. 15341540
Матэрыял алейныя фарбы і панэль[d]
Уфіцы
(інв. 00287693)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Мадонна з доўгай шыяй (каля 1535) — карціна італьянскага мастака Парміджаніна.

Гісторыя стварэння[правіць | правіць зыходнік]

Карціна была замоўлена Эленай Тальяферы, сястрой блізкага сябра Парміджаніна Энрыка Баярда, 23 снежня 1534 года, неўзабаве пасля вяртання мастака ў Парму. Яна прызначалася для сямейнай капэлы ў царкве ордэна францысканцаў Санта Марыя дэі Сэрві. Карціна засталася незавершанай і да моманту смерці мастака (1540) знаходзілася ў яго майстэрні. Па словах Вазары, «праца гэтая не зусім задавальняла» Парміджаніна і таму засталася няскончанай — за спінай Мадоны бачныя калоны без капітэляў, якія сыходзяць у пустэчу, ледзь намечана галава шостага анёла. Але, па здагадцы сучасных даследчыкаў, гэта акалічнасць магла тлумачыцца тым, што мастак, захоплены алхіміяй, выказаў такім чынам Бясконцасць імкнення да дасканаласці і яе недасяжнасць.

На думку некаторых мастацтвазнаўцаў,[2] у вобразе Мадонны з доўгай шыяй Парміджаніна, верагодна, адлюстраваў Паолу Ганзага.

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Погляд Мадонны скіраваны на немаўля Хрыста, які спіць на яе каленях. Яго глыбокі сон можа быць вытлумачаны як намёк на смерць. Адзін з анёлаў трымае пасудзіну, так званую вазу Гермеса (Меркурыя), якая ў алхіміі сімвалізуе пачатковую стадыю, зачацце. Крыж на пасудзіне, раней чырвоны (цяпер ён ледзь бачны), азначае будучы жыццёвы шлях Хрыста. Такім чынам мастак увасабляе ідэю аб непарыўнай сувязі жыцця і смерці. На дальнім плане бачная фігура Святога Гераніма, які спявае хвалу Беззаганнаму Зачаццю. Побач з Геранімам спачатку быў намаляваны Святы Францыск[3]. Уключэнне гэтага святога ў карціну мела пэўную сэнсавую нагрузку: ордэн францысканцаў быў адным з актыўных удзельнікаў рэлігійнай спрэчкі аб бязгрэшным зачацці Марыі. Прастора карціны пабудавана са скажэннем перспектывы: фігура Гераніма непраўдападобна малая, шэраг калон, цесна прыціснутых адна да адной, падтрымлівае пустэчу: усё ўзмацняе ўражанне нерэальнасці, ірацыянальнасці. Доўгая шыя Мадонны, гэтак жа, як і калона — атрыбут Марыі з часоў сярэднявечча, сімвалізуюць яе чысціню (лац.: collum tuum ut columna — «шыя твая і калона»).

Авал твару Марыі, абрысы яе цела паўтараюць формы пасудзіны ў руках аднаго з анёлаў, лінію яго нагі. Па словах мастацтвазнаўцы П’етра Сельватыка, Парміджаніна, «упарта веруючы ў тое, што ў саміх паняццях падоўжанае і хвалепадобнае заключаецца грацыя, дадае да намаляваных ім галоў, па праўдзе сказаць, вытанчаных, прывабных і сімпатычных, неверагодна доўгія целы, рукі з плаўна завостранымі пальцамі і нагамі, якія невядома дзе канчаюцца». У выгнутай лініі, аснове кампазіцыі, увасабляецца ідэал маньерызму — параджэнне ўяўлення мастака, квінтэсенцыя вытанчанасці, грацыі, дасканаласці. Нерэальны вобраз, «самагодная прыгажосць» звяртаецца да пачуццяў і розуму гледача.

Зноскі

  1. Make Lists, Not War — 2013.
  2. Mater Gonzaga: una dama del Rinascimento ritratta nella Madonna dal collo lungo del Parmigianino.(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 22 мая 2022.
  3. Паводле слоў Вазары, пазней фігура Святога Францыска была прыбрана. Фігура гэтага святога прысутнічае і на шматлікіх малюнках да карціны, зробленых мастаком.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ф. Дзери. Пармиджанино. Мадонна с длинной шеей. — М.: Белый город. — 48 с. — (Сто великих картин). — 5000 экз. — ISBN 5-7793-0475-0.