Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Мазырскае НПА)
Jump to navigation Jump to search
Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод
Тып Адкрытае акцыянернае таварыства
Заснаванне 1975 год
Размяшчэнне Мазыр, Гомельская вобласць
Ключавыя фігуры Анатоль Купрыянаў
Галіна Нафтаперапрацоўчая прамысловасць
Прадукцыя Бітум, звадкаваны газ, паліва
Абарот 6 236,4 млрд. рублёў (2010; 2 083,1 млн. $)
Аперацыйны прыбытак 146,3 млрд руб. (2010; 48,9 млн $)
Чысты прыбытак 76,3 млрд руб (2010; 25,5 млн $)
Колькасць супрацоўнікаў 4204 (2010)
Матчына кампанія Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь
Сайт www.mnpz.by

«Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» (поўная назва Адкрытае акцыянернае таварыства «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод») — адно з двух беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Заснаванае ў 1975 годзе. Завод знаходзіцца ў горадзе Мазыры. Генеральны дырэктар — Анатоль Купрыянаў. Вытворчасцю заводу з'яўляецца паліва, бітумы, звадкаваныя газы. Чысты прыбытак завода ў 2006 годзе склаў 353 млрд беларускіх рублёў.

Аб'ём перапрацоўкі: 16 млн.т за год (2007)[1].

Прадпрыемства адкрытае ў 1975, акцыянаванае ў 1994. У 2005 42,7 % акцый належалі беларускай дзяржаве, 42,6 % — кампаніі «Слаўнафта», 12,2 % — кампаніі «МНПЗ Плюс», 2,4 % — іншым укладчыкам. Рынкавая вартасць кампаніі ацэньвалася як 1,1 млрд. USD (2005); занятыя каля 4 тыс. чал. (2005).

Вырабы[правіць | правіць зыходнік]

На 2018 год ААТ «Мазырскi нафтаперапрацоўчы завод» вырабляла:

  • аўтамабільны бензін АІ-92, АІ-95 і АІ-98 класа Еўра-5;
  • дызельнае паліва экалагічнага класа 5 — летняе гатунку С (гранічная тэмпература фільтравальнасці не вышэй за -5°C), зімовае гатунку F (да -20°C), класа 0 (тэмпература памутнення не вышэй за -10°C), класа 1 (т.фільтр. -26°C, т.памутн. -16°C) і класа 2 (т.фільтр. -326°C, т.памутн. -22°C), арктычнага класа 4 (т.фільтр. -44°C, т.памутн. -34°C)[2];
  • пячное побытавае паліва паводле ТУ BY 400091131.004-2009 (тэмпература запальвання ў зачыненым тыглі пры +62°C);
  • топачны мазут (цеплата згарання 39 900 кіляджоўляў/кг, т.запальвання +110°C, т.застывання +25°C, да 3% серы);
  • дарожны бітум «Мазырбіт» марак 50/70 (пранікненне пры +25°C у 5-7 мм), 55/65 (пранікненне ў 5,5-6,5 мм), 70/100 (адпаведна 7-10 мм) і 75/90 (7,5-9 мм)[3];
  • дахавы бітум БНК 40/180 (т.размякчэння +37°C — +44°C, глыбіня пранікнення іглы 16—21 мм) і 45/190 (т.разм. +40°C — +50°C, глыб.пранікн. іглы 16—22 мм);
  • будаўнічы бітум БНК 70/30 (т.размякчэння +70°C — +80°C, расцягвальнасць пры +25°C прынамсі 3 см) і 90/10 (т.разм. +90°C — +105°C, расцягвальнасць 1 см);
  • звадкаваны нафтавы газ (аўтамабільны прапан-бутан; ПБА) — актанавы лік прынамсі 89, лішкавы ціск насычанай пары пры +40°C да 1550 кілапаскаль, прапану 50±10%;
  • сумесь тэхнічных прапану і бутану (СПБТ) — бутанаў і бутыленаў разам менш за 60%;
  • тэхнічны бутан (БТ) — бутанаў і бутыленаў разам звыш 60%[4];
  • алкілат (актанавы лік прынамсі 91), які з’яўляецца высокаактанавым складнікам бензіну;
  • метыл-трэт-бутылавы эфір (МТБЭ) марак А (98% эфіру) і Б (96%);
  • экалагічна палепшаны керасін (т.запальвання +40°C, да 10 міліграмы серкі на кг);
  • тэхнічная газавая сера — вадкая (99,98% серкі) і цвёрдая (камковая, 99,2% серы) — для вырабу сернай кіслаты і гумы;
  • бітумная сыравіна;
  • нафтавы бензол (тэмпература крышталізавання +5°C) для вырабу каўчука, пластмасы і фарбавальніка;
  • лёгкі каталітычны газойль (т.запальвання +80°C) марак А (т.застывання -15°C) і Б (-5°C) для кацельні і нафтахіміі;
  • прастагонны вакуўмны газойль (т.заст. +16°C) гатункаў А (кінематычная клейкасць пры +50°C ад 5 да 25 мм²/секунда) і Б (ад 25,1 да 50 мм²/секунда) для вырабу базавай алівы і цвёрдага парафіну[5];
  • водаачышчаны вакуўмны газойль (т.заст. +41°C) для каталітычнага крэкінгу.

Дапаможная інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

ААТ «Мазырскi нафтаперапрацоўчы завод» мае ў якасці падраздзялення трамвайнае кіраўніцтва (вул. Шашэйная, д. 30), якое з 1 жніўня 1988 года злучае Мазыр і завод сваім трамвайным маршрутам. Даўжыня маршруту складае каля 20 км, якія трамвай праходзіць за 40 хвілін. Штодня каля 50 трамваяў перавозяць блізу 5000 чалавек, большасць якіх складаюць супрацоўнікі завода, якія карыстаюцца гэтым транспартам задарма. Мазырскі політэхнічны каледж (вул. Катлаўца, д. 23) рыхтуе на патрэбы завода спецыялістаў па спецыяльнасці «перапрацоўка нафты і газу», якія атрымліваюць прафесію «аператар тэхналагічных установак». Навучанне доўжыцца цягам амаль 4 гадоў і ўключае праходжанне практыкі на заводзе, куды ўладкоўваюцца ўсе выпускнікі. Харчаванне на заводзе забяспечваюць 7 страўняў на 575 месцаў, у якіх штодня сілкуюцца каля 2000 чалавек. Камітэт фізічнай культуры завода ўтрымлівае дзіцячы спартыўна-тэхнічны клуб «Старт» і дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага рэзерву «Жамчужына Палесся». Палац культуры «Мазырскага НПЗ» (бульвар Юнацтва, д. 1а) уключае тэатральна-канцэртную залу на 850 месцаў. За 2012 год Палац культуры прыняў звыш 96 000 наведнікаў. На яго сцэне працуюць мясцовыя гурты «Сваякі» і «Жывіца», а таксама балет-судыя «Алексіс», якія выступаюць на тэлебачанні і фестывалях, у тым ліку за мяжой. На паўднёвым усходзе Мазырскага раёна «Мазырскаму НПЗ» належыць санаторый «Сосны» (вёска Стрэльск, Крынічны сельсавет) на 136 месцаў. Санаторый мае медыцынскі корпус і басейн, спартыўнае поле са штучным пакрыццём і спартыўную залу, 1- і 2-мясцовыя нумары люкс і паўлюкс, пляж з распранальнямі на рацэ Прыпяць. 70% адпачывальнікаў складаюць супрацоўнікі завода з сем'ямі, каля 15% — заводскія пенсіянеры, рэшту — расійскія турысты[6].

Уладальнікі[правіць | правіць зыходнік]

Акцыянерамі завода з’яўляюцца: Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь — 42,76%, ААТ НГК «Слаўнафта» (Масква, Расія) — 42,58%, ТАА «МНПЗ плюс» — 12,25%, фізічныя асобы — 2,41%[6].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

30 студзеня 1975 года на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе пусцілі секцыю 100 комплексу ЛК-6У № 1 і атрымалі першы аўтамабільны бензін. Першапачаткова глыбіня нафтапепрацоўкі складала 50%, у выніку чаго істотную частку вырабаў складаў мазут, які ішоў на патрэбы энергетыкі. За 1991—1994 гады Мазырскі НПЗ амаль 4-кратна скараціў нафтаперапрацоўку. У 1994 г. завод ператварылі ў адкрытае акцыянернае таварыства. 30 студзеня 2004 года ўвялі ў дзеянне камбінаваную ўстаноўку каталітычнага крэкінгу, што павялічыла глыбіню нафтаперапрацоўкі і адбору светлых нафтапрадуктаў. Таксама гэта дазволіла выкарыстоўваць у якасці сыравіны сумесь водаачышчанага вакуўмнага газойля і мазуту нізкасярністай нафты. Выпуск аўтамабільнага бензіну вырас у 1,5 разу, звадкаванага газу — удвая. У 2006 годзе пабудавалі блок вылучэння бензольнага канцэнтрату і ўстаноўку экстрактыўнай дыстыляцыі бензолу. Гэта зменшыла колькасць бензолу ў высокаактанавых бензіне адпаведна еўрапейскаму стандарту EN 228 і дазволіла атрымаць нафтавы бензол для пастаўкі ў якасці сыравіны на патрэбу нафтахімічнай прамысловасці. Чысты прыбытак завода ў 2006 годзе склаў 353 млрд беларускіх рублёў ($164,5 млн). 17 мая 2007 года ААТ «Мазырскi нафтаперапрацоўчы завод» выступіла сузаснавальнікам ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія» разам з ААТ «Нафтан» (Наваполацк) і УП «Беларуснафта» (Гомель). «Беларуская нафтавая кампанія» адчыніла замежныя прадстаўніцтвы ў 5 краінах Еўропы — Англіі, Латвіі, Польшчы, Расіі і Украіне. Праз гэтыя прадстаўніцтвы наладзілі экспарт у 20 краін свету, у тым ліку 14 краін Еўропы. Пагатоў «Беларуская нафтавая кампанія» стала прадаваць нафтапрадукты і на ўнутраным рынку Беларусі. У 2008 годзе запусцілі комплексную ўстаноўку фторыставадароднага алкіліравання. У выніку атрымалі алкілат, які служыць высокаактанавым дадаткам да бензіну[6].

На 2009 г. завод меў магутнасць перапрацоўкі нафты ў 12 млн тон штогод, з якіх загружанымі былі каля 11 млн тон. За год вырабляў каля 2,5 млн т аўтабензіну і 2,4 млн т дызельнага паліва[7]. У 2010 годзе дадалі ўстаноўку водаабязсервання бензіну каталітычнага крэкінгу, што зменшыла ўтрыманне серы ў высокаактанавым бензіне адпаведна еўрапейскаму стандарту EN 228:2008. Таксама адпаведна гэтаму стандарту сталі серыйна вырабляць бензін для аўтамабіляў экалагічнага класа 5. Гэта стала магчымым дзякуючы даданню ў рэцэптуру метыл-трэт-бутылавага эфіру, які з’яўляецца высокаактанавым кіслародазмяшчальным дадаткам. У маі і чэрвені 2010 года «Мазырскі НПЗ» прыняў пробныя пастаўкі 80 000 тон нафты з Венесуэлы праз чарнаморскі порт у Адэсе (Украіна). На пачатку 2011 года запусцілі новую ўстаноўку вытворчасці вадароду. У студзені 2012 года ўвялі ў дзеянне ўстаноўку водаачысткі дызельнага паліва, што дазволіла вырабляць яго паводле еўрапейскага стандарту EN 590. У снежні 2012 года пабудавалі ўстаноўку ізамерызацыі пентан-гексанавай фракцыі, прызначанай для атрымання ізамерызату, які з’яўляецца экалагічна чыстым высокаактанавым складнікам бензіну. Гэта дазволіла атрымаць бензін экалагічнага класа 5 АІ-92-К5-Еўра паводле СТБ 1656-2011 і адпаведна стандарту EN 228, а таксама спыніць выпуск нерэнтабельнага нізкаактанавага бензіну «Нармаль-80» і сыравіннага бензіну для піролізу. У выніку вытворчасць высокаактанавага бензіну перавысіла 200 000 тон за год. За 2010—2012 гады «Мазырскі НПЗ» увёў у дзеянне 7 новых прамысловых установак агульнай вартасцю $685 млн[6].

У 2012 годзе ААТ «НПЗ» паставіла да 65% вырабаў за мяжу. Звыш паловы вырабаў накіравалі ў краіны Заходняй (Нідэрланды і Англія) і Паўночнай Еўропы (Швецыя і Данія). Траціна экспарту прыпала на Украіну, куды пераважна паставілі дызельнае паліва і бензін. У межах міжурадавага пагаднення ў Расію прадалі істотную частку бензінаў АІ-92 і АІ-95. У Італію праз чарнаморскія парты паставілі топачны мазут. У 2012 годзе перапрацавалі 11,91 млн тон нафты, што было найбольшым паказчыкам за 10 гадоў. Рэнтабельнасць склала каля 10%. У 2013 годзе 80% бензіну адпавядала стандарту «Еўра-4», рэшта — «Еўра-5». Глыбіня нафтаперапрацоўкі складала каля 70%. За 2010—2013 гады для змяншэння выкідаў «Мазырскі НПЗ» увёў у дзеянне 2 новыя блокі абаротнага водазабеспячэння, устаноўку ўтылізавання серавадародазмяшчальнага газу, станцыю ўльтрафіялетавага абеззаражвання сцёкавай вады, блок утылізавання вуглевадароднага факельнага газу, нафтапасткі і флататары на ачышчальных збудаваннях, абсталяванне абязводжвання асадкаў сцёкавай вады, комплекс перапрацоўкі нафташламу і ўстаноўку тактавага наліву бензіну для змяншэння стратаў нафтапрадуктаў і выкідаў у паветра. На 2013 год прадпрыемства налічвала 4720 супрацоўнікаў, з іх рабочыя склалі 69%, спецыялісты — 17%, кіраўнікі — 10%, служачыя — 4%. Моладзь складала 25% супрацоўнікаў. Сярэдні ўзрост супрацоўнікаў складаў 39 гадоў[6].

Кіраўнікі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Ю. Годин. Союзное государство или коммерческий союз? // Наш современник, 2007, № 12.
  2. Дызельнае паліва (руск.) , ААТ «Мазырскi нафтаперапрацоўчы завод» (2018). Праверана 17 ліпеня 2018.
  3. Дарожныя бітумы (руск.) , ААТ «Мазырскi нафтаперапрацоўчы завод» (2018). Праверана 17 ліпеня 2018.
  4. Звадкаваныя паліўныя вуглевадародныя газы (руск.) , ААТ «Мазырскi нафтаперапрацоўчы завод» (2018). Праверана 17 ліпеня 2018.
  5. Прастагонны вакуўмны газойль (руск.)  (2018). Праверана 17 ліпеня 2018.
  6. 6,0 6,1 6,2 6,3 6,4 Ірына Асташкевіч, Віктар Пазнякоў. Галоўнае — правільна выбраная стратэгія і паслядоўная тактыка // Звязда : газета. — 31 ліпеня 2013. — № 140 (27505). — С. 4, 5. — ISSN 1990-763x.
  7. Павел Бераснеў. МНПЗ будзе інвеставаць нягледзячы на двухразовае скарачэнне прыбытку // Звязда : газета. — 2 верасня 2009. — № 164 (26522). — С. 2. — ISSN 1990-763x.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]