Перайсці да зместу

Майданак

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Майданак
Konzentrationslager Lublin
Тэрыторыя былога канцлагера з вышыні
Тып канцэнтрацыйны лагер, лагер смерці
Месцазнаходжанне Люблін, Генерал-губернатарства, акупаваная Польшча
51°13′11″ пн. ш. 22°35′59″ у. д.HGЯO
Іншыя назвы KL Lublin
Перыяд эксплуатацыі кастрычнік 1941 — 22 ліпеня 1944
Колькасць зняволеных каля 130 000
Колькасць загінулых каля 80 000, у тым ліку каля 60 000 яўрэяў
Кіруючая
арганізацыя
Каменданты лагера Карл Ота Кох
Макс Кёгель
Герман Флорштэт
Марцін Готфрыд Вайс
Артур Лібехеншэль
Сайт majdanek.eu

Майда́нак (польск.: Majdanek, [majˈdanɛk]), афіцыйна канцэнтрацыйны лагер «Люблін» (ням.: Konzentrationslager Lublin, скарочана KL Lublin), — нямецкі нацысцкі канцэнтрацыйны лагер і месца масавага знішчэння людзей, які дзейнічаў у 1941—1944 гадах на паўднёва-ўсходняй ускраіне Любліна ў акупаванай Польшчы.[1][2]

Паводле сучаснай ацэнкі Дзяржаўнага музея ў Майданку, у лагер былі дэпартаваны каля 130 тысяч чалавек, з якіх каля 80 тысяч загінулі. Каля 60 тысяч ахвяр былі яўрэямі. Да найбольш шматлікіх груп ахвяр належалі таксама палякі, беларусы, рускія і ўкраінцы.[1]

Шырока ўжывальная назва «Майданак» паходзіць ад назвы люблінскага прадмесця Майдан-Татарскі, каля якога размяшчаўся лагер. Афіцыйнай назвай спачатку была ням.: Kriegsgefangenenlager der Waffen-SS Lublin — «Лагер ваеннапалонных войскаў СС у Любліне». 16 лютага 1943 года ён быў перайменаваны ў ням.: Konzentrationslager Lublin — «Канцэнтрацыйны лагер Люблін».[2]

Стварэнне і арганізацыя лагера

[правіць | правіць зыходнік]

20—21 ліпеня 1941 года кіраўнік СС Генрых Гімлер наведаў Люблін і загадаў кіраўніку СС і паліцыі Люблінскай акругі Одыла Глабочніку арганізаваць лагер, разлічаны на ўтрыманне да 50 тысяч чалавек. Вязняў меркавалася выкарыстоўваць на будаўніцтве аб’ектаў СС і паліцыі ў акупаванай Польшчы і на захопленых тэрыторыях Савецкага Саюза.[2]

Будаўніцтва пачалося ў кастрычніку 1941 года. Асноўнай рабочай сілай на першым этапе сталі савецкія ваеннапалонныя. Яны жылі ў неадпаведных умовах, галадалі і масава паміралі ад хвароб, знясілення і жорсткага абыходжання.[3]

Лагер быў падзелены на шэсць палёў. Пятае поле выкарыстоўвалася як лагерны шпіталь, шостае засталося ў значнай ступені недабудаваным. На тэрыторыі знаходзіліся баракі, майстэрні, склады, лазнева-дэзінфекцыйны комплекс, газавыя камеры і крэматорый.[2]

Майданак падпарадкоўваўся Інспекцыі канцэнтрацыйных лагераў. Адначасова значны ўплыў на яго дзейнасць меў Одыла Глабочнік, які кіраваў ажыццяўленнем аперацыі «Райнгард» у Люблінскай акрузе.[2]

Прыбыццё новых вязняў у лагер

У 1941—1944 гадах у Майданак былі дэпартаваны каля 130 тысяч мужчын, жанчын і дзяцей. Найбольшую групу складалі яўрэі — паводле ацэнкі музея, ад 74 да 80 тысяч чалавек. Другой паводле колькасці групай былі палякі — каля 35 тысяч. Трэцюю складалі грамадзяне Савецкага Саюза, сярод якіх пераважалі беларусы.[3]

На першым этапе большасць вязняў складалі савецкія ваеннапалонныя. З канца 1941 года сюды пачалі пераводзіць вязняў з іншых канцлагераў, а з вясны 1942 года — накіроўваць буйныя транспарты яўрэяў са Славакіі, Пратэктарату Багеміі і Маравіі, Германіі, а таксама з Любліна і навакольных мясцовасцей.[3]

Майданак выкарыстоўваўся таксама як карны лагер для палякаў, арыштаваных за невыкананне распараджэнняў акупацыйнай адміністрацыі, сувязь з партызанамі або ўдзел у супраціўленні. З 1943 года сюды накіроўвалі вязняў з турмаў у Варшаве, Радаме, Львове і Любліне.[3]

У лагеры ўтрымліваліся жанчыны і дзеці. Асобныя палі ў розны час мелі рознае прызначэнне: на першым размяшчалася жаночая частка, на трэцім утрымліваліся польскія палітычныя вязні і яўрэі, на чацвёртым — савецкія ваеннапалонныя, закладнікі і палітычныя вязні.[2]

Умовы ўтрымання і прымусовая праца

[правіць | правіць зыходнік]

З першых дзён знаходжання ў лагеры вязні цярпелі ад голаду, хвароб, страху і знясільвальнай працы. За сапраўднае або меркаванае парушэнне правіл іх збівалі і падвяргалі іншым пакаранням. Людзі паміралі ў выніку цяжкіх умоў, хвароб і непасільнай працы, а таксама былі забіты падчас экзекуцый і ў газавых камерах.[1]

Вязняў выкарыстоўвалі на будаўнічых і гаспадарчых работах, у майстэрнях і на складах. Майданак выконваў таксама функцыі ў межах аперацыі «Райнгард»: тут захоўвалі і сартавалі вопратку, абутак ды іншыя рэчы, адабраныя ў яўрэяў, забітых у лагерах смерці Белжэц, Сабібор і Трэблінка.[4]

Масавае знішчэнне людзей

[правіць | правіць зыходнік]
Газавая камера ў Майданку

Майданак быў месцам мэтанакіраваных масавых забойстваў. Вязняў расстрэльвалі, вешалі, тапілі, забівалі ўдарамі і атрутнымі ін’екцыямі. Людзей забівалі таксама ў газавых камерах, дзе выкарыстоўвалі Цыклон Б і монааксід вугляроду.[5]

Ахвярамі газавых камер былі пераважна яўрэі, але ў іх забівалі таксама іншых вязняў, прызнаных непрацаздольнымі. Целы спачатку хавалі ў магілах, пазней спальвалі на адкрытых вогнішчах і ў крэматорыі.[5]

3 лістапада 1943 года на тэрыторыі Майданка была праведзена найбуйнейшая аднаразовая экзекуцыя ў гісторыі лагера. Падчас аперацыі «Эрнтэфэст» супрацоўнікі СС і паліцыі расстралялі каля 18 тысяч яўрэяў. Не менш за 8 тысяч ахвяр былі вязнямі Майданка, астатніх прывялі з працоўных лагераў і турмаў Любліна. Каб заглушыць стрэлы, праз гучнагаварыцелі перадавалі музыку.[4]

Беларусы ў Майданаку

[правіць | правіць зыходнік]

Беларусы складалі значную частку савецкіх грамадзян, дэпартаваных у Майданак. Дзяржаўны музей у Майданку адзначае, што сярод грамадзян СССР, якія трапілі ў лагер, беларусы былі найбольш шматлікай нацыянальнай групай.[3]

З вясны 1943 года ў Майданак у межах шырокамаштабных карных аперацый пачалі вывозіць жыхароў беларускіх вёсак, у тым ліку дзяцей.[3] У лагеры яны рэгістраваліся не толькі паводле нацыянальнасці, але і як грамадзяне Савецкага Саюза, таму дакладная агульная колькасць беларускіх вязняў не вызначана.

Вываз мірнага насельніцтва

[правіць | правіць зыходнік]

Ва ўспамінах жыхара Дубяжына Афанасія Авярчука «Пры немцах (1941—1944)», змешчаных у зборніку «Пакаленне вайны», апісаны прымусовы вываз жыхароў Беласточчыны на працу ў Германію.[6]

Пра вываз жыхароў Лідчыны паведамляў «Лідскі летапісец». У адной з публікацый апісаны выпадак Міці і Сямёна Пупко, якія ў снежні 1943 года разам з жонкамі выскачылі з цягніка, што ішоў у Майданак.[7]

Майданак у беларускай літаратуры і памяці

[правіць | правіць зыходнік]

Пра Майданак пісаў Янка Брыль у мемуарным нарысе «Вечар і раніца». Брыль, які служыў у Гдыні напярэдадні вайны, наведаў лагер ужо праз шмат гадоў пасля падчас паездкі ў Люблін. У тэксце ён згадвае, як за адзін дзень пабачыў два месцы масавага знішчэння — Сабібор і назаўтра Майданак, — і як гэтыя ўбачаныя абшары «нечалавечых пакут» пераплятаюцца з асабістымі ваеннымі ўспамінамі аўтара.[8]

У рамане Івана Шамякіна «Сэрца на далоні» праз Майданак праходзіць адна з гераінь твора — гэта эпізод яе ваеннага мінулага, які ўплывае на яе далейшы лёс і паводзіны ў пасляваенным сюжэце рамана.[9]

Віктар Карамазаў у кнізе «Проста ўспомніў я цябе…» апісаў сваю сустрэчу з былым ваеннапалонным Петраком Кірылавічам, які прайшоў праз Майданак і іншыя нацысцкія лагеры і расказаў пра гэта аўтару ўжо праз многія гады пасля вайны.[10]

З восені 1943 года шэраг яўрэйскіх працоўных лагераў Люблінскай акругі быў адміністрацыйна падпарадкаваны Майданку. Сярод іх былі лагеры ў Будзыні, Траўніках, Панятове, Красніку і Пулавах, а таксама лагеры на вуліцы Ліпавай і на аэрадроме ў Любліне.[4]

У пачатку 1944 года ў сістэму Майданка былі ўключаны таксама лагеры ў Бліжыне і Радаме, а таксама лагер на тэрыторыі разбуранага Варшаўскага гета. Склад сістэмы змяняўся: частка філіялаў была ліквідавана пасля забойства іх вязняў або эвакуіравана перад набліжэннем фронту.[4]

Ліквідацыя і вызваленне

[правіць | правіць зыходнік]

Вясной 1944 года СС пачало эвакуяваць вязняў у канцэнтрацыйныя лагеры, размешчаныя далей на захад. 22 ліпеня лагерны гарнізон пакінуў Майданак, вывезшы амаль усіх вязняў, якія яшчэ заставаліся там, у Асвенцім.[1]

У ноч з 22 на 23 ліпеня на тэрыторыю лагера ўвайшлі савецкія войскі, а 24 ліпеня Чырвоная Армія заняла Люблін. Лагер не быў цалкам знішчаны, таму захаваліся баракі, газавыя камеры, крэматорый, дакументы і маёмасць вязняў.[4]

Пасля заняцця Майданка савецкія ўлады выкарыстоўвалі частку яго інфраструктуры. На тэрыторыі былога лагера НКУС утрымліваў жаўнераў польскага падполля; асобныя ўчасткі выкарыстоўваліся таксама для нямецкіх ваеннапалонных.[1]

Колькасць ахвяр

[правіць | правіць зыходнік]

Колькасць ахвяр Майданка неаднаразова пераглядалася. У першых пасляваенных матэрыялах называліся лічбы, значна большыя за сучасныя ацэнкі. «Беларуская энцыклапедыя» паведамляла пра каля 500 тысяч вязняў і 350 тысяч загінулых, у тым ліку 200 тысяч яўрэяў і 120 тысяч палякаў.[11]

Паводле больш новых даследаванняў Дзяржаўнага музея ў Майданку, у лагер былі дэпартаваны каля 130 тысяч чалавек, з якіх загінулі каля 80 тысяч, у тым ліку каля 60 тысяч яўрэяў.[1][5]

Музей і мемарыял

[правіць | правіць зыходнік]
Помнік змагання і пакутніцтва

У лістападзе 1944 года на тэрыторыі былога лагера быў створаны Дзяржаўны музей у Майданаку. Ён лічыцца найстарэйшым музеем у свеце, арганізаваным на месцы былога нацысцкага канцлагера.[12]

На тэрыторыі захоўваюцца баракі, вартавыя вышкі, агароджы, лазнева-дэзінфекцыйны комплекс, газавыя камеры і крэматорый. У 1969 годзе быў адкрыты манументальны комплекс «Помнік змагання і пакутніцтва», створаны паводле праекта Віктара Толкіна.

  • Майданак // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. 10 000 экз. ISBN 985-11-0035-8. ISBN 985-11-0155-9 (т. 9). — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 1999. — С. 519.
  • Majdanek 1941—1944 / praca zbiorowa pod redakcją Tadeusza Mencela. — Lublin: Wydawnictwo Lubelskie, 1991. — 556 s.
  • Kranz, Tomasz. Ewidencja zgonów i śmiertelność więźniów KL Lublin. — Lublin: Państwowe Muzeum na Majdanku, 2005.
  • Marszałek, Józef. Majdanek: obóz koncentracyjny w Lublinie. — Warszawa: Interpress, 1987.
  • Брыль, Янка. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1985. — 317 с.
  • Карамазаў, Віктар. Проста ўспомніў я цябе…: Публіцыстычная проза, эсэ. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. — 317 с. — ISBN 5-310-00318-3.
  • Авярчук, Афанасій. Пры немцах (1941—1944) // Пакаленне вайны: Штодзённае жыццё беларусаў Беласточчыны ў перыяд вайны і акупацыі (1939—1944) / пад рэд. Віталя Лубы; уступ Яўгена Мірановіча. — Беласток: Праграмная рада тыднёвіка «Ніва», 2003. — 300 с. — ISBN 83-917349-1-9.
  1. 1 2 3 4 5 6 Brief Outline (англ.). Państwowe Muzeum na Majdanku. Праверана 17 ліпеня 2026.
  2. 1 2 3 4 5 6 Lublin/Majdanek Concentration Camp: Administration (англ.). United States Holocaust Memorial Museum. Праверана 17 ліпеня 2026.
  3. 1 2 3 4 5 6 Prisoner Origins (англ.). Państwowe Muzeum na Majdanku. Праверана 17 ліпеня 2026.
  4. 1 2 3 4 5 Lublin/Majdanek Concentration Camp: Conditions (англ.). United States Holocaust Memorial Museum. Праверана 17 ліпеня 2026.
  5. 1 2 3 Extermination (англ.). Państwowe Muzeum na Majdanku. Праверана 17 ліпеня 2026.
  6. Авярчук, Афанасій. Пры немцах (1941—1944) // Пакаленне вайны (бел.) / пад рэдакцыяй Віталя Лубы; уступ Яўгена Мірановіча. — Беласток: Праграмная рада тыднёвіка «Ніва», 2003. — 300 с. ISBN 83-917349-1-9.
  7. Піўзавод Пупко (PDF). Лідскі летапісец.
  8. Брыль, Янка. Вечар і раніца // Апавяданні, мініяцюры, эсэ (бел.). — Мінск: Мастацкая літаратура, 1985. — 317 с.
  9. Шамякін, Іван. Сэрца на далоні . Беларуская палічка. Праверана 17 ліпеня 2026.
  10. Карамазаў, Віктар Філімонавіч. Публіцыстычная проза, эсэ (бел.). — Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. — С. 234. — 317 с. ISBN 5-310-00318-3.
  11. Майданак. Беларуская энцыклапедыя. Vol. 9. Мінск: Беларуская энцыклапедыя. 1999. p. 519.
  12. Plan Your Visit (англ.). Państwowe Muzeum na Majdanku. Праверана 17 ліпеня 2026.