Майсей Гітлін

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Майсей Гітлін
Род дзейнасці місіянер
Дата нараджэння 1896 або 1897
Месца нараджэння Аляксандрава, Кіеўская губерня, Расійская імперыя
Дата смерці 10 студзеня 1969
Месца смерці Кліўлэнд
Жонка Клара

Майсе́й Гі́тлін (англ.: Moses Gitlin; 1897[1], Аляксандрава, Кіеўская губерня, Расійская імперыя — 10 студзеня 1969, Кліўлэнд, Агая, ЗША) — пратэстанцкі місіянер, рэлігійны і грамадскі дзеяч беларускага замежжа ў ЗША.

Біяграфічны нарыс[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 18 ліпеня 1896 года[2] (паводле іншых звестак, у 1897 годзе[1]). Паходзіў з беднай яўрэйскай сям’і, рана страціў бацьку. Пэўны час вучыўся ў хедары, пасля працаваў памочнікам майстра па пашыве галаўных убораў.

У 1912 пасля знаёмства з украінскім баптысцкім пастарам Кірычэнкам Майсей Гітлін прыняў хрысціянства. У 1913 эміграваў у ЗША да старэйшае сястры і пасяліўся ў Нью-Ёрку, дзе неўзабаве прыняў водны хрост. Працаваў па спецыяльнасці, у суботы займаўся місіянерскай працай сярод яўрэяў.

Пасля пераехаў у Філадэльфію, навучаўся ў агульнаадукацыйным універсітэце Тэмпл (1915—1920), потым у Біблейскім інстытуце Вільгельма Фэтлера (Філадэльфія), Біблейскім інстытуце Мудзі (Чыкага). Далучыўшыся да арганізаванага Фэтлерам Таварыства па евангелізацыі яўрэяў у ЗША і Канадзе, у 1921 заняўся місіянерскай дзейнасцю і пераехаў у Польшчу (Здалбунаў).

У 1922 узяў шлюб з Кларай, эмігранткай з СССР.

Да 1939 г. працаваў місіянерам у Польшчы, выкладаў на біблійных курсах, стварыў у мястэчку Радасць (цяпер раён Варшавы) біблійную школу.

Перад пачаткам вайны вярнуўся з сям’ёй у Амерыку, дзе прапаведаваў у славянскіх цэрквах ЕХБ у ЗША і Канадзе, выкладаў у Біблейскім інстытуце ў Таронта. У 1944—1945 арганізоўваў біблейскія школы ў Аргенціне і Канадзе. На працягу трох год у 1950-я быў пачэсным пастарам царквы Бэрвін у Чыкага і выкладаў Слова Божае.

З пачатку 1960-х супрацоўнічаў з беларускім эмігранцкім перыядычным друкам («Бацькаўшчына», «Беларус»), удзельнічаў у працы па перакладзе Бібліі на беларускую мову, быў сябрам Беларускага біблійнага камітэту.

Пахаваны на могілках у Кліўлэндзе.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Меў жонку Клару і прынамсі шэсць дзяцей[1].

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Нацыянальная свядамасць Апостала Паўлы. — [Toronto―Warszawa], 1983. — 12 с.

Зноскі

  1. а б в Moses Gitlin in the 1940 Census (англ.). Ancestry. Праверана 6 лістапада 2012.
  2. Рэлігійныя дзеячы рускага замежжа (руск.)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]