Перайсці да зместу

Макар Валынкін

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Макар Валынкін
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 2000
Месца нараджэння
Грамадзянства
Прафесійная дзейнасць

Макар Валынкін (нар. 2000, Мінск) — беларускі літаратурны блогер і пісьменнік.

Нарадзіўся ў 2000 годзе ў Мінску. Вучыўся ў мінскай школе № 41 з мастацкім ухілам, з дзяцінства займаўся жывапісам і выстаўляўся ў галерэях. Сярод захапленняў — хакей, бег (удзельнік паўмарафонаў) і культура кавы.[1]

Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. У 2017 годзе паехаў на вучобу ў Варшаву, але ў 2018 годзе вярнуўся ў Беларусь. Працаваў у Мінску ў рэкламным бізнесе. У 2019 годзе заняў 3-е месца на чэмпіянаце Coffee Fest Belarus EXPO. У канцы 2019 года прынцыпова вырашыў перайсці на беларускую мову, за паўгода ўдасканаліў яе чытаннем сучаснай літаратуры.[1]

У сакавіку 2022 года эміграваў у Польшчу, жыве ў Варшаве, працуе ў сферы рэкламы і маркетынгу[1].

З вясны 2022 года вядзе відэаблог у Instagram і сацыяльныя сеткі, у тым ліку TikTok, прысвечаныя навінкам беларускага кніжнага рынку і літаратурнай крытыцы, папулярызуе сучасную беларускую літаратуру. У аглядах распавядае пра папяровыя выданні і аўдыякнігі, акцэнтуе ўвагу на візуальных і зместавых складніках сучасных кніг.[1]

Дэбютная кніга «Апошняе пакаленне» выйшла ў 2024 годзе ў выдавецтве «Янушкевіч»[2][3], аповесць пра мінскую моладзь у рэаліях пасля 2020 года, якая спрабуе зразумець, як жыць і што для яе значыць будучыня, падзеі адбываюцца ў 2024 годзе ў Мінску[2][4][5].

Другая кніга — «Ніці» — выдадзена ў кастрычніку 2025 годзе выдавецтвам «Янушкевіч»[6], аповесць, містычны дэтэктыў, дзе традыцыі і мясцовы фальклор пераплятаюцца з сучаснасцю, адзін з цэнтральных матываў твора — абрад «Ніці», пасля якога загадкава знікаюць нябожчыкі[7][8]. Аповесць натхнёна спектаклем «Шэпт» паводле кнігі Сяргея Лескеця[9].

Актыўна выкарыстоўвае прафесійны досвед у маркетынгу для папулярызацыі ўласных твораў[9][2][3]. Макар Валынкін адным з першых у беларускай літаратуры зняў паўнавартасныя відэаролікі да сваіх кніг[2][3]. У трэйлеры да «Апошняга пакалення» зняўся тыктокер Мікіта Бялевіч[2][3], а ў ролі шаптухі ў відэа да кнігі «Ніці» — Народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосцік[6][9]. Мастачка і спявачка Анастасія Рыдлеўская стварыла саўндтрэк «Oj Da Nočy» да аповесці «Ніці»[6][9][7]. Аўтар ладзіць сустрэчы з чытачамі ў розных гарадах[9].

  1. а б в г Свабода, Радыё. «Пагартаць, памацаць і нават панюхаць». Гутарка з аўтарам кніжнага відэаблогу Макарам Валынкіным . Радыё Свабода (20 снежня 2024). Праверана 19 студзеня 2026.
  2. а б в г д Свабода, Радыё. Відэаблогер Макар Валынкін выдаў кнігу пра беларускую моладзь пасьля 2020 году . Радыё Свабода (3 лютага 2025). Праверана 19 студзеня 2026.
  3. а б в г Выйшла кніга пра беларускую моладзь пасля 2020 года . Наша Ніва (3 лютага 2025). Праверана 19 студзеня 2026.
  4. Апошняе пакаленне. Макар | Беларускія кнігі (англ.). Gutenberg Publisher. Праверана 19 студзеня 2026.
  5. Пакуль неяк так: выйшла кніга пра жыццё моладзі Мінска ў 2023-м . Наша Ніва (29 сакавіка 2025). Праверана 19 студзеня 2026.
  6. а б в Буктрэйлер да кнігі Макара «Ніці». budzma.org. Праверана 19 студзеня 2026.
  7. а б Выйшаў гіпнатычны саўндтрэк да новага рамана Макара «Ніці». budzma.org. Праверана 19 студзеня 2026.
  8. Издательство «Янушкевіч» выпустило новую книгу Макара Волынкина «Ніці» (руск.). Наша Ніва (19 кастрычніка 2025). Праверана 19 студзеня 2026.
  9. а б в г д е ё Свабода, Радыё. «Неабходна шукаць, чым прывабіць патэнцыйнага чытача» 25-гадовы пісьменьнік Макар выдаў кнігу пра беларускую вёску . Радыё Свабода (25 кастрычніка 2025). Праверана 19 студзеня 2026.