Макондэ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Макондэ
(Maconde)
1910 г.
Агульная колькасць 2420400 (2022 г.)
Рэгіёны пражывання  Танзанія — 1 268 тыс.
 Мазамбік — 455 тыс.
Мова макондэ
Рэлігія культ продкаў, анімізм, іслам
Блізкія этнічныя групы маквэ, макуа, яа

Макондэ (саманазва Maconde) — усходнеафрыканскі народ, карэнныя жыхары памежных тэрыторый на паўднёвым усходзе Танзаніі і поўначы Мазамбіка. Жывуць таксама ў Кеніі і іншых краінах. Агульная колькасць (2022 г.) — 2 420 400 чалавек[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Да XVIII — пачатку XIX ст. макондэ насялялі плато Муэда на тэрыторыі сучаснага Мазамбіка. Перасяленне на ўзбярэжжа Індыйскага акіяна і даліны рэк суправаджалася ўсталяваннем кантактаў з суахілі і барацьбой з нгоні.

Сталыя кантакты з еўрапейцамі пачаліся толькі ў пачатку XX ст. Макондэ разам з іншымі ўсходнеафрыканскімі народамі ўдзельнічалі ў барацьбе з германскімі і брытанскімі каланіяльнымі ўладамі. Падчас I сусветнай вайны сярод макондэ адбыўся голад і эпідэміі, якія вымусілі асобныя групы перамяшчацца далей уздоўж узбярэжжа, адна з іх мігрыравала на поўдзень Кеніі.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Асноўныя заняткі макондэ — сельская гаспадарка, рамяство, на тэрыторыі Мазамбіка важную ролю маюць рыбалоўства і паляванне. Земляробства лічыцца заняткам пераважна жанчын. Макондэ звычайна маюць некалькі палеткаў, на якіх чаргуць пасадкі культур, адзін з палеткаў застаецца пад пар. Такая сістэма ўкаранілася толькі ў сярэдзіне XX ст. пад уплывам еўрапейцаў. Важныя сельскагаспадарчыя культуры — арахіс, бавоўнік, кукуруза і інш. У наш час развіта адыходніцтва, калі мужчыны шукаюць працу на прамысловых прадпрыемствах у гарадах.

Сем’і фарміруюцца па матрылінейнаму прынцыпу, адлік сваяцтва вядзецца па жаночай лініі. Пасля жаніцьбы мужчына перасяляецца ў дом жонкі. Распаўсюджана палігінія. Жанатыя на некалькіх жонках мужчыны звычайна жывуць у гаспадарцы кожнай па чарзе. У выпадку адыходніцтва заводзяць часовую сям’ю ў горадзе. Сем’і фарміруюць сваяцкія супольнасці літава на чале з правадыром мвеньекаэ. Акрамя таго, існуюць буйныя тэрытарыяльныя супольнасці чырамба на чале з правадыром мкулунгва.

Макондэ знакаміты як выдатныя разьбяры па дрэве і кавалі. Рытуальны характар маюць мужчынскія танцы мдзіму і мапіка.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Мова макондэ належыць да групы банту. Вылучаецца некалькі дыялектаў. На поўначы Мазамбіка мова макондэ выкарыстоўваецца як рэгіянальная.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйныя рэлігійныя рытуалы накіраваны на шанаванне продкаў. Распаўсюджана вера ў шматлікіх духаў. Большасць вернікаў макондэ спавядаюць іслам.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]