Макс Верстапен

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Макс Верстапен (нідэрл.: Max Verstappen; нарадзіўся 30 верасня 1997, Хаселт, Бельгія) — нідэрландскі аўтагоншчык. Пілот каманды «Red Bull Racing» Формулы-1, пераможца гонкі Формула-3 Мастарс 2014 года.

Персанальныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Макс — з аўтаспартыўнай сям'і: яго бацька Ёс з 1994 па 2003 год выступаў у Формуле-1, маці Сафі Кюмпен брала ўдзел у турнірах па картынгу ў юнацкім узросце, а дзядзька Энтані і дзед Пол спаборнічалі ў гонках GT[1].

Хоць маці Верстапена бельгійка, і сам ён нарадзіўся і вырас у Бельгіі, Макс прызнаецца, што больш пачуваецца галандцам, таму выступае пад нідэрландскай ліцэнзіяй[2].

Кар'ера[правіць | правіць зыходнік]

Картынг[правіць | правіць зыходнік]

Верстапен пачаў займацца картынгам у чатыры з паловай гады[3]. Ужо ў 2005 годзе ён стаў срэбным прызёрам у Limburgs Kart Championship у класе Mini Junior, а ў наступным годзе перайшоў у Minimax, у якім стаў чэмпіёнам у шэрагу серый: Rotax Max Challenge Belgium (2006, 2007, 2008), Dutch championship Rotax Max, Rotax Max Challenge Belgium National (2007), BNL Kartins Series (2008), VAS Championship (2009); таксама ў 2008 годзе выйграў Belgian Championship у класе Cadet, а ў 2009 — у класе KF5[4].

У 2010 годзе Макс перайшоў у клас KF3, дзе стаў чэмпіёнам у Bridgestone Cup Europe, WSK Nations Cup і WSK World Series, у 2010 і 2011 — WSK Euro Series. Далей выступаў у KF2, дзе ў 2012 годзе выйграў WSK Master Series, 17° Winter Cup, а ў 2013 — South Garda Winter Cup. Таксама ў 2013 — апошнім сезоне выступаў у картынгу — стаў чэмпіёнам WSK Master Series у класе KZ2, WSK Euro Series у класе KZ1, CIK-FIA World Championship і CIK-FIA European Championship у класе KZ і CIK-FIA European Championship у класе KF0.[4].

Макс у Чэмпіянаце Еўропы Ф-3 у 2014 годзе

Формула-3[правіць | правіць зыходнік]

У 2014 годзе Верстапен дэбютаваў у серыі з адкрытымі коламі, узяўшы ўдзел у Чэмпіянаце Еўропы Формулы-3 у складзе каманды «Van Amersfoort Racing». За 33 гонкі ён 16 разоў пабываў на подыуме: заняў першае месца ў трэцяй гонцы першага этапу на Хакенхаймрынгу, ва ўсіх гонках на Спа-Франкаршаме і Норысрынгу, у першай гонцы на Нюрбургрынгу, у трэцяй гонцы на трасе Імола і ў першай гонцы другога этапу на Хакенхаймрынгу; усяго набраў 411 ачкоў і стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату[4].

Таксама ў 2014 годзе Макс браў удзел у двух штогадовых спаборніцтвах Формулы-3: Гран-пры Макаа і Формула-3 Мастарс. У Гран-пры Макаа (у камандзе «Van Amersfoort Racing») ён паказаў лепшы круг гонкі і заняў сёмае месца, а ў гонцы Формулы-3 Мастарс (у камандзе «Motopark»), якая насіла сёлета назву Zandvoort Masters[5], узяўшы поўл і паказаўшы лепшы круг, стаў першым[4].

Макс у Формуле-1 у 2015 годзе

Формула-1[правіць | правіць зыходнік]

У ліпені 2014 года з'явілася паведамленне пра тое, што да Макса сталі выяўляць цікавасць каманды Формулы-1 — «Ферары», «Мак-Ларэн» і «Рэд Бул»[6], а ўжо ў жніўні было афіцыйна абвешчана пра яго ўлучэнне ў склад моладзевай праграмы «Рэд Бул» па запрашэнні Хельмута Марка[7], пасля чаго ён стаў тэст-пілотам у «Тора Роса». Верстапен узяў удзел у вольнай практыцы Гран-пры Японіі 2014 года, тым самым стаўшы наймалодшым пілотам, які прыняў удзел у этапе Формулы-1[8].

Пазней у жніўні 2014 года каманда «Тора Роса» заявіла пра падпісанне кантракта з Максам, па якім ён стаў яе баявым пілотам у сезоне 2015 года[9]. Верстапен дэбютаваў у 17 гадоў, у выніку чаго ўсталяваў новы рэкорд — стаў наймалодшым пілотам у гісторыі Формулы-1[10]. У чатырох гонках сезона ён сышоў, а за 15 астатніх дзевяць разоў фінішаваў у ачковай зоне, усяго набраў 49 ачкоў і заняў 12-е месца ў асабістым заліку[4].

Больш, чым палову сезона, Верстапен выступаў у Формуле-1, яшчэ не маючы вадзіцельскіх правоў. Ён атрымаў іх толькі ў дзень свайго паўналецця — 30 верасня 2015 года[11].

2016 год Макс прачаў у складзе «Scuderia Toro Rosso»[4], але пачынаючы з пятага этапу Чэмпіянату Формулы-1 2016 года Гран-пры Іспаніі Макс выступае за каманду «Red Bull Racing», дзе замяніў Данііла Квята.

Зноскі

  1. Кто такой Макс Ферстаппен. 10 фактов о самом перспективном гонщике мира (руск.) . sports.ru. Праверана 4 апреля 2016.
  2. Geen rijbewijs, wel in de F1. Het Nieuwsblad. Праверана 5 красавіка 2016.
  3. About Max Verstappen (англ.) . Scuderia Toro Rosso. Праверана 4 красавіка 2016.
  4. 4,0 4,1 4,2 4,3 4,4 4,5 Max Verstappen | Racing career profile | Driver Database. www.driverdb.com. Праверана 4 красавіка 2016.
  5. Zandvoort Masters 2014 standings | Driver Database. www.driverdb.com. Праверана 4 красавіка 2016.
  6. Топ-команды Ф-1 проявляют интерес к Максу Ферстаппену. www.championat.com. Праверана 4 красавіка 2016.
  7. Max Verstappen per direct opgenomen in opleiding Red Bull (гал.) . www.nu.nl. Праверана 4 красавіка 2016.
  8. Max Verstappen: Teenager to drive in practice at Japanese Grand Prix. BBC Sport. Праверана 4 красавіка 2016.
  9. «Торо Россо» объявило о подписании контракта с 16-летним Ферстаппеном на 2015-й. www.championat.com. Праверана 4 красавіка 2016.
  10. Макс Ферстаппен установит новый рекорд. www.f1news.ru. Праверана 4 красавіка 2016.
  11. Road legal at last! Verstappen passes driving test on 18th birthday. Formula 1 - The Official F1 Website. Праверана 5 красавіка 2016.