Шызая аднагадовая расліна вышынёй 80—150 см, з млечным сокам, стрыжнёвым коранем і прамастойным слабагалінастым сцяблом. Лісце падоўжана-яйцападобнае, надрэзана-лопасцевае, з хвалістымі востра- і няроўназубчастымі краямі; верхняе сядзячае, сцяблоабдымнае, з сэрцападобнай асновай, ніжняе кароткачаранковае, у разетцы. Кветкі буйныя, адзіночныя (да 20 на адной расліне), рознага колеру (белы, ружовы, светла-фіялетавы, пурпуровы або ярка-чырвоны), простыя, іншы раз махрыстыя, з доўгімі (4—6 см) пялёсткамі, часта з цёмна-фіялетавай, цёмна-чырвонай або светлай плямай каля іх асновы. Каробачка голая, шырокаяйцападобная або акруглая, з 7—15-прамянёвым рыльцам. У насенні 40—55% тлустага алею. Млечны сок ядавіты, багаты алкалоідамі.
Радзіма — Міжземнамор’е. Культывуецца як каштоўная лекавая (медыцынская сыравіна для атрымання опію), дзеля насення (атрымліваюць алей і гатуюць розныя кулінарныя вырабы) і дэкаратыўная (мае шматлікія прыгожыя сарты) расліна. На Беларусі сустракаецца ў агародах, каля жылля, як пустазелле на палях, засмечаных месцах; цвіце ў чэрвені—ліпені.
З 31.12.2016 года на тэрыторыі Беларусі расліна занесеная ў чорны спіс і забаронена да інтрадукцыі і (або) акліматызацыі[5].
Пашына Г. В. Мак // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 3. Катэнарыя — Недайка/Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1984.—588 с., іл.— 10 000 экз.