Малайзія
Малайзія (малайск.: Malaysia [məlejsiə]; англ.: [məˈleɪʒə] або [məˈleɪsiə]) — дзяржава ў Паўднёва-Усходняй Азіі, на поўдні паўвострава Малака і ў паўночнай частцы вострава Барнеа. Клімат — экватарыяльны, гарачы і вільготны. Агульная плошча — 330,8 тыс. км². Сталіца — Куала-Лумпур (1,5 млн чал.). Адміністрацыйны цэнтр краіны, куды з 2003 перанесеныя ўрадавыя ўстановы, — Путраджая. Нацыянальны дзень 31 жніўня. Дзяржаўная мова малайская. Мусульмане складаюць большасць насельніцтва — каля 60 %. Адміністрацыйны падзел: 13 штатаў і тры федэральныя тэрыторыі.
Дзяржаўны лад
[правіць | правіць зыходнік]Федэратыўная канстытуцыйная манархія падобная да Вестмінстэрскай сістэмы. Манарх выбіраецца па выніках тайнага галасавання Савета кіраўнікоў, у які ўваходзяць спадчынныя султаны дзевяці з 13 штатаў краіны. Кіраўнік Малайзіі займае трон пяць гадоў без права перавыбрання на другі тэрмін запар. 30 ліпеня 2019 года ў Малайзіі прайшла каранацыя вярхоўнага кіраўніка краіны Абдулы Рыяятудзіна Аль-Мустафы Білаха. Ён прысягнуў у якасці манарха Малайзіі 31 студзеня, змяніўшы караля Мухамада V, які адрокся ад трона[6].
Заканадаўчая ўлада прадстаўленая двухпалатным Парламентам. Верхняя палата — Сенат. Ніжняя, Палата Прадстаўнікоў, фармуецца на тэрмін 5 гадоў па выніках усеагульных прамых выбараў.
Выканаўчую ўладу здзяйсняе Кабінет на чале з Прэм’ер-міністрам.
У Малайзіі дзейнічаюць каля 40 буйных палітычных партый. Дамінуючыя пазіцыі ва ўнутрыпалітычным жыцці займае кааліцыя Нацыянальны фронт (13 партый). Вядучая роля ў ёй належыць найбуйнейшай, фактычна кіруючай партыі — Аб’яднанай малайскай нацыянальнай арганізацыі (АМНА). Найболей уплывовая апазіцыйная партыя Панмалайзійская ісламская партыя (ПАС).
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Пераважаюць узгоркі і невысокія горы. Найбольшыя вышыні на востраве Калімантан — гара Кінабалу (4101 м), на паўвостраве Малака — гара Тахан (2190 м). Уздоўж узбярэжжаў — забалочаныя нізіны і раўніны. Карысныя выкапні: алавяныя руды (2-3-е месца ў свеце па запасах), нафта, прыродны газ, вальфравыя, алюмініевыя, жалезныя, тантала-необіевыя, медныя руды; ёсць невялікія радовішчы бурага вугалю, марганцавых і тытанавых руд, золата, ртуці, сурмы і інш.
Клімат экватарыяльны (на поўдні паўвострава Малака і на востраве Калімантан) і субэкватарыяльны, мусонны (на поўначы). На нізінах і раўнінах сярэдня месячныя тэмпературы 26-28 °C. У прыбярэжных раёнах выпадае 1500—2000 мм ападкаў за год, у гарах — да 4000-5000 мм. Рачная сетка густая, рэкі мнагаводная. На большай частцы краіны вечназялёныя экватарыяльныя лясы — бамбук, пальмы, панданусы і інш.; на ўзбярэжжах — мангравыя зараснікі. Пад лесам і хмызнякамі 68 % тэрыторыі краіны. У складзе жывёльнага свету: малпы (гібоны, макакі), паўмалпы (лемуры), малайскі мядзведзь, тыгр, тапір, пантэра і інш. Нацыянальныя паркі: Таман-Негара, Кінабалу, Бака, Тэмплер-парк і інш.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]
Насельніцтва 26,6 млн чал., з іх 65 % малайцы і роднасныя ім этнасы, 26 % — кітайцы, 8 % — індыйцы і іншыя выхадцы з Паўднёвай Азіі, 1-2 % — еўрапейцы і інш.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Па асноўных эканамічных паказчыках Малайзія ўваходзіць у лік новых індустрыяльных краін. У 2007 годзе рост ВУП склаў 6 % (у 2006 — 5,9 %).
Найбуйнейшым сектарам эканомікі з’яўляецца сфера паслуг 50 % ВУП. У 2007 Малайзію наведалі больш 20,7 млн турыстаў. Найболей дынамічна развіваецца апрацоўчая прамысловасць, якая складае 30 % ВУП. Галоўны яе сектар — выпуск арыентаванай на экспарт электроннай і электратэхнічнай прадукцыі. На здабываючую прамысловасць (нафта, газ, волава і інш.) прыходзіцца 7 % ВУП. Удзельная вага сельскай гаспадаркі 8 % ВУП (звыш 50 % сусветнай вытворчасці пальмавага алею, 3-е месца ў свеце па вытворчасці натуральнага каўчука).
Краіна ў ліку асноўных сусветных вытворцаў інтэгральных схем, кандыцыянераў, радыё- і тэлевізійнай апаратуры. Малайзія мае ўласнае аўтамабілебудаванне (тры нацыянальных аўтамабільных прадпрыемствы — «Пратон», «Перадуа», «Хайком»).
Знешнегандлёвае абарачэнне Малайзіі, якая ўваходзіць у першую дваццатку дзяржаў свету па гэтым паказчыку, у 2007 склала 324,2 млрд дол. ЗША (у 2006—285,3 млрд дол.). Экспарт у асноўным прадстаўлены гатовымі вырабамі — электроніка і электратэхніка, а таксама прадукцыя хімічнай прамысловасці. У імпарце галоўнымі артыкуламі з’яўляюцца тавары прамежкавага спажывання (кампаненты і паўфабрыкаты для вытворчасці гатовых вырабаў). Асноўныя гандлёвыя партнёры ЗША, Сінгапур, Японія і Кітай. Аб’ём прамых замежных інвестыцый у 2007 склаў больш 6 млрд.дол. Найбуйнейшымі інвестарамі застаюцца Японія і ЗША.
Прыбытак на душу насельніцтва дасягнуў $6,4 тыс. Узровень інфляцыі ў 2007 — 4 %, беспрацоўя — 3,3 %. З 2005 уведзены плаваючы курс нацыянальнай валюты, які ў сярэднім складае 3,5 рынггіта за 1 дол. ЗША. Знешні доўг — 50,3 млрд дол. ЗША.
Узброеныя сілы
[правіць | правіць зыходнік]Узброеныя сілы налічваюць 111,5 тыс. чал.: сухапутныя войскі 85 тыс.чал., ВМС 14 тыс.чал., ВПС 12,5 тыс.чал. Колькасць паліцыі каля 95 тыс.чал.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Малайзія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Малайзія- Партал урада Малайзіі Архівавана 27 жніўня 2008.