Маластранскія маставыя вежы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Маластранскія вежы

Маластранскія маставыя вежы — дзве вежы на заходнім, маластранскім канцы Карлава моста, якія адрозніваюцца адна ад адной як па вышыні, так і па архітэктурных асаблівасцях. Яны злучаны магутнай падвойнай аркай у адзінае цэлае, і апраўляюць праход з Карлава моста на Малу Страну. Тут жа пачынаецца вуліца Мостэцка.

Нізкая вежа[правіць | правіць зыходнік]

Нізкая вежа завецца Юдыцінай вежай, з прычыны таго, што калісьці яна была часткай Юдыціна моста, што стаяў на месцы цяперашняга, Карлава. Пабудавана ў раманскім стылі ў другой палове XII стагоддзя. Прыблізна ў 1591 годзе вежа была перабудавана ў духу рэнесансу. Зубцы замянілі шчытамі, фасад быў упрыгожаны сграфіта, прабіты вокны.

У канцы 19 стагоддзя на фасадзе выявілі замураваную нішу. У ёй знаходзіўся манументальны рэльеф. На ім фігура маладога мужчыны, які стаіць на каленах, штосьці бярэ ці наадварот — падае фігуры на троне. Сэнс сцэны і асобы фігур не вядомыя, але, тым не менш, відавочна, што гэта чэшская скульптура раманскай эпохі, з рысамі французскай манументальнай пластыкі.

Высокая вежа[правіць | правіць зыходнік]

Высокая вежа

Высокая вежа, гатычная, стаіць прыблізна на месцы старой, другой раманскай вежы. Яе падмурак меркавана быў пастаўлены яшчэ ў часы Парлера, напачатку XV стагоддзя. Аднак пабудавана яна была пазней — у 1464 годзе, пры каралі Іржы з Падэбрадаў, з-за гусіцкіх войнаў. Вежа падобная на Старамесцкую маставую вежу  (чэшск.), аднак яна прасцейшая, у яе няма столькі скульптурных упрыгажэнняў, складанай сімволікі ў пластычным дэкоры. Сённяшні выгляд вежа набыла пасля рэканструкцыі архітэктара Ёзафа Мокера ў 1879-83 гадах.

Партал[правіць | правіць зыходнік]

Партал

Гатычны партал быў пабудаваны хутчэй за ўсё ў часы Вацлава IV. Ён складаецца з дзвюх гатычных арак, і калісьці зачыняўся дубовымі варотамі і жалезнай рашоткай. З боку моста за вежавымі зубцамі ёсць праход, які злучае абедзве вежы. На зубцах выразаны гербы з імперскай арліцай і чэшскім ільвом, а таксам герб Верхніх Лужыц. Пад імі гербы Старога Места і Малай Страны.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • VLČEK, Pavel, a kol. Umělecké památky Prahy. Malá Strana. Praha : Academia, 1999. 686 s. ISBN 80-200-0771-7.
  • RUTH, František. Kronika královské Prahy a obcí sousedních. II. díl. Praha : Nakladatelství Lidových novin, 1995. ISBN 80-7106-132-8.