Даўжыня ад 0,5 мм да 3 м. Цела цыліндрычнае, злёгку сплошчанае або чатырохграннае, складаецца з 5 — 600 членікаў (сегментаў), на кожным з іх (акрамя ротавага) 4 пучкі шчацінак рознай формы.
Кормяцца пераважна расліннымі рэшткамі, ёсць драпежнікі і эктапаразіты.
Пераважна гермафрадыты, некаторым уласціва бясполае і вегетацыйнае размнажэнне. Яйцы развіваюцца ў кокане. Развіццё прамое. Здольныя да рэгенерацыі.
Удзельнічаюць у мулаўтварэнні і мінералізацыі асадкаў у прэсных вадаёмах, уплываюць на структуру глеб, садзейнічаюць самаачышчэнню вадаёмаў. Некаторыя — прамежкавыя і рэзервуарныя гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў дзікіх і свойскіх жывёл. Корм для рыб, птушак, землярыек, кратоў і інш.