Перайсці да зместу

Малдэн

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Малдэн
англ. Malden
Выгляд з космасу
Выгляд з космасу
Характарыстыкі
Плошча39,3 км²
Найвышэйшы пункт10 м
Насельніцтва0 чал.
Размяшчэнне
4°00′54″ пд. ш. 154°55′45″ з. д.HGЯO
АрхіпелагАстравы Лайн
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Малдэн (Ціхі акіян)
Малдэн
Малдэн
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Малдэн (англ.: Malden) — каралавы востраў у Цэнтральнай групе астравоў Лайн. Уваходзіць у склад дзяржавы Кірыбаці. Плошча - 39,3 км². Ненаселены.

Малдэнскія руіны

У cтаражытнасці Малдэн быў населены палінезійцамі, ад якіх захаваліся рэшткі збудаванняў і стадолаў. Каменныя разваліны знаходзяцца ўздоўж пляжа на паўночным і паўднёвым берагах. Мяркуецца, што насельніцтва вострава магло дасягаць больш за 100 чал. Але да XIX ст. палінезійцы пакінулі востраў.

Ён зноў быў адкрыты 30 ліпеня 1825 г. экіпажам брытанскага судна "Блонд", якім камандаваў стрыечны брат Джорджа Байрана. "Блонд" вёз у Ганалулу цела Караля Гаваяў, які памёр пад час эпідэміі ў Вялікабрытаніі. Аднак судна спынілася каля вострава, і ён быў дэталёва абследаваны. Назва была дадзена ў гонар лейтэнанта Ч. Р. Малдэна, які першы заўважыў сушу.

У 1856 г. ЗША абвясцілі востраў сваёй тэрыторыяй. Планавалася, што амерыканскія грамадзяне пачнуць здабываць на ім гуана. У 1870 г. здабычу пачала аўстралійская кампанія, якая карысталася брытанскай ліцэнзіяй. Здабыча працягвалася да 1927 г. пакуль запасы каштоўнага ўгнаення не былі цалкам вычарпаны. Пры гэтым значна пацярпела мясцовая далікатная прырода. Ірландская пісьменніца Беатрыс Грымшау (1870 - 1953 гг.), якая наведвала Малдэн пад час працы здабытчыкаў, з гневам паведамляла, што ён пераўтвораны ў пустыню. Рабочыя працавалі 12 гадзін у дзень і атрымоўвалі 10 шылінгаў у тыдзень. Сілкаваліся пераважна кансервамі. Здабытчыкі гуана пабудавалі вузкакалейную чыгунку, якая захавалася да нашых дзён.

У 1956 г. брытанскія ваенныя збудавалі на востраве аэрадром. У 1957 г. на паўднёвым узбярэжжы адбыліся выпрабаванні вадароднай бомбы.

У 1972 г. Малдэн быў далучаны да брытанскай калоніі Астравы Гілберта і Эліс. У 1979 г. стаў часткай Кірыбаці. У тым жа годзе ЗША адмовіліся ад прэтэнзій на востраў.

Узбярэжжа

Малдэн мае каралавае паходжанне. Уяўляе сабою замкнёны атол у форме трохкутніку з лагунай у цэнтры. Найвышэйшая кропка дасягае 10 м. Уздоўж узбярэжжа цягнецца шэры пясчаны пляж. Паверхневых крыніц пітной вады няма. Маецца гіпсавае радовішча.

Клімат экватарыяльны засушлівы. Сярэднегадавая колькасць ападкаў - 726 мм. Тэмпературны рэжым на працягу году застаецца стабільным і трымаецца каля 27 - 29 °C.

Здабыча гуана, выпрабаванні ядзернай зброі і сталыя засухі прывялі да значнага разбурэння першароднай прыроды. Захавалася невялікая колькасць пальмаў, пасаджаных яшчэ здабытчыкамі гуана, але большую частку паверхні займаюць пясок, вапняковыя агаленні, чэзлая трава, нізкія хмызняк і лаза.

Фаўна прадстаўлена марскімі птушкамі, яшчаркамі, казуркамі, крабамі, чарапахамі і выпадкова завезенымі грызунамі.

З 1975 г. Малдэн з'яўляецца марскім запаведнікам, аднак адкрыты для наведвання турыстамі.