Перайсці да зместу

Малы пінгвін

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Малы пінгвін
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Eudyptula minor J. R. Forster, 1781

Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  174460
NCBI  37083
FW  143760

Малы пінгвін[1] (Eudyptula minor) — від птушак з сямейства пінгвінавых (Spheniscidae), адзіны ў родзе малых пінгвінаў (Eudyptula). Самы дробны від з усіх пінгвінаў, якія жывуць на планеце: у розных падвідаў памеры адрозніваюцца, сярэдні рост — 33 см, даўжыня — 43 см.

Даўжыня цела малога пінгвіна вагаецца ў дыяпазоне ад 30 да 40 см, а сярэдняя маса — 1,5 кг. У малых пінгвінаў сіняя галава, верх спіны і крылы. Задняя частка цёмная, амаль чорная, а грудзі і верх лап — светла-шэрыя або белыя. Дзюба цёмна-шэрая, 3-4 см даўжынёй. Радужка вачэй серабрыста- або сінявата-шэрая або светла-карычневая. Лапы зверху светла-ружовыя, з чорнымі падэшвамі, плавальнай перапонкай і кіпцюрамі. Маладыя птушкі маюць больш кароткую дзюбу і афарбаваны святлей.

Арэал малых пінгвінаў — узбярэжжа Новай Зеландыі (астравы Чатэм уключна) і паўднёвай частцы Аўстраліі. Аўстралійскія калоніі малых пінгвінаў існуюць у штатах Вікторыя, Заходняя Аўстралія, Новы Паўднёвы Уэльс, Тасманія, Паўднёвая Аўстралія, на тэрыторыі Джэрвіс-Бэй і на прыбярэжных астравах. На невялікім востраве Бэйбел (штат Тасманія) жывуць прыкладна 20 000 пар, каля 2 % сусветнай папуляцыі. Ёсць звесткі аб магчымых сустрэчах у Чылі. Сусветная папуляцыя малых пінгвінаў ацэньваецца прыблізна ў 1 мільён пар.

На беразе малыя пінгвіны селяцца ў расколінах на схілах. Жывуць яны парамі, якія доўга захоўваюць вернасць адзін аднаму, часам і на ўсё жыццё. Аднак палююць самец і самка звычайна паасобку. На аўстралійскім востраве Філіп-Айлэнд, за 150 км ад Мельбурна яны аблюбавалі шчыльны пясчаны схіл, які зарос невялікім хмызняком, у якім рыюць норы на адлегласці 200—500 метраў ад берага. На гэтым востраве збудаваны спецыяльныя трыбуны і насцілы, прыўзнятыя на 1-1,5 м над зямлёй, якія дазваляюць назіраць так званы «парад пінгвінаў» — Phillip Island Penguin Parade, калі яны пасля заходу сонца выходзяць з мора, фармуюць групы па 10-40 штук і вельмі хутка «маршыруюць» уверх па і параўнальна меладычна перакрыкваючыся адзін з адным і са сваімі птушанятамі. Яйцы (іх звычайна два) самец і самка выседжваюць па чарзе па некалькі дзён. Птушанят кормяць, адрыгаючы паўперавараную рыбу.

  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12). арт."Пінгвіны"