Перайсці да зместу

Мальбек

Неправераная
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мальбек
фр.: Malbec
Колер чорны і black berry skin[d]
Паходжанне
VIVC 2889
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Мальбек (ісп.: Malbec), або Кот (фр.: Côt) — тэхнічны (вінны) сорт вінаграду, які выкарыстоўваецца для вытворчасці чырвоных, ружовых, белых, дэсертных і істых[1] вінаў. Агульная плошча вінаграднікаў у свеце складае каля 61000 га, з іх каля 40000 га — у Аргенціне (дзе гэты сорт з’яўляецца флагманскім).

На пачатку XX стагоддзя ўваходзіў у лік найбольш актыўна вырошчваемых сартоў на паўднёвым захадзе Францыі, уключаючы Бардо. Пасля эпідэміі філаксеры і шэрагу гадоў з халоднымі зімамі (у прыватнасці зімы 1956 года, калі загінула больш за 75 % усіх пасадак у Францыі), папулярнасць яго ў Еўропе моцна знізілася.

Акрамя Аргенціны, мальбек працягвае культывавацца ў французскім апеласьёне Каор, дзе дае больш танінныя, цярпкія віны. Невялікія вінаграднікі захоўваюцца ў Бардо, Гасконі і даліне Луары. Растуць пасадкі мальбека ў ЗША і шэрагу іншых краін. Штогод 17 красавіка адзначаецца Сусветны дзень мальбека.

Кот адносіцца да экалага-геаграфічнай групы заходнееўрапейскіх сартоў вінаграду. Згодна з даследаваннямі ДНК, праведзенымі групай французскіх спецыялістаў пад кіраўніцтвам Жана-Мішэля Бурсіко, з’яўляецца вынікам скрыжавання сорта Прунеляр (фр.) і безыменнай лазы, выяўленай у 1992 годзе ў Брэтані, у пасёлку Сен-Сюльяк[2]. Гэтая лаза, ахрышчаная Чорнай Магдаленай Шаранты (фр.), таксама з’яўляецца прарадзіцелькай папулярнага ва ўсім свеце сорта мерло.

Сямейства сартоў, да якога належыць кот (так званыя Cotoïdes (фр.)), вельмі шырокае і, акрамя прунеляра, верагодна, уключае танат. Ампелограф Гі Лавіньяк лічыць дадзеныя сарты спрадвечнымі для Аквітаніі, дзе яны маглі культывавацца з антычнасці[3]. Магчыма, найстаражытным з групы з’яўляецца сорт негрэт (фр.).

Характарыстыка

[правіць | правіць зыходнік]

Лісце сярэдняе, слабаваронкападобнае або амаль плоскае з загнутымі данізу краямі. Чарэшкавая выемка шырока адкрытая, скляпеністая або лірападобная. Кветка двухполая. Гронкі дробныя або сярэднія, друзлыя, радзей сярэднешчыльныя. Ягады сярэднія, акруглыя, цёмна-сінія, амаль чорныя, пакрытыя густым васковым налётам. Скура сярэдняй таўшчыні.

Ураджайнасць нестабільная (з-за схільнасці да асыпання кветак) — 40—160 цэнтнераў з гектара. Устойлівасць да несапраўднай мучністай расы (грыбковай хваробы), да шэрай гнілі і антракнозу слабая, да оидиуму — сярэдняя. Сорт слаба паражаецца грознавай лістакруткай. Неўстойлівы супраць зімовых маразоў, позніх вясновых замаразкаў.

Даследаванні вінаў з сорту Мальбек розных гадоў ураджаю паказалі высокую адчувальнасць сорту да асаблівасцей месца вырошчвання і года ўраджаю[4].

Віны з мальбека

[правіць | правіць зыходнік]
Віны з мальбека вылучаюцца густым колерам

Мальбек, як правіла, дае паўнацелыя віны з сярэднім ці высокім узроўнем танінаў, што забяспечвае для некаторых вінаў патэнцыял да працяглай вытрымкі. Такія віны маюць аромат цёмных ягад (ажына, чарэшня, буякі, чырвоная сліва), часам сухафруктаў (чарнасліў), часта пранымі адценнямі (гваздзік, духмяны перац), а лепшыя віны выйграюць ад вытрымкі ў дубовых бочках, набываючы акруглую структуру і дадатковыя водары, такія як тоны тытуню, ванілі, шакаладу, какава-бабоў і кандытарскіх прыпраў.

У вінах рэгіёнаў Новага Свету водар больш інтэнсіўны, фруктовы, таніны шчыльныя, але аксаміцістыя. Дзякуючы больш высокай спеласці і канцэнтрацыі, віны маюць больш высокі ўзровень утрымання алкаголю, але і кіслотнасць вінаў адносна ніжэйшая.

У вінаў Каора кіслотнасць адчувальна вышэйшая. Французскі мальбек больш пікантны, церпкі, з выразнымі танінамі і не такой яркай фруктовасцю. У кагорскіх вінаў цямнейшы колер і, як правіла, ніжэйшае ўтрыманне алкаголю. Для гарманізацыі кагорскіх вінаў рэкамендуецца іх працяглая вытрымка — лепшыя віны па рэйтынгах сусветных крытыкаў (ад вінакурняў Châteaux du Cèdre, Château Lagrezette і Clos Triguedina) маюць вытрымку ад 12 да 24 месяцаў у дубовых бочках[5].

Дакладны час з’яўлення сорту на вінаградніках Францыі не вядомы, хоць згадкі пад сучаснай назвай сустракаюцца ўжо з XVI стагоддзя. Найбольш распаўсюджаны мальбек (кот) на паўднёвым захадзе краіны, у ваколіцах невялікага горада Кагор (Каор). Па стане на 2020 год мальбек займае амаль 80 % плошчы дадзенага апелясьёна (5078 га); астатнюю плошчу дзеляць паміж сабой мерло і танат[6]. Пры «старым парадку» «чорнымі вінамі» з Каора паляпшалі колер і якасць вінаў блізкага да марскога ўзбярэжжа і, адпаведна, больш прахалоднага рэгіёна Борда. Гэта прывяло да высадак кота і ў самім Борда, які пасля Паўднёвага Захаду стаў другім рэгіёнам распаўсюджвання сорту. У адрозненне ад Борда, Паўднёвы Захад Францыі перыядычна перажываў (пачынаючы з XIII стагоддзя) крызісы вінаробства, што спарадзіла праблемы з якасцю прадукцыі і прывяло да таго, што мясцовыя віны прайгралі канкурэнцыю за спажыўца кларэтам з Борда[7].

У даліне Луары мальбек (кот) уключаецца ў купажы з сартамі кабернэ-фран і гамэ. Мальбек таксама вядомы пад імем Кот у даліне Луары, Оксеруа на Паўднёвым захадзе Францыі, Медок Нуар, Тынтурын, Нуар дэ Прэсак або Керсі. Пачынаючы з 1971 года, калі па ініцыятыве Жан-Люка Бальдэса з’явіўся апелясьён Cahors, мальбек паступова вяртае да сябе інтарэс французаў — як вінаробаў, так і спажыўцоў. Паспяховы вопыт вырошчвання сорту ў Аргенціне дадаткова ўзмацніў гэты трэнд: на працягу 2019—2020 гадоў у Францыі было высаджана больш за 300 га мальбека[6].

Мальбек у Аргенціну ў 1852 годзе завёз Мішэль А. Пужэ, французскі аграном і інжынер. У рамках праекта адаптацыі французскіх лоз да мясцовых умоў (якому спрыяў прэзідэнт Дамінга Фаўсціна Сарм’ента) мальбек быў 17 красавіка 1853 года адобраны ўладамі рэгіёна Мендоса пры падтрымцы губернатара Педра Паскуаля Сегуры. Адпаведна, менавіта 17 красавіка адзначаецца дзень мальбека[8].

У 1863 годзе нашэсце філаксеры знішчыла велізарную колькасць вінаграднікаў у Францыі, што прывяло да некалькіх хваль эміграцыі збяднелых вінаробаў з Францыі ў іншыя краіны. Пабудова ў 1882 годзе чыгункі ад Буэнас-Айрэса да Мендосы, асноўнага на той момант вінаробнага рэгіёна Аргенціны, прывяла да рэзкага прытоку насельніцтва, павелічэння аб’ёмаў вытворчасці віна і росту плошчаў пасадак французскіх сартоў, у тым ліку мальбека[9].

На працягу больш чым ста гадоў вінаробства Аргенціны забяспечвала цалкам унутраныя патрэбы краіны ў віне, аднак экспарт быў параўнальна невялікі. Мальбек займаў вельмі істотныя плошчы — першыя афіцыйныя даныя аб пасадках гэтага сорту, якія захаваліся і адносяцца да 1936 года, апублікаваныя Міністэрствам па вінаградарстве і вінаробстве Аргенціны, прыводзяць лічбы агульных пасадак лозы ў краіне ў 90000 гектараў, з якіх мальбек складаў больш за 60 % — 51771 га. Таксама вырошчваліся пці-вердо, банарда, семільён, кабернэ-савіньён і піно-нуар. Мальбек быў настолькі важны, што па ўспамінах Радольфа Рэйна Руціне, яго нават не называлі ўласным імем, а казалі проста la uva francesa (што значыць у перакладзе «французскі вінаград»)[10].

Эканамічныя крызісы пачатку 1980-х прывялі да вырубкі часткі вінаграднікаў мальбека на карысць больш ураджайных і менш патрабавальных сартоў, у выніку чаго плошча сорту скарацілася амаль у 15 разоў.

Новы ўсплёск цікавасці да сорту прыпаў на канец 1990-х, калі ў Аргенціну пацягнуліся розныя энолагі і вінаробы, першымі сярод якіх былі Нікаля Катэна, Пол Хобс, Раберта Чыпрэса. Будучы кваліфікаванымі вінаробамі з сучаснай адукацыяй, яны разгарнулі вытворчасць віна пад патрабаванні знешніх рынкаў, у першую чаргу ЗША, абнавілі і пачалі актыўна выкарыстоўваць старыя вінаграднікі на ўласных каранях (часам узростам больш за сотню гадоў). Усё гэта прывяло да рэзкага паляпшэння якасці аргенцінскіх вінаў[11].

Значную ролю ў папулярнасці вінаў з мальбека адыграў адзін з самых вядомых сусветных вінных крытыкаў — Роберт Паркер, які на піку сваёй папулярнасці ў 2003 годзе назваў мальбек самым недаацэненым сортам чырвонага вінаграду. Заадно прадказаў, што стараннямі аргенцінскіх вінаробаў у хуткім часе ён узыдзе на вяршыню сусветнай папулярнасці[12].

Папулярнасць абярнулася з’яўленнем запатрабаваных на сусветным рынку дарагіх вінаў, што прывяло да замацавання за мальбекам тытула флагманскага сорту краіны. У 2013 годзе для яго быў абраны спецыяльны келіх, форма якога дапамагае вінам максімальна раскрываць фруктовыя водары і паўнату смаку[13].

Ліст мальбека

Асноўныя рэгіёны распаўсюджвання мальбека ў Аргенціне[14]:

  • Мендоса — 86 % пасадак мальбека, з 34 095 га
  • Сан-Хуан — 2 087 га
  • Сальта — 1 130 га
  • Патагонія (правінцыі Неўкен і Рыа-Негра) — 994 га
  • Ла-Рыёха — 710 га.

У Аргенціне ў дачыненні да вінаробства дзейнічае сістэма апелясьёнаў DOC (кантраляваныя па паходжанні найменні), якая рэгулюецца законам № 25.163 ад 1999 года[15].

Важным фактарам развіцця папулярнасці мальбека ў Аргенціне з’яўляецца размяшчэнне вінаграднікаў — большая частка пасадак Мендосы засяроджана на вышынях каля 1000 метраў над узроўнем мора. Самыя высакагорныя лозы Аргенціны — у правінцыі Сальта: асобныя вінаграднікі тут ляжаць на вышыні больш за 3000 м н.у.м. Гэта адны з самых высока размешчаных вінаграднікаў свету. Дзякуючы розніцы дзённых і начных тэмператур цыкл паспявання вінаграду доўжыцца даўжэй, чым у тых жа шыротах пры гарачым клімаце. Гэта дазваляе ягадам назапасіць больш араматычных рэчываў і захаваць неабходную для развіцця кіслотнасць[16].

У 2010-я гады мальбек перажывае новую хвалю цікавасці і з’яўляецца адным з самых актыўна выкарыстоўваемых у новых пасадках вінаграднікаў у многіх краінах, дадаўшы больш за 25000 га агульнай плошчы ў свеце[17]. Акрамя Францыі, Аргенціны і ЗША, яго цяпер культывуюць у Чылі, Швейцарыі, паўночнай Італіі, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Балівіі, Мексіцы і Ізраілі.

  1. ↑ Malbec (англ.). wineenthusiast. Архівавана з першакрыніцы 10 лістапада 2024. Праверана 9 снежня 2024.
  2. ↑ Boursiquot, J.-M., T. Lacombe, V. Laucou, S. Julliard, F.-X. Perrin, N. Lanier, D. Legrand, C. Meredith, P. This Parentage of Merlot and related winegrape cultivars of southwestern France: discovery of the missing link(англ.) // Australian Journal of Grape and Wine Research : часопіс. — 2009. Архівавана з першакрыніцы 7 снежня 2021.
  3. ↑ Guy Lavignac. Cépages du sud-ouest: 2000 ans d’histoire. Éditions du Rouergue, 2001.
  4. ↑ Urvieta, R., Jones, G., Buscema, F. et al Terroir and vintage discrimination of Malbec wines based on phenolic composition across multiple sites in Mendoza, Argentina(англ.) // Sci Rep. — 2020.
  5. ↑ Jancis Robinson. SW France (англ.). Архівавана з першакрыніцы 7 снежня 2021. Праверана 7 снежня 2021.
  6. 1 2 Interprofessional Wine Union of Cahors. Cahors wines today (англ.). Архівавана з першакрыніцы 7 снежня 2021. Праверана 7 снежня 2021.
  7. ↑ H, Johnson. Vintage: The Story of Wine. — 1989. — ISBN 0-671-68702-6.
  8. ↑ Jancis Robinson. How Malbec got to Argentina – via Chile (англ.). Архівавана з першакрыніцы 7 снежня 2021. Праверана 7 снежня 2021.
  9. ↑ Laura Catena. Vino Argentino. — ISBN 978-1-4521-0038-8.
  10. ↑ Laura Catena. Vino Argentino. — 2010. — С. 20. — ISBN 978-0-8118-7330-7.
  11. ↑ William H. Beezley. The Malbec Boom (англ.). Архівавана з першакрыніцы 7 снежня 2021. Праверана 7 снежня 2021.
  12. ↑ Robert M. Parker, Jr.. Parker Predicts the Future (англ.). Архівавана з першакрыніцы 7 снежня 2021. Праверана 7 снежня 2021.
  13. ↑ Graffigna and Riedel create Malbec glass (англ.). The Drink business. Архівавана з першакрыніцы 7 снежня 2021. Праверана 7 снежня 2021.
  14. ↑ Instituto Nacional de Viticultura Argentino. Informe anual de superfice 2020 (ісп.). Архівавана з першакрыніцы 7 снежня 2021. Праверана 7 снежня 2021.
  15. ↑ Establécense las normas generales para la designación y presentación de vinos y bebidas espirituosas de origen vínico de la Argentina (ісп.). Архівавана з першакрыніцы 7 снежня 2021. Праверана 7 снежня 2021.
  16. ↑ Discover the world’s highest vineyards in the northern region of Argentina (англ.). Decanter. Архівавана з першакрыніцы 7 снежня 2021. Праверана 7 снежня 2021.
  17. ↑ Kym Anderson, Signe Neglen. Which winegrape varieties are grown where?. — 2019. Архівавана 30 кастрычніка 2021 года.
  • Jancis Robinson, Julia Harding. Malbec // The Oxford Companion to Wine (англ.). — 4th ed.. — Oxford: Oxford University Press, 2015. — ISBN 978-0-19-870538-3.
  • Jancis Robinson, Julia Harding, José Vouillamoz. Cot // Wine Grapes - A complete guide to 1,368 vine varieties, including their origins and flavours (англ.). — Penguin Books, 2012. — ISBN 978-1-846-14446-2.
  • Oz Clark & Margaret Rand. Grapes and Wines. — Time Warner Books, 2003 — ISBN 0-316-72653-2