Мальфрыда Мсціслаўна
Мальфрыда Мсціслаўна | |
---|---|
Нараджэнне | 1090-я |
Смерць | не раней за 1137 |
Род | Рурыкавічы |
Бацька | Мсціслаў Уладзіміравіч |
Маці | Хрысціна Інгесдотэр |
Муж | Сігурд I Крыжак[1] і Эрык II Памятны[1] |
Дзеці | Крысціна Сігурдсдоцір[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Мальфрыда або Мальфрыд (1090-я — пасля 1137) — жонка двух скандынаўскіх уладароў — конугаў нарвежскага (1111—1130) і дацкага (1133—1137).
Паводле саг («Кола Зямное», «Гнілая скура», «Сага пра Кнютлінгаў»), дачка конунга Гардарыкі (вялікага князя кіеўскага) Харальда (Мсціслава Уладзіміравіча) і Хрысціны Інгэсдотэр. Старажытнарускія крыніцы не згадваюць яе.
Традыцыйна лічаць, што ў 1111 годзе Мальфрыда была ў Шлезвігу ў ярла Эйліва і выйшла замуж за нарвежскага когунга Сігурда, які вяртаўся з крыжовага паходу. Некаторыя даследчыкі даюць іншы час — 1116 год. Аднак, такі ход падзей супярэчыць звесткам пра шлюб у «Царкоўнай гісторыі» нармандскага храніста XII ст. Ардэрыка Віталіса. Паводле Ардэрыка, Сігурд Крыжак вяртаўся з крыжовага паходу праз Русь, дзе спыняўся і ўзяў у жонкі дачку караля (Per Russism vero remeans, Malfridam, regis filiam, uxorem duxit, domomque reversus, paulo post, regnum Deo, suscepit). На думку Фёдара Успенскага, гэта версія пераважней традыцыйнай, хоць звесткі Ардэрыка і ўнікальныя, але падарожжы крыжаносцаў праз Русь былі нярэдкімі. Тым часам як быццё Мальфрыды ў Шлезвігу ў ярла Эйліва даследчык лічыць слаба матываваным звяном у рэканструкцыях гісторыкаў.[2]
У шлюбе Сігурда і Мальфрыды нарадзілася дачка Крысціна, яе назвалі па бабе з матчынага боку. Крысціна адыграла значную ролю ў гісторыі Нарвегіі XII ст., яе сын Магнус Эрлінгсан у 1163—1164 годзе заняў нарвежскі сталец і быў першым каранаваным і памазаным уладаром у Скандынавіі.[2]
Паводле сагі «Гнілая скура», напярэдадні смерці Сігурд кінуў Мальфрыду і ўзяў другую жонку на імя Цэцылія, што справакавала канфлікт з царкоўнымі іерархамі, якія занялі даволі жорсткую пазіцыю ў гэтым пытанні[2]. Паводле «Кола Зямнога», шлюб быў агулам нешчаслівы, а канчатковы разрыў здарыўся ў 1128 годзе. Пэўна не вядома ці заставалася Мальфрыда ў Нарвегіі пасля фактычнага разводу. Сігурд памёр у 1130 годзе, такім чынам Мальфрыд аўдавела[3], а конугам стаў яе пасынак Магнус Сігурдсан.
Мальфрыда ўехала ў Данію да сваёй адзінакроўнай сястры Інгіб’ёрг Мсціслаўны, чый муж Кнуд Лавард змагаўся за сталец са сваім дзядзем Нільсам. У гэтым змаганні Кнуда Лаварда падтрымліваў пасынак Мальфрыды, нарвежскі конунг Магнус Сігурдсан. Гісторыкі прыпісваюць Мальфрыдзе арганізацыю шлюбу паміж пасынкам і дачкой сястры Інгіб’ёрг — Крысцін Кнудсдотэр. Аднак, у 1131 годзе Нільс заманіў Кнуда Лаварда ў пастку і забіў яго.
Каля 1133 года Мальфрыда ўзяла другі шлюб з адзінакроўным братам нябожчыка Кнуда Лаварда — Эрыкам Эмунам[3]. Неўзабаве яны вымушаны ўцякаць з Нарвегіі ад пераследу Нільсам да Магнуса Сігурдсана ў Данію. Але жонка Магнуса, пляменніца Крысцін Кнудсдотэр, папярэдзіла, што ён хоча схапіць іх і выдаць Нільсу. Тады Эрык Эмун і Мальфрыда знайшлі прытулак у праціўніка Магнуса ў барацьбе за нарвежскі сталец Харальда Гілі. Калі Магнус Сігурдсан даведаўся пра ўчынак жонкі, то адправіў яе ад сябе.
У 1134 годзе Эрык Эмун перамог Нільса і стаў конунгам Даніі. Пра дзяцей у шлюбе Эрыка і Мальфрыды нічога не вядома, адзіны спадчыннік Эрыка — Свейн-Пётр Гратэ, імаверна, быў дзіцём наложніцы[3]. Захавалася грамата Эрыка Лундскаму сабору, дзе ён называе жонку ўнучкай шведскага караля. Пасля забойства Эрыка на тынгу ў ліпені 1137 года лёс Мальфрыды невядомы.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
- ↑ а б в Литвина, Успенский 2006, p. 246, прим. 26.
- ↑ а б в Литвина, Успенский 2006, p. 247, прим. 26.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени у русских князей в X—XVI вв.: Династическая история сквозь призму антропонимики. — М.: Индрик, 2006. — 904 с. — 1 000 экз. — ISBN 5-85759-339-5.
- Den Store Danske Encyclopædi
- Nils Petter Thuesen. Magnus 4 Sigurdsson Blinde // Norsk biografisk leksikon, 2. utg. Bd 6. 2003.
- Knut Helle. Aschehougs Norgeshistorie. Bd 3. Under kirke og kongemakt. 1995.