Мандан

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Мандан
Rųwą'kši
1854 Catlin Mandan Mato-Tope mit Frau und Sohn anagoria.JPG
Малюнак 1854 г.
Агульная колькасць 1171
Рэгіёны пражывання Flag of the United States.svg ЗША
Мова мандан
Рэлігія анімізм, хрысціянства, пеётызм
Блізкія этнічныя групы хідаца, кроу

Манда́н (саманазва: Rųwą'kši, літаральна "нашы людзі"; англ.: Mandan) — індзейскі народ, карэнныя жыхары Паўночнай Дакоты (ЗША). Агульная колькасць (2010 г.) - 1 171 чал.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Мандан адносяцца да заходняй галіны сіўанскіх народаў. Паводле іх міфаў, у старажытнасці яны жылі каля падземнага возера. Лічыцца, што ў сярэднявеччы яны перасяліліся на захад з даліны ракі Агая. Археалагічныя раскопкі адной з гістарычных вёсак паказалі, што яна была заснавана ў XVI ст. У 1738 г., калі пачаліся кантакты з французамі, мандан насялялі 9 буйных вёсак каля ракі Місуры.

Мяркуюць, што назва мандан паходзіць з сіўанскіх моў. Магчыма, была пазычана ў дакота або накота, на мове якіх Mawátadą значыць "татуяваны". У першых французскіх пісьмовых крыніцах іх называюць Mantannes, магчыма ад фр.: montagnes ("горы"). Самі мандан ніколі не выкарыстоўвалі гэтую назву ў дачыненні саміх сябе. Зафіксаваны толькі лакальныя саманазвы. У наш час выкарыстоўваецца саманазва Rųwą'kši. Упершыню яна была зафіксавана амерыканцамі ў 1836 г., але і яе гістарычная рэчаіснасць аспрэчваецца лінгвістамі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Французскія езуіты ўпершыню пачулі пра мандан ад іншых індзейцаў у 1736 г. У 1738 г. былі ўсталяваны прамыя зносіны. Мандан насялялі важны гандлёвы рэгіён, падтрымлівалі пасрэдніцкі гандаль з іспанцамі на поўдні і з французамі на захадзе. Хаця ў канцы XVIII ст. яны асвоілі конегадоўлю, асноўным заняткам з'яўлялася земляробства.

У канцы XVIII - пачатку XIX ст. колькасць мандан скарацілася амаль ўтрая і ў 1804 г. крыху перавышала 1000 чалавек. Частка сучасных даследчыкаў лічыць, што прычынай таму была эпідэмія. Акрамя таго, назіраліся сталыя ваенныя сутычкі з асінібойн, лакота і хідаца. У 1812 г. у баі з апошнімі загінуў правадыр Шахака, якога М. Льюіс і В. Кларк пазнаёмілі з Т. Джэферсанам. Блізкімі саюзнікамі з'яўляліся суседдзі-арыкара. У 1825 г. падпісалі мірнае пагадненне з ЗША. У 1836 г. з-за нападаў лакота падтрымалі амерыканскіх ваенных супраць індзейцаў-качэўнікаў.

У 1837 - 1838 гг. мандан моцна пацярпелі ад эпідэміі воспы. Яна вынішчыла каля 90% прадстаўнікоў гэтага народа. Захавалася толькі 125 чалавек. У другой палове XX ст. прыхільнікі тэорыі генацыду індзейцаў абвінавацілі амерыканскіх ваенных у наўмысным распаўсюджванні хваробы праз перадачу заражаных коўдраў. Гісторыкі выявілі, што эпідэмія пачалася яшчэ ў 1836 г. у выніку кантактаў з пасажырамі пацярпелага крушэнне парахода "Святы Пётр"[1]. Мандан, што насялялі наваколлі крэпасці Кларк, атрымоўвалі ад амерыканцаў дапамогу, у тым ліку ім рабіліся прышчэпкі, аднак няўдала[2].

У 1849 г. пацярпелі ад эпідэміі халеры. Моцнае скарачэнне насельніцтва спрыяла заключэнню пагадненняў з арыкара і хідаца. У 1851 г. заключылі новае мірнае пагадненне з ЗША. У 1866 г. тры саюзных народа пагадзіліся на перадачу часткі сваіх зямель наўзамен на дапамогу з боку ЗША. У 1874 г., калі ў наваколлі вёскі Лайк-э-Фішкук адбываліся баі паміж амерыканцамі і лакота, аказвалі дапамогу параненым амерыканскім ваенным.

У 1934 г. было створана аўтаномнае аб'яднанне "нацыя мандан, арыкара і хідаца", якое атрымала прызнанне і права на самакіраванне з боку ЗША. Агульныя тэрыторыі аб'яднання складаюць каля 3600 км².

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Мандан і іх вёска на рацэ Місуры. Малюнак XIX ст.

Асноўнымі гаспадарчымі заняткамі мандан здаўна былі ручное земляробства і загоннае паляванне. Земляробства лічылася абавязкам жанчын. Паляванне, якое набыло ў XVIII - першай палове XIX стст. камерцыйны характар, было мужчынскім заняткам. Паляўнічыя тэрыторыі лічыліся супольнай маёмасцю мандан і іх суседдзяў. Дагавор 1851 г. абвяшчаў супольнае валоданне мандан, арыкара і хідаца. Вёскі мандан з'яўляліся буйнымі гандлёвымі цэнтрамі, што прыцягвалі прадстаўнікоў іншых плямён.

Добра ўмацаваныя вёскі доўгі час з'яўляліся асноўным відам паселішча. Іх колькасць вагалася з-за змены колькасці насельніцтва, але ніколі не перавышала 9[3]. У другой палове XIX ст. рэшткі мандан перасяліліся ў супольныя вёскі разам з саюзнымі арыкара і хідаца. У цэнтры традыцыйнай вёскі ладзілася вялікая цырыманіяльная хаціна. Звычайныя хаціны будавалі з гліны, якой абляплялі драўляны каркас.

У канцы XVIII - першай трэці XIX стст. вылучаліся ўнутраныя аб'яднанні:

  • Nuitadi
  • Nuptadi
  • Awigaxa
  • Istopa

Яны мелі лакальны характар і аб'ядноўвалі жыхароў сельскіх абшчын. Лакальныя аб'яднанні стваралі 2 экзагамныя саюзы, заходні і ўсходні. Акрамя таго, вылучаліся родавыя групы. Жыхары кожнай вёскі выбіралі 2 правадыроў. Іх улада не была безумоўнай і залежыла ад асабістых уласцівасцяў гуртаваць вакол сябе абшчыннікаў. Правадыры павінны былі арганізоўваць супольныя рытуалы, суд, паляванні і ваенныя дзеянні. Старыя жанчыны фарміравалі патаемнае таварыства Белай Бізоніхі. Яно мела рытуальны характар.

Пераважалі пашыраныя сем'і, што супольна карысталіся апрацаванымі надзеламі. Звычайна муж пераязджаў у сям'ю жонкі, а шлюбныя заручыны суправаджаліся складанымі цырымоніямі і абменам падарункамі. Да другой паловы XIX ст. апрацаваная зямля і хаціна пераходзіла ад маці да дочак, астатняя маёмасць размяркоўвалася паміж мужчынамі. Сваяцтва перадавалася па мужчынскай і жаночай лініям. Мандан забаранялі біць малых дзяцей. Важную ролю ў сацыялізацыі хлопчыкаў адыгрывалі браты маці.

Фальклор і танцавальныя цырымоніі прысвячаліся міфалагічным і рэлігійным падзеям.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова мандан адносіцца да заходняй галіны сіўанскіх моў. У мінулым падзяляўся на заходні і ўсходні дыялекты. У канцы XX ст. мелася толькі некалькі носьбітаў гутарковай мовы. У нашы дні арганізуюцца захады для яе захавання.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Паводле міфалогіі мандан, сусвет і сусветныя законы былі створаны першачалавекам Numank Maxana і яго памагатым каётам Ki-numakshi. Заступнікам земляробства лічылася Неўміручая Жанчына[4]. Людзі першапачаткова жылі ў падземным свеце, але потым выбраліся па вінаграднаму сцяблу. Мандан верылі, што ўсе істоты і матэрыяльныя рэчы маюць душу. У чалавека налічвалі 4 душы. Пасля смерці 2 траплялі ў свет духаў, а 2 заставаліся на зямлі. У нашы дні захоўваюцца толькі некаторыя рытуалы.

З 1876 г. сярод мандан была арганізавана актыўная дзейнасць па хрысціянізацыі насельніцтва. У нашы дні большасць вернікаў — пратэстанты.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]