Манегаскі
Манегаскі (Munegasche) | |
Княжая сям'я, каля 1730 г.
| |
Агульная колькасць | 4880 (2013) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Манака |
Мова | манегаская |
Рэлігія | каталіцызм |
Блізкія этнічныя групы | італьянцы, французы |
Манега́скі (саманазва: Munegasche) — раманскі народ, карэнныя жыхары Манака. Агульная колькасць у Манака (2013 г.) — 4880 чал. (16 % насельніцтва). Акрамя таго, жывуць у Францыі і іншых краінах свету.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Назва манегаскаў утворана ад назвы іх краіны Манака, якая, як лічаць, паходзіць ад храма Геракла Монайкаса (стар.-грэч.: Ἡρακλέης μόνοικος), пабудаванага тут грэчаскімі каланістамі ў пачатку 1 тысячагоддзя да н. э. У антычнасці скала і порт Манака былі населены лігурамі, фінікійцамі, грэкамі, рымлянамі. У 1215 г. імператар Свяшчэннай Рыімскай імперыі перадаў скалу ў кіраванне генуэзцам. У 1269 г. рэспубліканцы выгналі з Генуі княжую сям’ю Грымальдзі. У 1297 г. Францыск Грымальдзі падманам захапіў Манака. У 1301 г. генуэзцы выгналі захопнікаў, але ў 1331 г. Карл I Грымальдзі вярнуў гэтую мясцовасць. Ён заключыў мір з Генуяй і кампенсаваў страты сям’і Спінола, якая таксама прэтэндавала на скалу і бліжэйшую бухту.
Да XX ст. княства Манака з-за яго малых памераў не мела вялікага насельніцтва. Большасць жыхароў складалі нашчадкі выхадцаў з Генуі і Праванса. У 1793—1814 гг. Манака ўваходзіла ў склад Францыі, пазней знаходзілася пад пратэктаратам Сардзініі і Францыі. У 1869 г. для прыцягнення інвестыцый былі адменены падаткі, пачалі будавацца казіно. У наш час большасць жыхароў Манака складаюць іншаземцы, у паўсядзённым жыцці пераважаюць французская і англійская мовы. Але толькі манегаскі маюць права ўдзельнічаць у выбарах і маюць перавагу ў заняцці афіцыйных пасад.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Родная мова манегаскаў належыць да лігурыйскага дыялекту італьянскай мовы, які зведаў моцны ўплыў аксітанскай мовы. Яна выкладаецца ў дзяржаўных школах Манака.
Традыцыі
[правіць | правіць зыходнік]Большасць манегаскаў — каталікі. Каталіцызм з’яўляецца афіцыйнай рэлігіяй. Святой заступніцай Манака лічыцца мучаніца Дэвота з Корсікі. Згодна з паданнем, пасля яе смерці яна была пакладзена ў лодку, якую марскія хвалі прыбілі да берага Манака. Дзень яе смерці, 26 студзеня, з’яўляецца нацыянальным святам. У гэты дзень прадстаўнік княжай сям’і падпальвае лодку ў касцёле Святой Дэвоты, дзе захоўваюцца яе рэшткі. Таксама афіцыйна адзначаюць іншыя важныя каталіцкія святы, 1 мая і Новы год.
Манархі Манака падтрымліваюць цесныя сувязі са сваімі падданымі. Усе дарослыя манегаскі запрашаюцца ў палац, каб сумесна адзначыць найбольш важныя падзеі княжай сям’і. Усе дванаццацігадовыя дзеці бясплатна наведваюць калядны баль у палацы, дзе атрымоўваюць падарункі.
Манегаскі славяцца сваёй кухняй, якая ўвабрала міжземнаморскія і французскія традыцыі. Нефармальна нацыянальным напоем лічыцца шампанскае. У Манака папулярныя розныя віды спорту, асабліва гонкі на аўтамабілях. З 1950 г. у гэтай краіне праводзіцца гран-пры Манака.