Мансі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Мансі
(мāньси)
Мансі.png
Мал. 1901 г.
Агульная колькасць 12269 (2010 г.)
Рэгіёны пражывання Расія
Мова мансі
Рэлігія Праваслаўе, шаманізм, політэізм, татэмізм
Блізкія этнічныя групы ханты, венгры

Ма́нсі (саманазва: мāньси), раней вядомыя як вагу́лы (руск.: вогулы) — угорскі народ, карэнныя насельнікі Урала і Заходняй Сібіры. Агульная колькасць у Расіі (2010 г.) — 12 269 чалавек.

Мансі маюць агульнае паходжанне з венграмі і ханты. У сярэднявеччы мансі насялялі заходні і ўсходні схілы Уральскіх гор, аднак наступ рускіх і комі вымушаў перасяляцца з Урала ў Заходнюю Сібір. У XV - XVI стст. на тэрыторыі Урала і Заходняй Сібіры склалася некалькі дзяржаўных аб'яднанняў мансі. Да пачатку XVII ст. яны былі заваяваны рускімі.

Мансі маюць багаты фальклор. Іх міфалогія адлюстроўвае старажытныя угорскія паданні і рэлігійныя вераванні.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Згодна тэорыі, сфарміраванай савецкімі і венгерскімі лінгвістамі ў сярэдзіне XX ст., агульнымі продкамі мансі, ханты і венграў былі тубыльцы поўдню Заходняй Сібіры эпохі неаліту. На мяжы 2 - 1 тысячагоддзяў да н. э. з-за кліматычных змен яны падзяліліся на паўднёвую і паўночную галіны. Прадстаўнікі паўночнай рушылі ў лесастэпавую зону ўздоўж ракі Об. Пахаладанне, што пачалося ў VII ст. да н. э. прывяло да таго, што яны апынуліся ў зоне тайгі[1]. Рассяленне на захад прывяло да адасаблення мансі. Лінгвістамі знойдзены сведчанні ранніх кантактаў мансі і ханты з іншымі моўнымі групамі Сібіры.

Археолагі звязваюць продкаў мансі, ханты і венграў з кулайскай, саргацкай і гарохаўскай археалагічнымі культурамі[2][3][4], што ў эпоху ранняга жалеза ахоплівалі поўдзень Заходняй Сібіры і Урала.

Генетычныя даследаванні ў пачатку XXI ст.[5][6] выявілі істотныя разыходжанні з лінгвістычнай і археалагічнай версіямі. Большасць мансі маюць агульныя генетычныя карані з заходнімі і ўсходнімі еўрапейцамі, у меньшай ступені — з сібірскімі групамі, якія маглі прымаць удзел у перасяленні ў Паўночную Амерыку. Былі знойдзены генетычныя сведчанні ўдзелу ў фарміраванні папуляцыі мансі старажытных мігрантаў з Блізкага Усходу і Балканскага паўвострава. Генетыкі сцвярджаюць, што асноўная папуляцыя продкаў мансі склалася на захад ад Урала, у фарміраванні сучасных мансі таксама прымалі ўдзел выхадцы з Цэнтральнай Азіі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Мансі прыносяць ясак Ярмаку

У сярэднявеччы мансі насялялі заходні і ўсходні схілы Уральскіх гор. Паўднёвай мяжой для іх з'яўлялася рака Пышма[7]. На поўначы паселішчы мансі цягнуліся да Ямала, дзе ў 30 км ад Салехарда знойдзена паселішча і свяцілішча Усць-Палуй[8]. Археолагі выяўляюць умацаваныя гарадзішчы, пабудаваныя на ўзвышшах каля рэк. Асноўнымі заняткамі былі конегадоўля, паляванне, рыбалоўства. Было таксама вядома земляробства. Падчас раскопак знаходзяць вырабы з керамікі і металаў, у тым ліку рэчы з Сярэдняй Азіі і Ірана.

У старажытнарускіх летапісах паўночныя мансі і населеныя імі землі былі вядомы пад назвай Югра. Звесткі пра іх з'яўляюцца ў XI ст.[9]. Відавочна, назва Югра і больш позняя назва вагулы былі запазычаны ў комі[10][11]. У 1193 - 1194 гг. наўгародскі ваявода Ядрэй арганізаваў ваенную экспедыцыю супраць Югры. Ён захапіў югорскі горад, але падчас аблогі другога пацярпеў паражэнне. З экспедыцыі вярнулася толькі 80 чалавек. Сярод рэчаў, якімі тубыльцы абяцалі адплаціць наўгародцам за зняцце аблогі былі срэбра, сабалінае і іншае футра[12]. У XIII ст. Югра пералічвалася ў наўгародскіх дакументах як падпарадкаваная тэрыторыя[13]. Наступ рускіх і комі вымушаў мансі перасяляцца з Урала ў Заходнюю Сібір, дзе яны ў сваю чаргу захопівалі землі ханты і ненцаў.

У XV - XVI стст. на тэрыторыі Урала і Заходняй Сібіры склалася некалькі дзяржаўных аб'яднанняў мансі — Вагульскае, Пелымскае, Ляпінскае, Кандынскае, Абдорскае княствы[14][15][16]. На чале іх стаяла родавая арыстакратыя. У канцы XV ст. яны знаходзіліся ў васальнай залежнасці або ў фактычным саюзе з Сібірскім ханствам. З сярэдзіны XV ст. цікавасць да падначалення зямель мансі мела Вялікае Княства Маскоўскае. У 1465 г. па ініцыятыве Івана III усцюжанскі ваявода арганізаваў паход на ўсходнія схілы Урала, дзе захапіў у палон 2 князёў мансі. Найбольшае супраціўленне аказваў пелымскі князь Асыка. У 1481 г. ён узначальваў напад на пермскую зямлю, ужо падначаленую Маскоўскай дзяржаве. У адказ, у 1483 г. маскоўскае войска ўварвалася ў землі мансі і ханты, нанесла паражэнне Юмшану, сыну Асыкі, і захапіла ў палон кодскага князя. У 1484 г. Кодскае княства прызнала сваю залежнасць ад Масквы, што дазволіла Івану III атрымаць тытул гаспадара Югры[17]. Пасля пахода 1499 г.[18] было зруйнавана Ляпінскае княства, у залежнасць трапілі Абдорскае княства і частка Пелымскага княства.

Узмацненне Сібірскага ханства дазволіла князям мансі пераарыентаваць знешнюю палітыку. Пры хане Кучуме яны супраціўляліся маскоўскім стаўленікам Строганавым збіраць ясак і ствараць паселішчы на сваіх землях, удзельнічалі на баку сібірскіх татар у паходах на Перм і ў бітве на Чувашавым мысе. Ваенныя сутычкі з мансі мелі месца падчас паходаў Ярмака на Сібірскае ханства. Пелымскія князі ў той жа час руйнавалі пермскія валоданні Строганавых[19]. Далейшыя ваенныя дзеянні прывялі да значных страт. У 1586 г. абдорскі князь Лугуй атрымаў у Маскве ахоўную грамату[20], што стала сведчаннем падпарадкавання Расіі. У 1592 г. ваявода Нічыпар Траханіотаў заваяваў Пелымскае княства[21]. Нягледзячы на гэта, мансі працягвалі барацьбу. У 1607 г. была выкрыта змова ў Пелымскім княстве. У 1609 г. мансі у саюзе з ханты і татарамі планавалі захапіць Цюмень. У 1612 - 1613 гг. успыхнула паўстанне, задушанае мясцовым ваяводам[22]. Паўстанні таксама адбываліся ў 1630 г. і 1654 гг.[23][24]

Пасля далучэння да Расіі мансі былі вымушаны выплочваць ясак. Паўночныя мансі станавіліся лёгкай ахвярай з боку качавых ненцаў. Мансі, што заставаліся на Урале і поўдні Заходняй Сібіры пакутвалі ад захопу іх зямель з боку прыватных заводаў і нават сялян[25]. Відавочна, на першых парах асноўная ўлада над супляменнікамі захоўвалася ў родавай арыстакратыі. Вагульскі князцы ўзгадваліся ў дакументах XVIII ст. У 1822 г. кіраванне і суд былі перададзены дзяржаўным органам. У 1714 - 1718 гг. дзякуючы высілкам мітрапаліта Філафея Ляшчынскага мансі намінальна прынялі праваслаўе. Прыхільнікі традыцыйнай веры аказвалі місіянерам супраціўленне[26].

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі быў адменены ясак. У 1930 г. створана Асцяка-Вагульская нацыянальная акруга (зараз Ханты-Мансійская аўтаномная акруга — Югра). У 1931 г. была створана пісьмовасць на мове мансі. У той жа час савецкая палітыка раскулачвання і барацьбы з рэлігіяй прывяла да заняпаду звычаёвага ладу. Мансі станавіліся ахвярамі палітычных рэпрэсій[27]. У пасляваенны час адбывалася ліквідацыя дробных і стварэнне буйных паселішчаў, што далей садзейнічала разбурэнню родавых адносін і страты тэрыторый. Развіццё нафтавай і газавай прамысловасці павялічвала колькасць іншаэтнічных перасяленцаў.

10 жніўня 1989 г. была створана арганізацыя ханты і мансі "Выратаванне Югры"[28], якая займаецца нацыянальным адраджэннем.

Этнаграфічныя групы[правіць | правіць зыходнік]

У наш час прынята вылучаць некалькі этнаграфічных груп мансі[29]:

  • Паўночная, якая складаецца з сосьвінскай і лозьвінскай і насяляе ўзбярэжжы ракі Паўночная Сосьва і часткова ракі Лозьва. У мінулым размаўлялі на 2 асобных дыялектах.
  • Паўднёвая, што насяляе берагі ракі Таўда
  • Заходняя ўключае пелымскую, сярэднелозьвінскую, вагільскую дыялектныя групы
  • Усходняя (кондынская)

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Матэрыяльная культура[правіць | правіць зыходнік]

Зрубная хата мансі

За некалькі стагодзяў, якія суправаджаліся войнамі і міграцыямі, лад жыцця мансі моцна змяніўся. У 1904 г. расійскі этнограф Канстанцін Насілаў пісаў[30]:

Яшчэ нядаўна ваяўнічы, бадзёры, які ведаў, як тапіць, здабываць з руд Урала жалеза, медзь, срэбра, які меў гандлёвыя зносіны з суседзямі, войны, народ гэты цяпер зусім ўпаў, зусім ператварыўся ў пячорнага чалавека і так далёка сышоў ад нашэсця цывілізацыі ў свае непраходныя лясы, так зашыўся ў глуш сваёй тайгі, так ізаляваўся, што, здаецца, ужо больш не з'явіцца на сусветнай сцэне, а, ціха вымрэ, сыдзе зусім з твару нашай планеты.

Асноўнымі заняткамі мансі сталі паляванне і рыбалоўства. Паляванне было накіравана на здабычу мяса і футра. Апошнім выплочвалі ясак, выкарыстоўвалі ў гандлёвых зносінах. Рыбалоўства пераважала сярод жыхароў ніжняй плыні рэк. Сезонна выязджалі здабываць рыбу на раку Об[31]. Паўночныя мансі некаторы час займаліся аленегадоўляй[32]. Распаўсюджана збіральніцтва. Традыцыйныя рамёствы: апрацоўка драўніны, бярозавай кары, ткацтва з валокнаў крапівы і лёну, аздабленне тканін пацеркамі і аплікацыяй.

У XVII - першай палове XX стст. мансі жылі ў невялікіх паселішчах паул ад 1 да 10 жытлаў з гаспадарчымі пабудовамі. Занятак паляваннем вымушаў шмат перамяшчацца, таму кожная сям'я мела жытлы за межамі паселішча. Для мансі характэрна значная разнастайнасць жытлаў. У канцы XIX ст. налічвалася каля 30 розных тыпаў[33]. Сталым зімовым, а часам і летнім жыллём большасці мансі з'яўлялася зрубная хата без столі, з вельмі пакатым двухсхільным дахам, пакрытая пашытымі кавалкамі бярозавай кары.[34]. Дзверы арыентаваны на поўдзень. Пярэдняя частка даха выдавалася наперад і абапіралася на слупы. Яшчэ адзін слуп ўсталёўваўся непасрэдна насупраць жытла. Да яго прывязвалі свойскую жывёлу. Узімку ў вокны ўстаўлялі лёд, улетку нацягвалі рыбны пузыр. У куце хаты, справа ці злева ад дзвярэй, ладзілі агмень з жэрдак, абшмараваных глінай. Уздоўж сцен месціліся земляныя нары, якія пакрывалі цыноўкамі і скурамі. Часовыя сезонныя жытлы рабілі ў лодках або ў лесе. Імі маглі быць буданы, заслоны, зімовыя яміны і г. д. Паўночныя аленегадоўцы запазычылі ў ненцаў чум.

Паўднёвыя і ўсходнія мансі аддавалі перавагу апранаць палатняныя кашулі і ворную адзежу, упрыгожаную гафтам з рознакаляровых нітак. Паўночныя і часткова заходнія мансі перанялі традыцыю ненцаў мець вопратку з аленевай скуры. У ніжняй плыні рэк Паўночная Сосьва і Об шылі вопратку з птушынага пер'я, насілі халаты, упрыгожвалі іх аплікацыямі[35]. Важны элемент мужчынскай і жаночай вопраткі — пояс. Замужнія жанчыны абавязкова пакрывалі галаву хусткай. Абутак шылі са скур. Жаночыя прычоскі адрозніваіся ў залежнасці ад мясцовасці, але паўсюдна запляталі косы.

Традыцыйнай ежай мансі з'яўляліся рыба і мяса. Рыбу елі волкай, варанай, марожанай, вяленай, вэнджанай, сушонай. З вантроб рыбы выпальвалі тлушч, які ўжывалі ў чыстым выглядзе ці змешвалі з ягадамі. Мяса вялілі і вэндзілі. Далікатэсам лічыліся абсмаленыя вавёрчыны страўнікі, набітыя арэхамі[36]. Існавалі рэлігійныя забароны на ўжыванне ў ежу некаторых відаў рыб, птушак і жывёл[37]. Мансі не ядуць грыбы. Да з'яўлення чаю пілі ваду або ягадныя і травяныя ўзвары.

Грамадства[правіць | правіць зыходнік]

Наяўнасць у мансі позняга сярэднявечча дзяржаўных утварэнняў і вылучэнне пласта ваеннай арыстакратыі (князёў і мурз) дазваляе меркаваць пра складаную грамадскую арганізацыю. Аднак да XIX ст., калі пачалося этнаграфічнае вывучэнне гэтага народа, яна была разбурана, у тым ліку пад уплывам асіміляцыі.

У паўночных мансі і ханты захаваўся падзел на 2 экзагамныя групы сир Пор і Мось, якія часцяком завуцца фратрыямі[38]. Кожная група лічыць, што паходзіць ад асобнага продка: Пор — ад мядзведзя, Мось — ад жанчыны-гарбаткі. У іх маюцца асобныя сакральныя цэнтры для арганізацыі святаў, асобныя звычаі, чальцы аднаго сир кпяць з чальцоў іншага. Шлюбы знутры сваёй групы забаронены, паколькі чальцы лічацца сваякамі. Даследаванні канца XX ст. паказалі, што ў мінулым падзел на 2 фратрыі быў характэрны для ўсіх мансі, але ў некаторых тэрытарыяльных груп пачаў знікаць ужо ў XVIII ст.[39] Падзел на 2 галіны арыстакратыі існаваў у Пелымскім і Кондскім княствах XVI ст.[40] Паходжанне сир выклікае спрэчкі ў навукоўцаў. Высоўваецца меркаванне, што яны склаліся ў пачатку жалезнага века, калі старажытныя угры рассяляліся на Урале і ў Заходняй Сібіры, дзе прышлыя аб'ядноўваліся ў адну экзагамную групу, а абарыгеннае насельніцтва — у іншую.

Асноўнымі сацыяльнымі адзінкамі мансі з'яўляюцца сям'я і абшчына пэўнага паселішча. Паколькі паселішчы фарміраваліся пераважна са сваякоў, то абшчына мела сваяцкі характар. Перасяленне ў буйныя паселішчы ў другой палове XX ст. не перашкодзіла традыцыі. Мансі, асабліва жанчыны, добра памятаюць паходжанне той або іншай сям'і з пэўнага пакінутага паселішча, яе прыналежнасць да сир, але замест абшчыннай арганізацыі вылучаецца род рут па мужчынскай лініі[41]. Галоўным у сям'і быў муж, аднак маладыя жанчыны ўдзельнічалі ў выбары партнёра. Шлюбу папярэднічала сватаўство. Бацькі жаніха абавязваліся выплаціць за нявесту кампенсаванне, звычайна матэрыяльнымі прадметамі. Вяселле было сціплым. Яго адзначалі спачатку ў сям'і невясты, потым — жаніха. Звычайна маладыя пачыналі жыць разам да поўнай выплаты кампенсавання. Дзецям давалі імёны памерлых продкаў або новыя, невядомыя імёны, паколькі верылі, што наяўнасць розных людзей з адным імям — дрэнны знак. Пасля хрысціянізацыі часцяком мелі 2 імя — традыцыйнае і хрысціянскае.

Фальклор[правіць | правіць зыходнік]

Фальклор мансі пачаў вывучацца адносна позна, у XIX ст., венгерскімі і фінскімі вучонымі. Яны вылучылі наступныя жанравыя формы[42]:

Мансі захавалі багатую міфалогію[43]. Міфы звычайна кароткія, іх ведаюць толькі пэўныя асобы, але апавядаюцца яны вялікай колькасці слухачоў, прычым не адзін дзень. Вылучаюцца гераічныя і касмаганічныя міфы. Галоўнымі захавальнікамі вуснай народнай творчасці да з'яўлення пісьма былі спевакі і казачнікі.

Музычна-спеўная культура надзвычай разнастайная. Некаторыя песні, у тым ліку сатырычныя, выконваліся толькі падчас сакральных святаў. Мансі і ханты карысталіся каля 27 відамі музычных інструментаў, у тым ліку сяміструннай арфай, варганам, лютняй[44]. Кожны інструмент быў злучаны з пэўным рытуалам і татэмам. Уменне іграць на ім ўспрымалася як здольнасць уступаць у сувязь з духамі.

Танцавальныя традыцыі захаваліся пераважна ў паўночных мансі. Падчас святаў танцавалі ўсе. Першымі заўсёды танцавалі мужчыны, затым жанчыны і толькі потым дзеці. Выкарыстоўваліся розныя рухі. Жаночыя танцы адрозніваліся мернасцю і плыўнасцю ў рухах. У мінулым жанчыны пры гэтым затулялі твар хусткай. Мужчынскія танцы адрозніваліся хуткімі тэмпамі выканання, у іх прысутнічалі скачкі і прысяданні, рэзкія развароты. Мужчыны заўсёды танцавалі на напаўсагнутых нагах. Танцор імкнуўся ўвасобіць навакольны свет, перадаць звычкі звяроў і птушак. У мансі існуюць такія танцы, як "Танец пугача", "Танец сарокі", "Танец зборшчыц ягад", "Танец мянтуза", "Танец паляўнічых", "Танец аленегадоўцаў" і інш.[45]

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова мансі належыць да ўгорскай галіны фіна-ўгорскай моўнай сям'і, блізкая да моў ханты і венграў. Падзяляецца на 4 буйныя дыялекты. Навуковае вывучэнне пачалося з XVIII ст., калі па загаду Васіля Тацішчава быў складзены "Слоўнік вагульскай мовы"[46]. У 1930-х гг. быў створаны алфавіт на аснове лацінкі, у 1937 г. пераведзены на кірыліцу. У наш час літаратурная мова вывучаецца ў школах, выкарыстоўваецца ў некаторых друкаваных СМІ. Заходнія і паўднёвыя мансі ўжо не карыстаюцца роднай мовай як сродкам зносін. Сярод усходніх мансі таксама адбываецца хуткая русіфікацыя.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйная рэлігія мансі спалучала політэізм, татэмізм і шаманізм. Мансі падзялялі сусвет на верхні (нябесны), сярэдні (зямны) і ніжні (падземны). Кожная частка сусвета падзялалася на пэўныя сферы. Зямны свет падзяляўся на гарызанталі адносна плыняў рэк. Пантэон налічваў каля 300 бажаствоў мужчынскага і жаночага полу[47]. Галоўную ролю сярод іх адыгрываў Тōрум, які жыў у верхнім свеце разам са сваім бацькам Корс, дзедам Ōпыль-ōйка, богам грому Сяхыл-Тōрум, богам Месяца Ётпос ōйка, сонечнай багіняй Хōтал-Эква і г. д. Сярод багоў сярэдняга свету найбольш шанаваліся заступнікі пэўных месцаў, паселішчаў і рэк, асабістыя заступнікі, багіня агню Нāй, Мир Суснэ Хум, сын Тōрум, якому вярхоўны бог перадаў кантроль ў сярэднім сусвеце, яго маці Калтась-ӭква і яго крылаты конь Товлынг-лув. Мансі верылі, што падземным светам кіруе бог Хуль ōтыр, што насылае на людзей хваробы.

Вылучаліся дробныя багі або духі, якія ахоўвалі чалавека, яго сям'ю і абшчыну. Мансі выраблялі антрапаморфныя выявы такіх духаў. Яны перадаваліся ад аднаго пакалення да наступнага. Акрамя таго, у якасці сямейных фетышаў існавалі выпадкова знойдзеныя, незвычайныя ў адносінах да паўсядзённасці прадметы. Імі маглі быць вырабы старажытнай бронзаліцейнай вытворчасці, незвычайнай формы камяні, наканечнікі стрэл неалітычнай эпохі і г. д. [48] Духі-ахоўнікі часцяком уяўляліся як продкі і заснавацелі, прымалі форму жывёл — лася, мядзведзя, птушак, казурак. Так, фратрыя Пор паўночных мансі лічыць сваім продкам і культурным героем мядзведзя. Яе чальцы арганізуюць мядзвежыя святы яны пике[49].

Каля жытла будавалі культавыя свірны, дзе захоўвалі татэмы, рытуальную зброю, ахвярапрынашэнні. У якасці ахвяр выкарыстоўвалі здабытую дзічыну, коняў, свойскіх аленяў і г. д.[50] Праваслаўныя місіянеры XVII - XVIII стст. паведамлялі пра чалавечыя ахвярапрынашэнні. Некаторыя супольныя рытуалы праводзіліся пад наглядам шамана. У мансі існавала некалькі катэгорый шаманаў. Вышэйшай была лылынг пупин няйт — шаманы "жывых" духаў. Галоўнай функцыяй шаманаў з'яўлялася лекаванне.

У выніку кантактаў з сібірскімі татарамі сярод мансі некаторы час распаўсюджваўся іслам[51], аднак ён істотна не адбіўся на наступным развіцці гэтага народа. У XVIII ст. пры падтрымцы ўладаў адбывалася актыўная хрысціянізацыя. У 1714 - 1718 гг. большасць мансі намінальна прынялі праваслаўе[52], хаця працягвалі захоўваць многія традыцыйныя звычаі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. 1990 - - Мифы, предания, сказки хантов и манси
  2. Саргатская культура (эпоха раннего железного века)
  3. Кулайская культура (эпоха раннего железного века)
  4. ГОРОХОВСКАЯ КУЛЬТУРА
  5. Traces of Early Eurasians in the Mansi of Northwest Siberia Revealed by Mitochondrial DNA Analysis
  6. Northwest Siberian Khanty and Mansi in the junction of West and East Eurasian gene pools as revealed by uniparental markers
  7. ДРЕВНЯЯ РОДИНА ЮЖНЫХ МАНСИ
  8. Федорова Н.В., Гусев Ан. В. Древнее святилище Усть-Полуй: на перекрестке культурных традиций // Труды II (XVIII) Всероссийского археологического съезда в Суздале. Т. II. – М.: ИА РАН, 2008. – С. 175-177
  9. Аповесць мінулых часоў.doc
  10. Владимир Напольских, Йoгра. (Ранние обско-угорско-пермские контакты и этнонимия)
  11. М. Д. Игнатов, К этимологии иноэтнонима манси гогулич, вогул
  12. Янин В. Я послал тебе бересту... / Валентин Янин. - Москва: Школа "Языки русской культуры", 1998 С. 322
  13. Новгородские походы в Югру XI-XV вв
  14. Продвижение русских в Зауралье
  15. Пилипчук Я. В. Пелымское княжество манси в средневековой истории Сибири
  16. ПОКОРЕНИЕ ПЕЛЫМСКОГО КНЯЖЕСТВА В XVI ВЕКЕ
  17. СИБИРЬ ПЕРЕД ПРИСОЕДИНЕНИЕМ К РУССКОМУ ГОСУДАРСТВУ
  18. Продвижение русских в Зауралье
  19. Вогулы. Этнографический очерк В.Г. Павловского. Казань, типо-литография Университета, 1907 год . С. 44 - 47
  20. Обдорское княжество - Государства мира
  21. Пелымское княжество - Государства мира
  22. Вогулы. Этнографический очерк В.Г. Павловского. Казань, типо-литография Университета, 1907 год . С. 48 - 49
  23. Русские в Сибири в XVII веке
  24. Завоевание югорских княжеств длилось более 500 лет
  25. Вогулы. Этнографический очерк В.Г. Павловского. Казань, типо-литография Университета, 1907 год . С. 50 - 54
  26. ФИЛОФЕЙ ЛЕЩИНСКИЙ
  27. Гл.: Федор Романенко, Сергей Ларьков, «Враги народа» за Полярным кругом (сборник)
  28. Спасение Югры - Югражданин
  29. Народы России: Энциклопедия. / Главный редактор В. А. Тишков. - М.: Большая Российская Энциклопедия, 1994. С. 227
  30. Цыт. па Манси - коренное население тавдинского края
  31. Рыболовецкая культура хантов и манси
  32. Сосьвинские манси
  33. Жилище хантов и манси
  34. Селения и жилища хантов и мансов
  35. Традиционная одежда манси - Культурное наследие Югры
  36. Кухня Манси
  37. ТРАДИЦИОННАЯ КУХНЯ
  38. Пор - Культурное наследие Югры
  39. [http://cheloveknauka.com/problemy-sotsialnoy-i-etnicheskoy-istorii-hantov-i-mansi-v-xviii-xix-vv Соколова З. П., Проблемы социальной и этнической истории хантов и манси в XVIII-XIX вв.
  40. История села Леуши в документах и воспоминаниях его жителей
  41. Е. Г. Федорова, «ОДНОГО КОРНЯ ЛЮДИ» И ДРУГИЕ ВИДЫ РОДСТВЕННЫХ ОТНОШЕНИЙ У СЕВЕРНЫХ МАНСИ (По материалам последней четверти XX — начала XXI в.)
  42. МАНСИ ФОЛЬКЛОР - Уральская Историческая Энциклопедия
  43. Фольклор югорских народов
  44. МУЗЫКАЛЬНЫЕ ИНСТРУМЕНТЫ ЯМАЛА
  45. Панченко Л.Н. ТРАДИЦИОННЫЕ ТАНЦЫ НАРОДА МАНСИ // В мире науки и искусства: вопросы филологии, искусствоведения и культурологии: сб. ст. по матер. XI междунар. науч.-практ. конф. Часть II. – Новосибирск: СибАК, 2012.
  46. Ромбандеева Е. И., Мансийский язык
  47. Д. В. ГЕРАСИМОВА, ПАНТЕОН МАНСИЙСКИХ БОЖЕСТВ
  48. И.Н. Гемуев. Мифологическая картина мира манси
  49. Медвежий праздник
  50. Е.Г. Федорова, ЖЕРТВОПРИНОШЕНИЯ У СЕВЕРНЫХ МАНСИ: О РОЛИ ЖРЕЦА, ШАМАНА, «ЗНАЮЩЕГО»
  51. Ханты и манси тоже когда-то были мусульманами
  52. ФИЛОФЕЙ ЛЕЩИНСКИЙ