Манумент Перамогі (Мінск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Помнік
Манумент Перамогі
53°54′30″ пн. ш. 27°34′28″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Скульптар Заір Азгур, Андрэй Бембель, Аляксей Глебаў, Сяргей Селіханаў
Архітэктар Георгій Уладзіміравіч Заборскі і Уладзімір Адамавіч Кароль
Дата заснавання 1954
Дата пабудовы 1954 год
Вышыня 38 м
Матэрыял граніт і лабрадарыт
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Манумент Перамогі — манумент-абеліск на плошчы Перамогі ў сталіцы Беларусі горадзе Мінску ў гонар воінаў Савецкай Арміі, партызанаў і падпольшчыкаў, якія здзейснілі гераічны подзвіг у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Спачатку размясціць велічны помнік Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ў Мінску планавалася ў іншым месцы. Манумент, згодна з зацверджанымі афіцыйна ўмовамі конкурсу, абвешчанага ў 1946 годзе, павінны былі збудаваць «на Галоўнай плошчы цэнтральнага ансамбля горада». А вакол гэтай плошчы павінны былі паўстаць адміністрацыйныя будынкі. Ужо існуючыя аб’екты (будынак Цэнтральнага камітэта КП(б)Б, акруговы Дом афіцэраў і сквер) уключаліся да зноў створанага ансамбля. Такім чынам, спачатку манумент павінен быў быць збудаваным прыкладна ў раёне Кастрычніцкай плошчы. Аднак, першапачатковая задума была зменена — планаваную вышыню помніка 48 метраў паменшылі аж на 10 метраў, а плануемы матэрыял абеліска белы мармур быў зменены на шэры граніт[1].

У 1950 годзе Упраўленне па справах архітэктуры пры СМ БССР абвясціла конкурс на стварэнне праекта помніка-манумента воінам і партызанам. Удзел у конкурсе прынялі 70 архітэктараў і скульптараў Масквы, Ленінграда, Мінска, Рыгі і іншых гарадоў. Першая прэмія была прысуджана праекту пад дэвізам «Беларусь» архітэктараў-мастакоў з Мінска Г. У. Заборскага і У. А. Караля.

Па словах Г. Заборскага, ідэя помніка ўзнікла яшчэ ў 1942 годзе, паколькі яго стваральнік цвёрда быў упэўнены ў перамозе СССР у вайне. Непасрэдна да ўсталявання манумента на плошчы знаходзіўся сімвалічны камень, абгароджаны вісячымі ланцугамі на 4 невялікіх слупах.

Скульптарамі сталі Заір Азгур, Андрэй Бембель, Аляксей Глебаў, Сяргей Селіханаў. Граніт на абліцоўку Манумента Перамогі быў дастаўлены з-пад Днепрапятроўска і Жытоміра (Украіна), мазаіку для Ордэна Перамогі даслалі з Акадэміі мастацтваў Ленінграда, а разьбу на граніце выканалі ўкраінскія муляры; бронзавыя ж гарэльефы, меч і вянкі адлівалі ленінградскія майстры заводу «Манументскульптура».

Урачыстае адкрыццё помніка ў гонар перамогі савецкага народа над фашысцкай Германіяй і на ўшанаванне памяці воінаў Савецкай Арміі і партызан, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, было прымеркавана да 10-й гадавіны вызвалення Беларусі і адбылося ў 1954 годзе. З тых часоў манумент з’яўляецца упрыгажэннем сталіцы Беларусі, а таксама месцам правядзення розных мерапрыемстваў у гонар подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, у прыватнасці ў чарговыя гадавіны Дня Перамогі.

Ганаровая варта

У дзень 17-годдзя з дня вызвалення Мінска 3 ліпеня 1961 года ў падножжа манумента Перамогі быў запалены Вечны агонь.

9 мая 1992 года праваахоўныя органы, падпарадкаваныя старшыні Савета міністраў Вячаславу Кебічу, не прапусцілі ўскласці кветкі да манумента ў час афіцыйнай цырымоніі калону БНФ, на чале якой ішлі дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі Сяргей Навумчык і Зянон Пазняк, а таксама пісьменнік-франтавік Васіль Быкаў. 3 ліпеня, у дзень 50-годдзя вызвалення Беларусі ад нацысцкай акупацыі, сітуацыя паўтарылася. Сярод тых ветэранаў, каго не прапусцілі да помніка апынуўся і яго аўтар — архітэктар Георгій Заборскі, пра што ён пазней выказаўся так[2]:

" Я быў тройчы паранены, чацвёртую рану мне нанеслі тут. Хто і чаму вырашыў не пускаць мяне да помніка, які я ствараў сваім сэрцам? "

Апошнія аднаўленчыя работы на плошчы Перамогі, у тым ліку і звязаныя з манументам Перамогі, здзяйсняліся ў сярэдзіне 2000-х гадоў. Зараз (канец 2000-х) плошча і помнік добра ўпарадкаваны, працуе асвятленне і падсвятленне манумента.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

А. Глебаў. Рэльеф «Партызаны Беларусі». 1953

На перакрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Захарава. Кампазіцыйна завяршае ансамбль плошчы Перамогі і з’яўляецца яе вышыннай дамінантай, замыкае перспектыву вуліц, якія праменнямі сыходзяцца да яго. Паўкружныя фасады дамоў, што агінаюць плошчу з паўночна-ўсходняга боку, утвараюць своеасаблівае абрамленне помніка[3]. Манумент добра праглядаецца з многіх кропак прылеглага раёна і паркаў каля ракі Свіслач[4].

Вырашаны ў форме велічнага, абліцаванага шэрым гранітам абеліска вышынёй каля 40 м, увенчанага выявай ордэна «Перамога» з бронзы і смальты. Грані абеліска рытмічна расчлянёны вузкімі і завершаны шырокай палосамі, якія нагадваюць беларускі арнамент. 4 грані пастамента аформлены бронзавымі гарэльефамі: «9 мая 1945 г.» (скульптар А. Бембель), «Савецкая Армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (С. Селіханаў). «Слава загінуўшым героям» (З. Азгур), «Партызаны Беларусі» (А. Глебаў). Паслядоўным чаргаваннем рэльефаў, лаканічнымі пластычнымі сродкамі эмацыянальна перададзены кульмінацыйныя моманты барацьбы савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, горыч страт, радасць перамогі. Шматфігурныя кампазіцыі выкананы ў рэалістычнай манеры, з дэталёвай прапрацоўкай рэльефных выяў[3].

Абеліск пастаўлены па гранёны расшыраны ўнізе стылабат (чорны лабрадарыт), на якім выява бронзавага мяча, абвітага лаўровай галінкай (скульптар С. Салтыкоў). Уся кампазіцыя размешчана на шырокім васьмігранным ступеньчатым подыуме, 4 грані якога прарэзаны кубічнымі стылабатамі (чорны лабрадарыт) з 4 бронзавымі лаўровымі вянкамі на іх (скульптар С. Адашкевіч), якія сімвалізуюць чатыры франты, байцы якіх прымалі ўдзел у вызваленні Беларусі. Перад манументам 3 ліпеня 1961 г. запалены Вечны агонь, неслі ганаровую варту піянеры і камсамольцы[3].

Першапачаткова манумент быў размешчаны на круглай у плане плошчы. У 1984 годзе, у сувязі з увядзеннем у дзеянне Мінскага метрапалітэна, плошча перад помнікам пераплапавана (вырашана ў 2 узроўнях; архітэктары Б. Ларчанка, Б. Школьнікаў, К. Вязгін). Пад зямлёю аснова манумента абкружана кальцавой абходнай галерэяй, звязанай са станцыяй метрапалітэна. Галерэя пераходзіць у круглую мемарыялыіую залу, прысвечаную памяці герояў, загінуўшых у Вялікую Айчынную вайну. У цэнтры яе вянок, выкананы з мастацкага шкла з падсветкай знутры (мастак В. Позняк), — сімвал Вечнага агню памяці. На сцяне бронзавыя выява Зоркі Героя Савецкага Саюза і пласціны з імёнамі 566 ураджэнцаў Беларускай ССР і інш. саюзных рэспублік, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Гранітныя лесвіцы вядуць з залы на плошчу. Сіметрычныя лесвічныя выхады аформлены масіўнымі гранітнымі блокамі. На іх верхніх пакатых гранях — выкананыя ў бронзе выявы прыспушчаных сцягоў (скульптар М. Рыжанкоў)[3].

Вечны агонь і плошча перад манументам

Ад выхадаў да манумента вядуць ланцужкі невялікіх гранітных блокаў (па 6 з кожнага боку) з надпісамі-прысвячэннямі гарадам-героям Маскве, Ленінграду, Валгаграду, Адэсе, Севастопалю, Кіеву, Наварасійску, Керчы, Туле, Брэсцкай крэпасці-герою, Смаленску, Мурманску і выявамі ўзнагарод. Пляцоўка, на якой размешчаны помнік, упрыгожана кветкамі і пасадкамі елкі[3].

Зноскі

  1. Плошча Перамогі (Мінск) Архівавана 23 студзеня 2013. на www.minsk-old-new.com («Мінск стары і новы. Мінск на фотаздымках.», + інфо) Архівавана 2 лютага 2013. (руск.)
  2. Як Быкава не пускалі на плошчу Перамогі
  3. а б в г д 259а. Манумент Перамогі // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
  4. Минск. Монумент Победы // у кн. Белоруссия, Литва, Латвия, Эстония. Справочник-пуеводитель. (серия: «Памятники искусства Советского Союза»), М.: Искусство, Эдицион Лейпциг, стар. 356 (руск.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]