Перайсці да зместу

Маральны кодэкс будаўніка камунізму

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Маральны кодэкс будаўніка камунізму - шэраг прынцыпаў і правілаў, усталяваных савецкай ідэалогіяй у галіне маралі. Распрацаваны ў 1961 годзе ў выглядзе 12 правілаў паводзін і зацверджаны чарговым з'ездам КПСС[1]. У некаторым сэнсе ідэя такога кодэксу была супрацьдзеяннем рэлігійнай і асабліва хрысціянскай маралі, спробай даказаць, што атэіст можа быць больш высокамаральным чалавекам, чым вернік. Часткова гэта было звязана і з тым, што марксізм-ленінізм быў у большай ступені палітычна-эканамічнай тэорыяй і амаль не закранаў пытанні побытавага жыцця сям'і, адносін да алкаголю, хлусні, паводзін палоў і баўлення часу, пры гэтым рэлігія ў СССР падвяргалася пэўным абмежаванням, Біблія высмейвалася як падман і друкавалася абмежаванымі тыражамі. А з самага пачатку існавання савецкай улады пэўная частка рэвалюцыянераў (і не толькі) імкнулася да поўнай маральнай свабоды, напрыклад свабоды палавога жыцця. Гэта падрывала саму магчымасць існавання дзяржавы дыктатуры пралетарыяту. Таму акрэсліць пэўныя маральныя каштоўнасці камуністаў было неабходна.

Біблія і Маральны кодэкс

[правіць | правіць зыходнік]

Сярод былых грамадзян Савецкага саюза распаўсюджана думка, што Маральны кодэкс заснаваны на вучэннях Бібліі, у прыватнасці 10 запаведзях. Таму мае сэнс прывесці іх у супастаўленні.

Тэкст 10 запаведзяў[2]

[правіць | правіць зыходнік]

1-я

Я Гасподзь, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Егіпецкай, з дому рабства; хай не будзе ў цябе іншых багоў перад абліччам Маім.

2-я

Не рабі сабе куміра і ніякай выявы таго, што на небе ўгары, і што на зямлі ўнізе, і што ў вадзе ніжэй зямлі; не пакланяйся ім і не служы ім, бо Гасподзь, Бог твой, Бог руплівец, Які карае дзяцей за віну бацькоў да трэцяга і чацвёртага роду, што ненавідзяць мяне, і Які чыніць мілату тысячам родаў, што любяць Мяне і шануюць запаведзі Мае.

3-я

Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, марна, бо Гасподзь не пакіне без пакарання таго, хто вымаўляе імя Яго марна.

4-я

Але памятай дзень суботні, каб свяціць яго; шэсць дзён працуй і рабі ўсякія дзеі твае, а дзень сёмы - субота Госпаду, Богу твайму: не рабі ў гэты ніякай працы ні ты, ні сын твой, ні дачка твая, ні раб твой, ні рабыня твая, ні быдла тваё, ні прыхадзень, які ў брамах тваіх; бо за шэсць дзён стварыў Гасподзь неба і зямлю і мора і ўсё, што ў іх, а ў дзень сёмы спачыў; таму дабраславіў Гасподзь дзень суботні і асвяціў яго.

5-я

Шануй бацьку твайго і маці тваю, каб падоўжыліся дні твае на зямлі, якую Гасподзь Бог твой, дае табе.

6-я

Не забівай.

7-я

Не чыні пералюбу.

8-я

Не крадзь.

9-я

Не кажы ілжывага сведчання на блізкага твайго.

10-я

Не прагні дому блізкага твайго; не прагні жонкі блізкага твайго, ні раба ягонага, ні рабыні ягонай, ні вала ягонага, ні асла ягонага, нічога, што ў блізкага твайго.

Тэкст Маральнага кодэкса

[правіць | правіць зыходнік]

1-ы пастулат

Адданасць справе камунізму, любоў да сацыялістычнай Радзімы, да краін сацыялізму.

2-і пастулат

Добрасумленная праца на карысць грамадства: хто не працуе, той не есць.

3-і пастулат

Клопат кожнага аб захаванні і памнажэнні грамадскага набытку.

4-ы пастулат

Высокае ўсведамленне грамадскага абавязку, нецярпімасць да парушэння грамадскіх інтарэсаў.

5-ы пастулат

Калектывізм і таварыская ўзаемадапамога: кожны за ўсіх, усе за аднаго.

6-ы пастулат

Гуманныя адносіны і ўзаемнае шанаванне паміж людзьмі: чалавек чалавеку сябар, таварыш і брат.

7-ы пастулат

Сумленнасць і праўдзівасць, маральная чысціня, прастата і сціпласць у грамадскім і асабістым жыцці.

8-ы пастулат

Узаемнае шанаванне ў сям'і, клопат аб выхаванні дзяцей.

9-ы пастулат

Непрымірымасць да несправядлівасці, дармаедства, несумленнасці, кар'ерызму, сцяжацельству.

10-ы пастулат

Сяброўства і брацтва ўсіх народаў СССР, нецярпімасць да нацыянальнай і расавай непрыязі.

11-ы пастулат

Нецярпімасць да ворагаў камунізму, справы міру і свабоды народаў.

12-ы пастулат

Брацкая салідарнасць з працоўнымі ўсіх краін, з усімі народамі.

Калі параўнаць змест 10 запаведзяў і Маральнага кодэкса, то агульнага паміж гэтымі вучэннямі можна знайсці няшмат.

Таксама існуюць думкі аб тым, што ідэі Маральнага кодэкса ўзяты з іншых частак Бібліі, у прыватнасці з Нагорнай пропаведзі Ісуса Хрыста. Аб гэтым пісаў лідар КПРФ Генадзь Зюганаў[3]. Але правільней было б казаць, што некаторыя ідэі Кодэкса былі ўзяты з розных частак Бібліі і што ў аснову Маральнага кодэкса леглі многія агульначалавечыя каштоўнасці.

Зноскі

  1. Общество и право. Федор Бурлацкий: “Судьба дала мне шанс”. Беседа главного редактора журнала “Российский адвокат” Р. А. Звягельского с известным политологом, ученым и писателем Ф. М. Бурлацким//«Российский адвокат» №5, 2007 Архівавана 23 жніўня 2013.
  2. На аснове: Біблія ў перакладзе Васіля Сёмухі (2002 г.), Кніга Выхад, раздзел 20. Арфаграфія тэксту стылізавана пад афіцыйны літаратурны варыянт беларускай мовы: выдалены мяккі знак пасля літар "с", "з" і "н" паўсюль, дзе гэтага патрабуюць правілы сучаснай літаратурнай беларускай мовы.
  3. Г.А. Зюганов: Защитим наши национальные ценности и святыни!