Маратхі (народ)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Маратхі, народ)
Маратхі
(महाराष्ट्रीय)
Агульная колькасць каля 72 млн
Рэгіёны пражывання Індыя,
Мова маратхі
Рэлігія індуізм, іслам, джайнізм, будызм, хрысціянства, іўдаізм
Блізкія этнічныя групы хіндустанцы, гуджаратцы, цыганы, конкані

Маратхі (маратхі: महाराष्ट्रीय) — народ у Індыі, асноўнае насельніцтва Махараштры. Агульная колькасць — каля 72 млн чал.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Як этналінгвістычная злучнасць маратхі пачалі фарміравацца на захадзе Дэкана з пачатку 2 тысячагоддзя н.э. Першыя помнікі на мове маратхі вядомы з XI ст. Аднак носьбіты гэтай мовы падзяляліся на розныя касты, адрозніваліся па дзяржаўнай і рэлігійнай прыналежнасці. У XVII ст. Шываджы заснаваў магутную імперыю, у якой кіравалі прадстаўнікі касты маратхаў. Жыхары імперыі, якія карысталіся дыялектамі прыдворнай мовы, таксама сталі называцца маратхамі. Канчаткова гэта назва замацавалася за цэлым народам пасля 1818 г., калі дзяржавы маратхаў былі канчаткова заваяваны брытанцамі, якія пачалі выкарыстоўваць назву касты ў адносінах да народа ў афіцыйных дакументах і літаратуры.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Асновай агульнай тоеснасці маратхаў з’яўляецца Мова маратхі. У астатнім да нашых дзён захоўваецца разнастайнасць культурных традыцый прадстаўнікоў розных каст, родавых супольнасцей і рэгіянальных груп. Касты і родавыя супольнасці надзвычай замкнёныя. Кожная каста практыкуе характэрныя толькі для яе рэлігійныя рытуалы, прафесійныя, кулінарныя і пабытовыя традыцыі. Шлюбы па-за межамі пэўнай касты не вітаюцца. Лепшым лічыцца шлюб са стрыечнай сястрой. У мінулым таксама былі распаўсюджаны шлюбы з сёстрамі памерлай жонкі. Сярод багатых маратхаў часта сустракалася палігінія.

У большасці груп маратхаў практыкуецца адлік сваяцтва па бацькоўскай лініі. Дачка звычайна адносіцца да роду бацькі, але яе дзеці — да роду яе мужа. У нашы дні асабліва ў гарадах распаўсюджаны малыя нуклеарныя сем’і, якія вядуць гаспадарку самастойна ад сваякоў. Але ў любым выпадку яны адносяцца да вялікіх пашыраных сем’яў куль, што ў сваю чаргу ўваходзяць у склад вялікіх родавых груп дзевак. Дзевак аб’ядноўвае не толькі сваяцтва, але наяўнасць агульных рэлігійных традыцый і родавых сімвалаў, сталы абмен падарункамі і шлюбныя адносіны паміж куль.

Жорсткі каставы падзел грамадства асабліва добра назіраецца ў вёсках, дзе прадстаўнікі пэўных каст і родаў селяцца паасобку. Нават у гарадах яны выбіраюць асобныя раёны і вуліцы. Паколькі практыкуюцца перадача прафесійных заняткаў па спадчыне і ўзаемадапамога ўнутры родавых груп дзевак, то сацыяльны рост і змена месца працы надзвычай абцяжараны. Характэрна, што нават злачынныя групіроўкі ў буйных гарадах фарміруюцца па рэлігійнаму і каставаму прынцыпах.

Літаратура на мове маратхі ўзнікла ў сярэднявеччы. На ёй пісалі рэлігійныя тэксты, паэмы пра каханне, пазней — гераічныя паэмы. У XIX ст. узнікла сучасная літаратура. У XX ст. — кіно.

У розных рэгіёнах Махараштры захоўваюцца асаблівыя кулінарныя традыцыі, але асновай прыгатавання страў з’яўляюцца рыс, проса, малочныя і мясныя прадукты, якія багата прыпраўляюцца спецыямі і падаюцца з гароднінай. Прадстаўнікі вышэйшых каст абмяжоўваюцца малочна-расліннай дыетай. Розніца ў культуры ежы адбіваецца на паўсядзённым жыцці. Так, у Мумбаі ў рэстараны бяруць кухарамі толькі прадстаўнікоў той касты і рэлігіі, якая пераважае ў дадзеным раёне ці вуліцы. Тыя, хто працуе ў дзелавых раёнах далёка ад дома, аддаюць перавагу ежы, якую гатуюць для іх у сям’і, а потым дастаўляюць са спецыяльнымі пасланцамі на працу.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Мова маратхаў адносіцца да індаарыйскай групы індаеўрапейскай сям’і моў. Пісьмовасць на аснове дэванагары.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Большасць маратхаў спавядае індуізм, аднак сярод вернікаў таксама ёсць мусульмане, джайністы, будысты і хрысціяне. Каля 90 тыс. чалавек спавядае іўдаізм (жывуць пераважна ў Ізраілі).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]