Марвін Джон Хімеер

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Марвін Джон Хімеер
Marvin John Heemeyer
Род дзейнасці зваршчык, бізнесмен, прадпрымальнік
Дата нараджэння 28 кастрычніка 1951(1951-10-28)
Месца нараджэння
Дата смерці 4 чэрвеня 2004(2004-06-04) (52 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
  • невядома
Грамадзянства
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ма́рвін Джон Хіме́ер (англ.: Marvin John Heemeyer; 28 кастрычніка 1951 — 4 чэрвеня 2004) — зваршчык, уладальнік аўтакрамы ў Грэнбі, штат Каларада. Пасля працяглага канфлікту з цэментным заводам Mountain Park з-за тэрыторыі, на якой знаходзілася яго майстэрня, абсталяваў бульдозер Komatsu D355A-3 і 4 чэрвеня 2004 года зруйнаваў з яго дапамогай 13 адміністрацыйных будынкаў (у тым ліку ўсе будынкі, якія належалі цэментнаму заводу), пасля чаго застрэліўся. Гэтае здарэнне ў СМІ і сэціве таксама вядомае як «Вайна Марвіна Хімеера», а яго бульдозер — як KillDozer.

Агульны ўрон, прынесены гораду, склаў каля 5 млн долараў, заводу кампаніі Mountain Park — каля 2 млн долараў.

Папярэднія падзеі[правіць | правіць зыходнік]

Хімеер жыў у горадзе Грэнд Лэйк, штат Каларада, прыблізна 26 км ад Грэнбі. Суседзі сцвярджалі, што ён пераехаў у Грэнбі прыкладна за 10 гадоў да апісаных падзей.

Джон Болдры, Хімеераў сябар, узгадвае пра яго як пра прыемнага чалавека. Кен Хімеер казаў, што яго брат «гатовы быў зрабіць усё магчымае для іншае асобы». Некаторыя людзі выказваюць іншае меркаванне. Крысці Бэйкер сказала, што Хімеер пагражаў ейнаму мужу пасля таго, як ён адмовіўся плаціць за кепска адрамантаваны глушнік. Бэйкер сказала, што яе муж пасля перадаў Хімееру 124 долары праз пасярэдніка.

" «Ён пагражаў майму мужу смерцю», — узгадвала жыхарка горада Крысці Бэйкер. — «Ён пагражаў майму мужу за глушнік». Бэйкер сказала, што разам з мужам Дугам яны прыехалі на грузавіку ў Хімеераву майстэрню, дзе той усталяваў ім непадыходзячы тып глушніку. Яны адмовіліся плаціць, і Крысці Бэйкер сцвярджае, што неўзабаве яны пачулі пагрозу ад Хімеера. Яны аддалі $124 гатоўкай пасярэдніку, каб разлічыцца з Хімеерам.
Крысці Бэйкер
John Ingold, Brittany Anas, Howard Pankratz. The Denver Post, 6 чэрвеня 2004.
"

Тэрытарыяльныя спрэчкі[правіць | правіць зыходнік]

У 1992 годзе Хімеер набыў 2 акры (8,1 тыс. м²) зямлі ў карпарацыі Resolution Trust Corporation, заплаціўшы за гэта каля 42 тысяч долараў. Пазней ён пагадзіўся прадаць свой надзел сям’і Дочэф (англ.: Docheff), якая планавала пашырыць тэрыторыю размешчанага побач цэментнага завода. Спачатку дамовіліся пра ўгоду на суму 250 тысяч долараў, аднак пасля Хімеер змяніў сваё рашэнне і падвысіў кошт продажу да 375 тыс. дал., а яшчэ пазней амаль да 1 млн долараў. Усё гэта адбывалася задоўга да таго, як прапановы пра пераразмеркаванне зямлі дайшлі да гарадскога муніцыпалітэту.

У 2001 годзе камісія па землеўпарадкаванні і ўлады горада зацвердзілі план пабудовы цэментнага завода. Хімеер беспаспяхова спрабаваў абскардзіць рашэнне. Цягам папярэдніх гадоў Хімеер карыстаўся прылеглай зямлёй для пад’езда да ўласнай майстэрні па рамонце і продажы аўтамабільных глушнікоў. Пашырэнне цэментнага завода пазбавіла яго гэтага праезду. У дадатак улады Грэнбі аштрафавалі Хімеера на 2,5 тыс. долараў за розныя парушэнні, у тым ліку «жалеззе са старых машын на тэрыторыі, і за непадключэнне да каналізацыі». Хімееру для такога падключэння патрэбна было перасекчы 2,4 метры зямлі, якая прыналежала бетоннаму заводу.

Хімеер апошнім разам паспрабаваў апеляваць да муніцыпалітэта разам са сваімі роднымі і сябрамі, і безвынікова. Без каналізацыі і дазволу гарадскіх уладаў яго прадпрыемства не магло функцыянаваць[1].

Мадыфікацыя бульдозера[правіць | правіць зыходнік]

За некалькі месяцаў да здарэння Хімеер здаў свой бізнес у арэнду, а маёмасць прадаў. Двума гадамі раней ён набыў бульдозер Komatsu D355A-3 для таго, каб з яго дапамогай пракласці іншую дарогу да крамы, аднак улады не далі яму на гэта дазволу.

На падрыхтоўку бульдозера да буянства пайшло паўтара гады. У нататках, знойдзеных следствам пасля здарэння, Хімеер пісаў: «Цікава, як мяне яшчэ не спаймалі. Праект займаў частку майго працоўнага дня цягам больш як паўтара гады». Ён дзівіўся, што наведвальнікі, якія з'яўляліся ў яго майстэрні, не заўважылі нічым не прыхаваных змяненняў бульдозера, «асабліва з павелічэннем яго масы на 910 кг»[2].

Бульдозер, пра які вядзецца, — гусенічны Komatsu D355A[3]. Хімеер абсталяваў яго браніраваным панцырам, які прыкрываў кабіну, рухавік і тракі. У некаторых месцах таўшчыня брані сягала больш за 1 фут (каля 30 см) і складалася з некалькіх слаёў стальных аркушаў і бетону, што рабіла яе вузкаспецыялізаванай кампазітнай бранёй, няўразлівай да стралковай зброі і выбухоўкі. Тры выбухі і каля 200 стрэлаў з аўтаматычнай зброі не нанеслі бульдозеру аніякай шкоды[4]. Па распараджэнні губернатара Біла Оўэнса былі прыведзены ў павышаную боегатоўнасць супрацьтанкавыя атрады Нацыянальнай Гвардыі[5].

Каб забеспячыць добры агляд, Марвін абсталяваў бульдозер некалькімі відэакамерамі, падключанымі да двух дысплэяў на прыборнай дошцы. Аб’ектывы камераў былі абаронены 3-хцалевым куленепрабівальным пластыкам[4]. Вентылятары і кандыцыянер падтрымлівалі тэмпературу ў кабіне, а пры дапамозе сціснутага паветра можна было ачышчаць відэакамеры ад пылу. У практычна гэрметычнай кабіне захоўвалася пэўная колькасць ежы, вады, медыкаментаў. Улады пасля меркавалі, што для ўсталявання брані на бульдозер Хімеер, ужо знаходзячыся ўнутры бульдозера, мог скарыстаць самаробны пад’ёмны кран, які кіраваў з дапамогай пульту дыстанцыйнага кіравання. «Апускаючы бранявую абалонку, Хімеер разумеў, што пасля гэтага ўжо не здолее вылезьці з машыны», — заявілі паліцэйскія эксперты. У гаражы, дзе размяшчаўся бульдозер, пасля былі знойдзены цэмент, браня і сталь[4].

Пазней Хімеераў бульдозер будзе празваны «Кілдозерам» (англ.: Killdozer), хоць падчас буянства загінуў толькі сам Хімеер.

Утрапёнасць[правіць | правіць зыходнік]

4 чэрвеня 2004 года Хімеер выехаў на сваім бульдозеры праз сцяну сваёй былой крамы. Зруйнаваў па чарзе будынкі цэментнага завода, муніцыпалітэта, офіса мясцовай газеты (там былі надрукаваны тэндэйцыйныя матэрыялы пра яго). Пасля знішчыў дом удавы былога суддзі, краму бытавой тэхнікі, уладальніка якой Хімеер таксама ўзгадваў у судовай справе, і іншыя. Уласнікі ўсіх пашкоджаных будынкаў тым або іншым чынам былі звязаны з тэрытарыяльнай спрэчкай Хімеера[6].

Агулам Хімеер зруйнаваў 13 будынкаў[3], агульны ўрон ацэнены ў суму больш як 7 млн долараў[7]. Сярод разбураных таксама будынкі службы газазабеспячэння муніцыпалітэту, часткова службы бытавых і камунальных паслуг, пашкоджаны адзін грузавік[8].

Нягледзячы на вялізныя разбурэнні, ніводзін чалавек, акрамя самога Хімеера, не быў забіты. Шматлікія жыхары горада былі апавешчаны пра забурэнне ў горадзе праз зваротную сувязь службы 911 і здолелі пакінуць месца падзей.

На думку абаронцаў Хімеера, ён стараўся зрабіць усё, каб нікога не параніць[4]. Аднак паліцыя акругі лічыць, што гэта хутчэй шанцаванне, чым памкненне самога Хімеера, што кулі не трапілі ў людзей. Марвін усталяваў у адмыслова створаных байніцах дзве паўаўтаматычныя вінтоўкі[9] і выстраліў 15 куляў па сілавых трансфарматарах і цыстэрнах з прапанам. «Калі б гэтыя цыстэрны выбухнулі, мог бы пастрадаць кожны ў радыусе паўмілі», — заявіў дэпартамент шэрыфа. У той час у гэтым раёне знаходзіліся 12 афіцэраў паліцыі і насельнікі дому састарэлых[10]. Таксама паліцыя сцвярджала, што Хімеер страляў чаргой з паўаўтаматычнае вінтоўкі ў Кодзі Дочэфа, калі той паспрабаваў спыніць разбурэнне свайго цэментнага завода на франтальным пагрузчыку. Потым Хімеер страляў у двух патрульных, перш чым яны пачалі страляць у адказ[10]. Паліцыя таксама звяртае ўвагу на тое, што ў 11 з 13 будынкаў, якія зруйнаваў бульдозер Хімеера, былі людзі, якія паспелі ўцячы непасрэдна перад інцыдэнтам. Напрыклад, у гарадскай бібліятэцы ладзілася дзіцячая праграма[10] Калі б выратавальнікі не спрацавалі аператыўна, ахвяры маглі быць не выключаныя.

Адзін з афіцэраў закінуў светлашумавую гранату ў выхлапную трубу бульдозера, аднак гэта не прынесла відавочнага выніку. Мясцовая паліцыя і штурмавікі з атраду SWAT зрэдку абстрэльвалі бульдозер з усіх бакоў, але стралковая зброя не наносіла брані аніякае шкоды. Спробы знішчыць відэакамеры бульдозера аўтаматным агнём таксама былі беспаспяховыя, бо кулі не маглі прабіць 3-хцалевы куленепрабівальны пластык. У адзін з момантаў на бульдозер здолеў ускараскацца памочнік шэрыфа Глен Трэйнар, каб паспрабаваць стрэліць у кабіну. Аднак у канчатковым выніку яму давялося саскочыць, каб не трапіць пад аскепкі руінаў. Далейшыя спробы залезьці на бульдозер былі ўскладнены алеем, які Хімеер распырскаў на сваім транспарце.

Падчас руйнавання крамы бытавой тэхнікі «Гэмблз» Хімеераў бульдозер раптоўна заглых. Быў пашкоджаны радыятар, з рухавіка лілася вадкасць, бульдозер застрэг у нізкім фундаменце крамы і спыніўся. Праз хвіліну адзін з байцоў спецназу паведаміў, што з кабіны пачуўся адзіночны стрэл: Хімеер застрэліўся[4]. Пазней следчы абвясціў, што для сябе Хімеер падрыхтаваў 0,357-каліберны пісталет.

Незадоўга да гэтага паліцэйская ўправа патэлефанавала на базу Нацыянальнай гвардыі ЗША, запытаўшы падтрымкі аднаго верталёта AH-64 Apache дзеля атакі па бульдозеры супрацьтанкавай кіруемай ракетай, не зважаючы на магчымы ўрон наваколлю. Паліцэйскія палічылі, што калі не спыніць Хімеера, дык яго дзеянні прычыняць большую шкоду, чым ракетны ўдар. Аднак пакуль ваенныя і паліцыя дамаўляліся, Марвін скончыў самагубствам.

Цела Хімеера паліцыя пазней дастала з бульдозера з дапамогай крана, але на разразанне брані ацэтылена-кіслароднай рэзкай спатрэбілася дванаццаць гадзін.

Лёс «Кілдозера»[правіць | правіць зыходнік]

19 красавіка 2005 года было абвешчана, што Хімеераў бульдозер быў разабраны на металалом. Таксама планавалася, што розныя часткі бульдозера падзеляць і развязуць на розныя звалкі, каб прыхільнікі Марвіна Хімеера не маглі паразбіраць іх сабе на сувеніры[3].

Матывацыя[правіць | правіць зыходнік]

Акрамя надпісаў, якія Хімеер пакінуў на сцяне сваёй майстэрні, ён таксама запісаў некалькі аўдыёстужак з тлумачэннем свайго ўчынку. Наконадні буянства ён адаслаў іх свайму брату ў Паўднёвую Дакоту. Яго брат перадаў запісы ў ФБР, адкуль тыя былі перасланы ва акруговую паліцэйскую ўправу. Змест стужак быў апублікаваны 31 жніўня 2004 года. Агульная працягласць запісу — 2,5 гадзіны[11]. Першы запіс быў зроблены 13 красавіка 2004 года, апошні — за 13 дзён да буянства.

«Бог узвёў мяне на гэту працу», — кажа Хімеер у першым запісе. Ён нават сказаў, што паводле Боскага плану ён не жанаты і не мецьме сям’і, каб не мець перашкодаў здзейсніць гэту атаку. «Я лічу, што Бог блаславіць мяне на заканчэнне абсталявання машыны, на кіраванне ёй, на здзяйсненне ўсяго таго, што я маю зрабіць. Бог блаславіў мяне загадзя на заданне, якое я маю выканаць. Гэта мой абавязак. Бог запрасіў мяне зрабіць гэта. Гэта крыж, які я павінен несці, і я нясу яго ў імя Божае»[12].

Дзеянні Хімеера былі відавочна палітычным учынкам. На аўдыёстужках ён абвяшчае: «З-за вашага гневу, з-за вашай злосці, з-за вашай нянавісці вы не будзеце працаваць са мной. Я ахвярую сваім жыццём, той няшчаснай будучыняй, што вы мне адвялі, каб давесці вам, што вашыя ўчынкі несправядлівыя».

Пазней быў знойдзены складзены Хімеерам спіс мішэняў. Паводле паведамлення паліцыі, акрамя разбураных Марвінам будынкаў, ён уключаў таксама будынак мясцовае каталіцкае царквы (якая не пастрадала), і імёны некалькіх людзей, якія выступалі супраць яго ў мінулых разбіральніцтвах[13].

Зноскі

  1. Granby Rampage Damage Expected To Exceed $4 Million (англ.)(недаступная спасылка). KMGH-TV (7 чэрвеня 2004). Архівавана з першакрыніцы 15 студзеня 2007. Праверана 22 чэрвеня 2010.
  2. Rampager was surprised his plans went unnoticed (англ.)(недаступная спасылка). The Spokesman Review (10 чэрвеня 2004). Архівавана з першакрыніцы 11 сакавіка 2007. Праверана 21 чэрвеня 2010.
  3. а б в Crews Begin Dismantling Granby Bulldozer (англ.)(недаступная спасылка). The Denver Channel (19 красавіка 2005). Архівавана з першакрыніцы 15 сакавіка 2012. Праверана 21 чэрвеня 2010.
  4. а б в г д Man who bulldozed through Colo. town is dead (англ.). Msnbc.com (5 чэрвеня 2004). Праверана 22 чэрвеня 2010.
  5. Rampaging Bulldozer Driver Found Dead (англ.)(недаступная спасылка). The Denver Channel (4 чэрвеня 2004). — Паводле акту Posse Comitatus, на разгортванне войскаў неабходны непасрэдны дазвол губернатара штата. Архівавана з першакрыніцы 26 мая 2006. Праверана 22 чэрвеня 2010.
  6. Julie Poppen. After bulldozer rampage, town strives to rebuild trust (англ.). The Boston Globe (24 кастрычніка 2004). Праверана 21 чэрвеня 2010.
  7. Bina, Tonya. Granby: 2004 bulldozer rampage subject of History Channel program (англ.)(недаступная спасылка). Sky-Hi Daily News. Архівавана з першакрыніцы 1 сакавіка 2011. Праверана 21 чэрвеня 2010.
  8. Rampages - Guys Who Steal Big Vehicles And Go NUTS (англ.)(недаступная спасылка). The Frances Farmers Revenge Web Portal. Архівавана з першакрыніцы 17 кастрычніка 2006. Праверана 22 чэрвеня 2010.
  9. Inside the Granby 'dozer (англ.). The Denver Post. Праверана 22 чэрвеня 2010.
  10. а б в Allen Best. Dozer rampage roots run deep (англ.)(недаступная спасылка). Durango Telegraph (24 чэрвеня 2004). Архівавана з першакрыніцы 7 чэрвеня 2008. Праверана 22 чэрвеня 2010.
  11. Paula Woodward. Newly released audiotapes detail reasons for Granby bulldozer rampage (англ.). Colorado's Online News Leader. Праверана 22 чэрвеня 2010.
  12. Man Who Bulldozed Granby Says He Got Idea From God (англ.)(недаступная спасылка). KMGH-TV (1 верасня 2004). Архівавана з першакрыніцы 13 красавіка 2008. Праверана 22 чэрвеня 2010.
  13. 7NEWS Looks Inside Granby Work Shed Where 'Dozer Was Outfitted (англ.)(недаступная спасылка). KMGH-TV (8 чэрвеня 2004). Архівавана з першакрыніцы 22 лютага 2008. Праверана 22 чэрвеня 2010.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]