Марк Порцый Катон Старэйшы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Марк Порцый Катон Старэйшы
Patrizio Torlonia.jpg
 
Дзейнасць: палітык, пісьменнік, гісторык, ваенны
Веравызнанне: старажытнарымская рэлігія
Нараджэнне: каля 234 да н.э.
Tusculum[d], Фраскаці[d], правінцыя Рым[d], Лацыа, Італія
Смерць: 149 да н.э.
Рым, Рымская рэспубліка, Італія[1]
Дынастыя: Porcii[d]
Дзеці: Marcus Porcius Cato Licinianus[d] і Cato Salonianus[d]

Марк Порцый Като́нСтарэйшы», «Цэнзар» ці «Цэнзорый»; лац.: Marcus Porcius Cato Maior (Censor, Censorius); 234 да н.э.149 да н.э.) — старажытнарымскі палітычны дзеяч, пісьменнік, інаватар у рымскай літаратуры і кансерватар у палітыцы.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Катон нарадзіўся ў 234 годзе да н. э.[2] ў старажытным рымскім муніцыпіі Тускул у малавядомай плебейскай сям'і Порцыяў. Паводле этнічнага паходжання розныя даследчыкі адносяць Катона да лацінаў, сабінаў ці этрускаў.

У 217 ці 216 годзе да н. э., хутка пасля пачатку Другой Пунічнай вайны, малады Катон паступіў на службу ў рымскую армію. У 214 годзе да н. э. ён заняў пасаду вайсковага трыбуна, хаця звычайна на яе прызначалі вайскоўцаў з большым вопытам. У 205 ці 204 годзе да н. э. Катон быў абраны квестарам і дапамагаў консулу Публію Сцыпіёну рыхтавацца да дэсанта з Сіцыліі ў Афрыку. Аднак паміж імі не было паразумення: Катон абвінаваціў Сцыпіёна ў заняпадзе дысцыпліны ў легіянераў. У наступных аперацыях Катон, хутчэй за ўсё, не ўдзельнічаў. У апошні год Другой Пунічнай вайны Катон быў на Сардзініі, адкуль ён вярнуўся ў Рым з паэтам Эніям[3].

Пасля заканчэння вайны Катона абралі плебейскім эдылам на 199 год да н. э., а пасля — прэтарам на 198 год да н. э. У якасці прэтара ён кіраваў Сардзініяй, і сваёй сумленнасцю дамогся павагі мясцовых жыхароў. Кар'ерныя поспехі маладога рымляніна з малавядомай сям'і тлумачацца сувязямі з арысткратычным патрыцыянскім родам Валерыяў Флакаў. Разам з прадстаўніком апошніх, Луцыям Валерыям Флакам, Катон у 195 годзе да н. э. быў консулам. Свой кансулат Марк правёў на Пірэнейскам паўвостраве, дзе ён кіраваў правінцыяй Блізкая Іспанія. Катон узначаліў войска і падавіў паўстанне іберыйскіх плямёнаў[4]. За перамогі ў Іспаніі сенат дазволіў Катону правесці трыумф. У 191 годзе да н. э. Катон удзельнічаў у Сірыйскай вайне і адыграў вырашальную ролю ў бітве пад Фермапіламі.

Узвышэнне Катона было звязана не толькі з дапамогай Валерыяў Флакаў, але і з яго вострымі публічнымі прамовамі. Ён асуджаў раскошу арыстакратыі і заганы сучаснага яму грамадства. Менавіта з-за праграмы барацьбы з заганамі Катона абралі цэнзарам на 184 год да н. э. Новы цэнзар адразу правёў агляд сената і выключыў некалькіх арыстакратаў. Падчас агляду саслоўя вершнікаў Катон выключыў шэраг прыхільнікаў Сцыпіёна. Для барацьбы з раскошай Марк увёў вялікі падатак на адзенне, жаночыя ўпрыгожванні і іншыя прадметы[5]. Падтрымцы дзяржаўнага скарба быў прысвечаны перагляд дзяржаўных кантрактаў, а таксама павелічэнне ўзносаў публіканаў (адкупшчыкаў). Катон таксама змагаўся з незаконнымі будоўлямі на дзяржаўнай зямлі і выкарыстаннем дзяржаўных акведукаў для асабістых патрэбаў.

У старасці Катона накіравалі з пасольствам у Карфаген. Пасля вяртання ён пачаў пераконваць сенат у неабходнасці новай вайны з Карфагенам да поўнага яго знішчэння. Добра вядомы яго словы, якія ён дадаваў да кожнай сваёй прамовы: Ceterum censeo Carthaginem esse delendam[6] — «Акрамя таго, я лічу, што Карфаген мусіць быць разбураны».

З-за актыўнай пазіцыі Катона і яго барацьбы з вядомымі сем'ямі яго прыцягвалі да суда 44 разы, але не здолелі асудзіць.

Літаратурная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Вядома дзевяць асобных твораў і зборнікаў, якія напісаў Катон:

  • Трактат «Земляробства», іншая назва — «Пра сельскую гаспадарку» (лац.: De agri cultura ці De re rustica);
  • Гістарычны нарыс «Пачаткі» (лац.: Origines);
  • Зборнік прамоў Катона, зробленых ім падчас палітычнай кар'еры;
  • Энцыклапедычны твор, напісаны для сына, мяркуемая назва — «Да сына» ці «Да сына Марка» (лац.: Ad filium ці Ad Marcum filium);
  • «Паэма пра норавы» (лац.: Carmen de moribus);
  • Лячэбнік;
  • «Пра вайсковую справу» (лац.: De re militari);
  • Твор па праву (магчыма, не яго аўтарства);
  • Зборнік выказванняў.

Апошнія шэсць твораў захаваліся ў невялікіх фрагментах, «Пачаткі» і зборнік прамоў захаваліся ў значных фрагментах, «Земляробства» захавалася цалкам (гэта найранейшы прыклад лацінскай прозы).

Сям'я[правіць | правіць зыходнік]

Першая жонка — Ліцынія. Вядомы адзіны сын, Марк, які быў перспектыўным юрыстам, але памёр хутка пасля абрання ў прэтары. Другім шлюбам ён ажаніўся ўжо старым (яму было каля 80-ці) на 15-гадовай Салоніі. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, у іх нарадзіўся сын, якога таксама назвалі Маркам. Па гэтай лініі праўнукам Катона был Марк Порцый Катон, вядомы як «Малодшы».

Зноскі

  1. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118519697 // Общий нормативный контроль (GND) — 2012—2016.
  2. Паводле сведчанняў Плутарха і Ціта Лівія яго нараджэнне адносяць да 239 года да н. э., але ў сучаснай гістарыяграфіі лічыцца, што гэтыя аўтары памыліліся.
  3. Некаторыя даследчыкі адносяць запрашэнне Энія да прэтуры.
  4. Па іншай версіі, паўстанне справакаваў якраз занадта жорсткі ў кіраванні Катон.
  5. Падрабязнасці механізма спагнання налога невядомыя.
  6. Існуюць розныя варыянты гэтай фразы.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Альбрехт М. фон. История римской литературы: В 3-х томах. / Пер. с нем.. — М., 2003. — Т. 1. — С. 435—451.
  • Грабарь-Пассек М. Е. Катон // История римской литературы / Под ред. С. И. Соболевского, М. Е. Грабарь-Пассек, Ф. А. Петровского. — М.: Изд-во АН СССР, 1959. — Т. 1. — С. 135—149.
  • Квашнин В. А. Государственная и правовая деятельность Марка Порция Катона Старшего. — Вологда: Русь, 2004. — 132 с.
  • Трухина Н. Н. Политика и политики «золотого века» Римской республики. — М.: МГУ, 1986. — 188 с.
  • Astin A. Cato the Censor. — Oxford: Clarendon Press, 1978. — 392 p.
  • Corte F. della. Catone Censore: La vita e la fortuna. — Torino: Rosenberg & Sellier, 1949. — 190 p.
  • Kienast D. Cato der Zensor. Seine Persönlichkeit und seine Zeit. — Heidelberg: Quelle & Meyer, 1954. — 170 S.