Мартыралог

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Мартырало́г (ад грэч. μάρτυς — сведка; грэч. μαρτύριον — доказ) — спіс прызнаных святых (насуперак назве, не абавязкова толькі мучанікаў), імёны якіх прыводзяцца ў каляндарным парадку ў адпаведнасці з датай іх пакутніцтва (гэта значыць «днямі нараджэння» да новага жыцця). Звычайна тэрмін выкарыстоўваецца ў каталіцкай традыцыі, у праваслаўнай выкарыстоўваюць тэрмін святцы.

Мартыралогі закліканы палегчыць запамінанне дзён, у якія ажыццяўлялася штогадовае царкоўнае памінанне таго ці іншага мучаніка, і, як правіла, нароўні з датай смерці, змяшчаліся кароткія звесткі пра акалічнасці яго мучаніцкай смерці. У гістарычных цэрквах, дзе мучанікі з’яўляюцца аб’ектамі рэлігійнага шанавання і выступаюць у ролі пасроднікаў паміж Богам і чалавекам, мартыралогі адыгрываюць найважнейшую ролю.

Самыя раннія з вядомых нам мартыралогаў — рымскі Мартыралог Ераніма і календары мучанікаў, карфагенскі і канстанцінопальскі, — змяшчалі імёны мясцовашанаваных мучанікаў. Папа Грыгорый XIII (1572—1585) распарадзіўся скласці агульнацаркоўны, так званы Рымскі мартыралог, а наступныя папы пераглядалі і дапаўнялі яго.

У далейшым паняцце «мартыралог» стала выкарыстоўвацца ў шырэйшым, пераносным значэнні. У наш час у публіцыстыцы гэта слова часта выкарыстоўваецца для абазначэння пераліку асоб, якія падвергліся праследаванням ці пакутам, а таксама пераліку перажытых кім-небудзь пакут, фактаў праследавання і да т.п. Так, напрыклад, у 1988 годзе ў Беларусі было створана добраахвотнае таварыства «Мартыралог Беларусі», які ставіў мэтай раскрыццё масавых рэпрэсій у 1920—1950-я гг., высвятленне колькасці тых, хто загінуў на Беларусі, у месцах высылкі і зняволення, увекавечанне іх памяці[1].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

  • Святцы — спіс святых у праваслаўнай традыцыі.

Зноскі

  1. «Мартыралог Беларусі» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Мартиролог // Словарь литературоведческих терминов / Ред.-сост.: Л. И. Тимофеев и С. В. Тураев. — М.: «Просвещение», 1974. — С. 203. — 509 с. — 300 000 экз.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]