Перайсці да зместу

Марцін Кравіцкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Марцін Кравіцкі
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 1500
Месца нараджэння
Дата смерці 1573[1]
Месца смерці
Грамадзянства
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці перакладчык, перакладчык Бібліі, багаслоў, настаўнік
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Марцін Кравіцкі (польск.: Marcin Krowicki; ? — верасень 1573) — пратэстанцкі рэлігійны дзеяч, пісьменнік, адзін з актыўных удзельнікаў Рэфармацыі ў Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім[2].

Паходзіў з шляхецкага роду, дакладнае месца і дата нараджэння невядомыя. Магчыма, вучыўся ў Кракаўскім універсітэце, атрымаў гуманістычную адукацыю, ведаў творы Эразма Ратэрдамскага і гістарычныя хронікі[2].

Служыў пісарам пры двары перамышльскага старасты, кракаўскага ваяводы і маршалка кароннага Пятра Кміты. Карыстаўся яго багатай бібліятэкай і пазнаёміўся з пісьменнікамі і вучонымі, якія наведвалі двор Кміты, асабліва зблізіўся са Станіславам Ажахоўскім[2].

У канцы 1530-х гадоў прыняў святарства, але ўжо ў 1540-х схіліўся да пратэстанцтва і стаў першым каталіцкім святаром у Польшчы, які адкрыта ўступіў у шлюб. У 1551 годзе біскупскі суд прызнаў яго ератыком і пазбавіў касцельных годнасцей. У адказ Кравіцкі адкрыта перайшоў у пратэстанцтва і стаў прапаведнікам у Пінчаве[2].

У 1553 годзе шукаў прытулку ў Вітэнбергу, дзе запісаўся ў мясцовы ўніверсітэт і слухаў лекцыі Філіпа Меланхтана. Тут напісаў скіраваны да Жыгімонта ІІ Аўгуста і шляхты твор «Хрысціянскі і жалобны напамін, абы Пана Езуса прынялі» (Chrześcijańskie a żałobliwe napominanie, aby Pana Jezusa przyjęli; Магдэбург, 1554)[2].

У тым жа годзе вярнуўся ў Пінчаў, дзе паступова перайшоў ад лютэранства да кальвінізму. У 1555 годзе ўдзельнічаў у заключэнні уніі паміж кальвіністамі Малой Польшчы і чэшскімі братамі[2].

З 1555 года служыў пратэстанцкім міністрам пры зборы ў Вадзіславе, з 1557 — у Бжэзінах і Гасліцах, потым у Вялікай Ксёнжы, з 1561 — у Вайцэхаве, дзе адначасова быў суперінтэндэнтам пратэстанцкіх збораў Люблінскага дыстрыкта[2].

У пачатку 1560-х гадоў перайшоў у лагер антытрынітарыяў і ўдзельнічаў у іх сінодах 1567—1569 гадоў. У 1563 годзе пасяліўся ў Венграве, дзе быў суперінтэндэнтам збораў Падляшскага ваяводства ВКЛ, а таксама міністрам у радзівілаўскім мястэчку Морды. У 1569 годзе ўдзельнічаў там у дыспуце з каралеўскім сакратаром Янам Дзмітрыем Салікоўскім[2].

Каля 1571 года перасяліўся ў мястэчка Пескі ў Люблінскім ваяводстве, дзе і памёр у верасні 1573 года[2].

Галоўны палемічны твор Кравіцкага — «Абарона навукі праўдзівай і веры старадаўняй хрысціянскай» (Obrona nauki prawdziwej i wiary starodawnej chrześcijańskiej; Піньчаў, 1560), які быў перавыдадзены ў Вільні ў 1584 і 1604 гадах пад назвай «Апалогія больш вялікая» (Apologia większa). Цырыяк Молер пераклаў твор на нямецкую мову пад назвай «Апалогія, гэта ёсць апраўданне» (Apologia das ist Verantwertung; Вільня, 1602)[2].

Сярод іншых палемічных прац — «Вобраз і малюнак уласны Анціхрыстаў з Пісання Святога дастаткова намаляваны» (Obraz a kontrefet własny Antychrystów z pisma św. dostatecznie wymalowany; Кракаў, 1561) і «Слузе вернаму Пана Езуса Хрыстуса ўкрыжаванага Станіславу Ажахоўскаму» (Słudzy wierni Pana Jezusa Chrystusa ukrzyżowanego Stanisławowi Orzechowskiemu; каля 1560)[2].

Удзельнічаў у перакладзе Бібліі на польскую мову, вядомай як Берасцейская Біблія (1563)[2].

  • Chrześcijańskie a żałobliwe napominanie (1554)
  • Obrona nauki prawdziwej i wiary starodawnej chrześcijańskiej (1560)
  • Obraz a kontrefet własny Antychrystów (1561)
  • Słudzy wierni Pana Jezusa Chrystusa ukrzyżowanego Stanisławowi Orzechowskiemu (каля 1560)
  1. Marcin Krowicki // NUKAT — 2002.
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 Марцін Кравіцкі на сайце Электронная энцыклапедыя «Вялікае Княства Літоўскае»
  • Barycz H. Marcin Krowicki: z dziejów reformacji w Polsce // Reformacja w Polsce. Kraków, 1924. T. 3.
  • Chrześcijańskie a żałobliwe napominanie; Adhortatio; Obraz a kontrefet własny antykrystów / Oprac. B. Otwinowska, J. Tazbir. Warszawa, 1969.
  • Марцін Кравіцкі на сайце Электронная энцыклапедыя «Вялікае Княства Літоўскае»