Марцін Матушэвіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Марцін Матушэвіч
Marcin Matuszewicz
Герб «Лебедзь»
Герб «Лебедзь»
Кашталян берасцейскі
1768 — 1773
Папярэднік Ян Антоні Гараін
Пераемнік Юзаф Быстры

Нараджэнне 11 лістапада 1714(1714-11-11)[1][2][…]
Смерць 21 лістапада 1773(1773-11-21) (59 гадоў) ці 9 ліпеня 1774(1774-07-09)[3] (59 гадоў)
Род Матушэвічы
Бацька Ежы Юзаф Матушэвіч
Маці Тэрэза Кемпская
Жонка Ганна Шчыт
Дзеці Тадэвуш, Вікторыя
Дзейнасць паэт

Марцін Матушэвіч (11 лістапада 1714, вёска Ельна Берасцейскага павета — 21 лістапада 1773) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, пісьменнік.

Бацька дзеяча Варшаўскага княства Тадэвуша Матушэвіча.

Палітычная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Вучыўся ў парафіяльнай школе ў Камянцы, потым у езуітаў у Дарагічыне, Берасці і Варшаве.

Берасцейскі гродскі пісар з 1738, падстолі з 1740, стольнік з 1746 і земскі суддзя з 1765.

Як і яго бацька, належаў да кліентэлі Сапегаў. У час бескаралеўя 1733—1736 гадоў далучыўся да канфедэрацыі ў абарону Станіслава Ляшчынскага. У пачатку 1740-х усталяваў кантакты з падканцлерам Міхалам Чартарыйскім, у сярэдзіне 1740-х разарваў з Сапегамі і перайшоў у шэрагі кліентаў Чартарыйскіх.

З пераходам Чартарыйскіх у апазіцыю да каралеўскага двара ў 1750—1752 гадах Марцін Матушэвіч далучыўся да кліентаў дворскіх саюзнікаў у Вялікім Княстве Літоўскім Радзівілаў. Адначасова пачалася яго судовая справа з Чартарыйскімі, якіх ён абвінаваціў у распусканні плётак пра яго нібыта нешляхецкае паходжанне. Гэтая судовая справа стала адной з асноўных у палітычнай барацьбе паміж Радзівіламі і Чартарыйскімі ў 1755—1756. У студзені 1757 Матушэвіч заключыў з Чартарыйскім кампраміснае пагадненне аб прыпыненні ўсіх судовых спраў.

У 1756 годзе ўсталяваў кантакт з лідарам прафранцузскай партыі ў Рэчы Паспалітай, вялікім каронным гетманам Янам Клеменсам Браніцкім і французскім паслом Дзюрандам. Далей працягваў супрацоўнічаць і з Радзівіламі, і з Браніцкім. У час бескаралеўя 1763—1764 гадоў перайшоў на бок Чартарыйскіх і далучыўся да Радамскай канфедэрацыі (у 1767 годзе яе генеральны сакратар).

З 1768 года берасцейскі кашталян.

Прыхільна ставіўся да Барскай канфедэрацыі, але ўдзелу ў ёй не прыняў.

Літаратурная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Вядомы як аўтар мемуараў «Дыярыуш майго жыцця, колькі магу памятаць». У іх паказаны ўнутрыпалітычныя падзеі Вялікага Княства Літоўскага, норавы і звычаі шляхты (у першую чаргу Берасцейскага павета), шляхецкая ментальнасць. Пераклаў у 1752—1760 гадах на польскую мову «Сатыры» Гарацыя (выдадзены ў 1784 у Вільні), далучыў да іх 3 свае вершаваныя «Дадаткі». Пісаў вершы на польскай і лацінскай мовах.

Зноскі

  1. Marcin Matuszewicz // CERL ThesaurusConsortium of European Research Libraries. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Marcin Matuszewicz h. Łabędź // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  3. Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy, t. VIII, Ziemia brzeska i województwo brzeskie XIV‒XVIII wiek / пад рэд. А. РахубаWarszawa: 2020. — С. 100. — ISBN 978-83-65880-89-5

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]