Марысін парк
Марысін парк | |
---|---|
Асноўная інфармацыя | |
Тып | парк |
Плошча | 22 га га |
Размяшчэнне |
Новы (Марысін) парк размешчаны ў левабярэжнай частцы Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу. У кампазіцыйных вырашэннях ландшафтаў парку адбіўся ўплыў натуралізму (намеры асобных паркавых груп павялічыліся па меры аддалення ад замку)[1].

Новы парк мае форму прамавугольніка, абмежаванага з боку поля аднарадковай пасадкай таполі канадскай позняй. Яго кампазіцыя парку найбольш поўна адлюстроўвае асаблівасці рамантычнага парка з яго павышанай эмацыянальнасцю, самотнасцю і цішынёй. Стварэнне гэтага паркавага ансамбля звязана з легендай і аб трагічным лёсе князёўны Марыі, што знайшло адлюстраванне ў пэўных паркавых сімвалах: крынічка «Слёзы Марыі», бронзавая скульптурная група «Георгій Перамаганосец кап'ём паражае змея», вада ў якой цякла з раны змея (скульптура вывезена фашыстамі ў гады Айчыннай вайны), эпітафіі і надпісы на камянях. У найбольш балоцістай частцы парку за Лебядзіным лугам сфарміравана круглая сажалка з Востравам кахання.[2].
Ландшафтная планіроўка Новага парку пераклікаецца з планіроўкай Азярыны: па меры аддалення ад замка памер паркавых груп паступова павялічваецца, асобныя курціны пераходзяць у гаі і буйныя зялёныя масівы, а на ўсходняй ускраіне — у так званы Рускі лес з мясцовых ліставых парод з рэдкімі экзотамі. Усе кампазіцыйныя элементы Марысінага парку звязвае кальцавая дарога. Да Рускага лесу вядуць дубовая і ясеневая алеі, ад круглай сажалкі — вярбовая і ліпавая алеі.
У 1898 на ўзвышшы Крыжовай або Цэнтральнай паляны Новага парку ўстаноўлены астранамічны абеліск, ад якога ў радыяльных напрамках былі пракладзены дзве ліпавыя і кляновая алеі. Паўднёвы ўваход у Марысін парк захаваўся амаль у першапачатковым выглядзе, аформлены масіўнымі калонамі і жалезнымі варотамі, брамкамі. Каля ўваходу знаходзіцца вартоўня, пабудаваная ў гатычным стылі[2].
З усходу Марысін парк завяршаўся лесам з перавагай бярозы. Тут была створана кампазіцыя «Колца Караліны», утвораная пасадкамі з елкі з вялікім валуном у цэнтры. Ад яе праз поле ішла бярозавая алея да паляўнічага павільёна — «Хаткі Караліны». Там жа мясціліся сабакарня, ферма фазанаў, збіраліся паляўнічыя, ладзіліся абеды па канчатку палявання.
Вялікія памеры і аддаленасць Марысінага парку, натуралістычнасць яго пейзажаў, самотны абеліск і крыніца-грот пад назвай «Слёзы Марысі» — усё гэта рабіла парк асабліва таямнічым, агорнутым покрывам паданняў[3].
Зноскі
- ↑ Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік, 1993, с. 374.
- ↑ а б Памяць: Нясвіжскі раён, 2001, с. 535.
- ↑ Варрава, 2011, с. 38.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Марысін парк на сайце «Архіварта»