Перайсці да зместу

Марыя Маркаўна Школьнік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Марыя Маркаўна Школьнік
Род дзейнасці рэвалюцыянерка
Дата нараджэння 6 сакавіка 1885(1885-03-06)
Месца нараджэння
Дата смерці 1955
Грамадзянства
Партыя

Мары́я Ма́ркаўна Шко́льнік (6 сакавіка 1885(1885-03-06), Ашмянскі павет, Віленская губерня1955) — удзельніца рэвалюцыйнага тэрору ў Расійскай імперыі на пачатку 20 стагоддзя. Член партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэрка) і яе Баявой арганізацыі.

Нарадзілася 6 сакавіка 1882 г.[1] ў вёсцы Баравы Млын Ашмянскага павета Віленскай губерні ў беднай яўрэйскай сям’і. Акрамя Марыі, у сям’і было некалькі дзяцей, і бацькі не мелі магчымасці даць ім нават мінімальную адукацыю. Марыя заставалася непісьменнай да 13 гадоў.

Калі ў Віленскай губерні пачаліся забастоўкі і дэманстрацыі рабочых з патрабаваннем устанавіць дзесяцігадзінны працоўны дзень, у Смаргонь прыбыў агітатар ад таемнай арганізацыі Бунд. Праз школу вельмі рана (ёй тады было каля 15 гадоў) яна далучылася да рэвалюцыйнага руху. Марыя ўдзельнічала ў арганізацыі забастовак рабочых. Неўзабаве, зразумеўшы, што ў вёсцы няма агітацыйнай дзейнасці, Марыя з дазволу бацькоў паехала ў Адэсу да дзядзькі. У Адэсе Марыя звязалася з сацыял-дэмакратычнымі арганізацыямі, якія карысталіся значным уплывам у горадзе.

Школьнік уладкавалася на цукерачную фабрыку, дзе адпрацавала каля паўгода.

Марыя Школьнік, Рэвека Фіялка і Ягор Сазонаў у Акатуі

Марыя ўваходзіла ў вузкі гурток рэвалюцыйна настроенай моладзі, куды ўваходзіў, у тым ліку, і Аарон Шпайзман — пераплётчык, які ўжо сядзеў у турме за распаўсюд нелегальнай літаратуры. У Кішынёве было вырашана арганізаваць таемную друкарню, але ў лютым 1902 г. Школьнік і Шпайзман былі арыштаваныя, бо падчас вобыску ў іх быў знойдзены друкарскі шрыфт. Знаходзячыся ў турме, Школьнік разам з таварышамі паўстала супраць жорсткасці ў адносінах да зняволеных, за што і трапіла ў карцар.

Арышт маладых людзей і намер уладаў аддаць іх пад суд прыцягнулі ўвагу грамадскасці. Вядомыя юрысты В. А. Маклакоў, С. Е. Калмановіч і М. Б. Ратнер выклікаліся абараняць Школьнік і ейных таварышаў. Суд адбыўся ў лістападзе 1903 г. у Адэсе, Школьнік і Шпайзман былі абвінавачаны ў распаўсюдзе нелегальнай літаратуры, выданні сацыял-дэмакратычнай газеты «Искра» і падбухторванні да паўстання. У якасці доказаў, сярод іншага, разглядаліся асабістыя лісты Школьнік, напісаныя ёй у 16-гадовым узросце. Намаганнямі адвакатаў Школьнік і яе таварышы былі асуджаныя да адносна мяккага пакарання — пазбаўлення ўсіх правоў стану і адпраўкі на пасяленне ў Сібір. У ссылцы Школьнік жыла ў сяле Аляксандраўскае.

Аднак важныя палітычныя падзеі — пачатак руска-японскай вайны, забойства Плевэ і Крывавая нядзеля (1905) — не далі Школьнік спакою, і неўзабаве яна вырашыла ўцячы з краіны. У гэтым намеры яе падтрымала сям’я Гольдманаў, якая таксама была ў ссылцы і таксама сабралася бегчы. У пачатку сакавіка 1905 г. Марыя, узяўшы з сабой маленькага сына Гольдманаў, каб не выклікаць падазрэнняў у жандараў, дабралася да Вільні. Пасля гэтага Марыя вырашыла паехаць у Жэневу, дзе ў той час знаходзіліся кіраўнікі Баявой арганізацыі эсэраў.

У Баявой арганізацыі

[правіць | правіць зыходнік]

У Жэневе Школьнік сустрэлася з Ааронам Шпайзманам, які ўцёк з Сібіры за некалькі тыдняў да яе, і праз яго звязалася з Барысам Савінкавым і Еўна Азэфам. Са згоды кіраўнікоў Школьнік і Шпайзман былі прынятыя ў БА і вернутыя ў Расію. Першым іх актам быў замах на генерала Трэпава, але той быў папярэджаны пра намеры тэрарыстаў, і падрыхтоўку да замаху было вырашана адкласці. Другой мэтай быў выбраны кіеўскі генерал-губернатар Клейгельс, але і гэты намер не меў поспеху.

1 студзеня 1906 г. Марыя Школьнік і Аарон Шпайзман здзейснілі замах на чарнігаўскага губернатара А. А. Хвастова. Шпайзман кінуў першую бомбу, якая не выбухнула, затым Школьнік кінула другую, ад выбуху якой быў паранены Хвастоў, а сама Школьнік цяжка пацярпела. Тым не менш ёй удалося адразу збегчы з месца здарэння, і яе затрымалі пазней, калі яна разам з таварышам Яшам Лейкіным спрабавала знікнуць з горада.

Школьніка, Шпайзмана і Лейкіна судзіў ваенны суд. Першапачаткова Школьнік і Шпайзман (якія не пажадалі паведаміць суду свае імёны) былі прысуджаныя да смяротнага пакарання, а Лейкін — да дзесяці гадоў катаргі. Аднак прысуд Марыі Школьнік быў заменены на бестэрміновае зняволенне.

Нерчынская катарга

[правіць | правіць зыходнік]

У Бутырскай турме Школьнік сустрэлася з некалькімі вядомымі жанчынамі-тэрарыстамі — Ізмайловіч, Біцэнкай, Язерскай, Фіялкай і Спірыдонавай. У ліпені 1906 г. тэрарысткі былі дастаўленыя ў Акатуйскую катаржную турму. Да канца 1906 г. рэжым у турме быў даволі мяккі: зняволеным дазвалялася насіць сваё адзенне, атрымліваць кнігі і свабодна размаўляць падчас прагулак. Зімой 1907 г. быў выдадзены загад аб пераводзе «палітычных» жанчын у Мальцаўскую турму, што выклікала абурэнне зняволеных, бо паездка ў моцны мароз магла быць надзвычай небяспечнай для жыцця і здароўя. Аднак начальнік Алгачынскай турмы Барадулін (пазней ён будзе забіты членам Паўночнага баявога лятучага атраду) запатрабаваў выканання загаду аб пераводзе хворых Спірыдонавай і Школьнік.

У Мальцаўскай турме сядзелі пераважна жанчыны, асуджаныя за крымінальныя злачынствы, і толькі шэсць палітвязняў — Школьнік і яе таварышкі. Рэжым зняволеных і ўмовы іх жыцця былі даволі цяжкімі.

Летам 1910 г. Школьнік захварэла і ёй спатрэбілася аперацыя, якую нельга было зрабіць у турэмных умовах. Марыю перавезлі ў Іркуцк, але і там лекары некалькі месяцаў адмаўляліся рабіць ёй аперацыю, пакуль Школьнік не напісала доктару Міхайлоўскаму ліст з просьбай дапамагчы ёй. Неўзабаве пасля паспяховай аперацыі Школьнік збегла з турмы, пераапрануўшыся ў мужчынскае адзенне.

М. І. Верхатураў. Партрэт Марыі Школьнік. 1911

Пэўны час Марыя хавалася ў дамах людзей, якія ёй сімпатызавалі, пакуль не знайшла спосабу звязацца са сваімі таварышамі, сярод якіх быў брат вядомага партыйнага дзеяча Яўгена Коласава. З дапамогай таварышаў Школьнік пераехала спачатку ў Манчжурыю, потым у Еўропу, а потым у Амерыку.

У 1911 г. падчас знаходжання Школьнік у Парыжы Мікалай Верхатураў напісаў яе партрэт. Пазней гэты партрэт увайшоў у калекцыю жывапісу Дзяржаўнага музея Рэвалюцыі СССР.

Далейшае жыццё

[правіць | правіць зыходнік]

У 1918 годзе (паводле іншых звестак — у 1924 годзе) вярнулася ў СССР. У 1927 годзе ўступіла ў РКП(б). Заведвала «ўзорнымі» бясплатнымі дашкольнымі ўстановамі ў Маскве. З 1935 года працавала ў ЦНДІ педыятрыі. З 1947 года — персанальны пенсіянер саюзнага значэння.

Школьнік напісала ўспаміны «Жыццё былой тэрарысткі», у якіх распавяла пра падзеі свайго жыцця з ранняга дзяцінства да эміграцыі.

Памерла 9 красавіка 1955 года.

  • Мария Школьник. Жизнь бывшей террористки. С предисл. В. Дёготь. М.: Всесоюзное общество политкаторжан и ссыльно-поселенцев, 1927. — 96 с.
  • Мария Школьник. Жизнь бывшей террористки. С пред. В. Дёготь; Обложка: А. Толоконников. М.: Всесоюзное общество политкаторжан и ссыльно-поселенцев, 1930. — 125 с.
  1. Кан Г. С. Наталья Климова: жизнь и борьба. — СПб., 2012. — С. 337.