Масагеты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Масагеты
Тамірыс забівае Кіра, дрэварыт XV ст.
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Цэнтральная Азія
Мова іранская
Рэлігія культ сонца
Блізкія этнічныя групы скіфы, дахі

Масагеты (грэч. Μασσᾰγέται)  — старажытны народ на паўночным захадзе Цэнтральнай Азіі.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Найбольш арыгінальнымі пісьмовымі крыніцамі, у якіх узгадваюцца масагеты, з’яўляюцца творы Герадота і Страбона. Мяркуюць, што значная частка інфармацыі, паведамленая імі, абапіраецца на агульную для іх больш старажытную крыніцу. Абодва звязвалі месца, населенае масагетамі, з узбярэжжам Каспійскага мора. Герадот паведамляў, што яны жылі на ўсход ад ракі Аракс з вялікай дэльтай. Лакалізацыя Герадотава Аракса даволі спрэчная, яго не звязваюць з закаўказскай ракой Аракс.

Сучасныя даследчыкі звычайна акрэсліваюць раёны, населеныя масагетамі, нізінамі на ўсход ад Каспійскага мора і паўднёвы ўсход ад Аральскага Мора, плато Усцюрт, ніжнымі плынямі Амудар’і і Сырдар’і. Абмежаванне месца, населенага масагетамі, гэтымі тэрыторыямі ўскосна падцвярджаецца ўзгадкай Герадота пра шырокае выкарыстанне імі золата і медзі, што здаўна здабываліся там.

Вылучэнне масагетаў у асобны народ зацяжарана тым, што яны не ўзгадваюцца ў персідскіх крыніцах. І Герадот, і Страбон падкрэслівалі іх блізкасць у звычаях і культуры са скіфамі, у тым ліку ў пахавальных рытуалах. Некаторыя даследчыкі атаясняюць масагетаў з сака тыграхауда, часткай сярэднеазіяцкіх скіфаў, што ўзгадваюцца ў Бехістунскім надпісе.

Паходжанне наймення масагетаў даволі спрэчная. Прынята лічыць, што яно трапіла ў старажытнагрэчаскую мову з іранскіх моў і магло адлюстроўваць іх сапраўдную саманазву. Такім чынам слова масагеты выводзяць ад слоў, што значылі рыбу ці проста мужчын.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Лічыцца, што продкі масагетаў маглі перакачаваць на паўночны захад Цэнтральнай Азіі з усходу ў першай палове 1 тысячагоддзя да н. э. Яны падзяляліся на некалькі плямёнаў. Страбон падзяляў масагетаў у залежнасці ад умоў жыцця і вылучаў тых, хто насяляў горы, раўніны, балоты ўздоўж рэк і рачныя астравы. Горцы і астравіцяне збіралі раслінную ежу. Астравіцяне і балотныя масагеты ўжывалі рыбу. Асновай харчавання раўнінных жыхароў былі малако свойскай жывёлы і рыба. Яны трымалі авечак, але не для спажывання мяса, а дзеля малака і поўсці. Масагеты не мелі сталых паселішчаў, перакачоўвалі з месца на месца. Людзі, што дажывалі да старасці, забіваліся сваякамі, а іх плоць паядалася разам з мясам ахвярных жывёл. І Герадот, і Страбон пісалі, што масагеты шанавалі сонца.

Каля 530 г., паводле апавядання Герадота, ахеменідскі валадар Кір II вырашыў далучыць землі масагетаў да сваёй дзяржавы. Першапачатква ён пасватаўся да масагецкай валадаркі Тамірыс, але атрымаў адказ. Тады ён рушыў праз Аракс са сваім войскам. У вялікай бітве масагеты перамаглі яго. Кір II загінуў. Тамірыс загадала апусціць яго галаву ў мех з кроўю, пры гэтым прыгаворвала[1]:

«Ты ўсё ж загубіў мяне, хоць я засталася ў жывых і адолела цябе ў бітве, бо хітрасцю захапіў майго сына. Таму вось зараз я, як і пагражала табе, напаю цябе крывёю».

Праўда, Герадот заўважаў, што гэта было толькі адно са шматлікіх апавяданняў пра смерць Кіра II.

Відавочна, землі масагетаў былі далучаны да дзяржавы Ахеменідаў ужо падчас кіравання Дарыя I. У 329 г. да н. э. яны падтрымалі паўстанне сагдыянца Спітамена супраць Аляксандра Македонскага. У III ст. да н. э. землі масагетаў былі заваяваны дахамі.

Клаўдзій Пталемей у I ст. н. э. лакалізаваў месцазнаходжанне масагетаў і сакаў ўздоўж Каракарума і Гіндукуша. Некаторыя сярэднявечныя аўтары называлі масагетамі іншыя народы Цэнтральнай Азіі, у прыватнасці — эфталітаў.

Зноскі

  1. Герадот, 1:205

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]