Майсей Ларывонавіч Сяднёў

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Масей Сяднёў)
Jump to navigation Jump to search
Майсей Ларывонавіч Сяднёў
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння: 19 жніўня (1 верасня) 1913
Месца нараджэння:
Дата смерці: 5 лютага 2001(2001-02-05) (87 гадоў)
Месца смерці:
Пахаванне:
Альма-матар:
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці: пісьменнік, паэт

Масей Сяднёў, сапр.: Майсей Ларывонавіч Сяднёў (19 жніўня (1 верасня) 1913, в. Мокрае, Клімавіцкі павет — 5 лютага 2001, Глен-Коу , ЗША) — беларускі паэт, празаік.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Вучыўся ў Мсціслаўскім педтэхнікуме (1930—1931), Мінскім педагагічным інстытуце (4 курсы ў 1933—1936, не скончыў з-за арышту).

Арыштаваны 21.10.1936. Яго абвінавацілі ў нацдэмаўшчыне і ў тым, што распаўсюджваў «упадніцкія творы Язэпа Пушчы і „Матчын дар“ Алеся Гаруна»[1]. Высланы на Калыму. У чэрвені 1941 прывезены ў Мінск на перагляд справы, з набліжэннем нямецкай арміі быў адпушчаны канвоем каля Чэрвеня[2].

Падчас нямецкай акупацыі жыў у бацькоў, працаваў на гаспадарцы. У кастрычніку 1943 выехаў у Беласток[3], Працаваў карэктарам у рэдакцыі газеты «Новая дарога» (Беласток, 19431944), сябраваў з Хведарам Ілляшэвічам. У 1944 выехаў у Берлін, жыў у амерыканскай і англійскай зонах акупацыі Германіі. Пасля вайны — настаўнік у беларускай гімназіі ў Міхельсдорфе. З 1950 — у ЗША, каля 10 гадоў працаваў на металаапрацоўчай фабрыцы, выкладаў рускую мову ў Індыянскім універсітэце (1960-67), жыў у г. Глен-Коў.

Рэабілітаваны 22.1.1992.

Пахаваны на Беларускіх могілках Саўт-Рывера (штат Нью-Джэрсі, ЗША).

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Друкаваўся з 1933 года, у часопісах «Полымя», «Беларуская работніца і сялянка», газетах «Савецкая Беларусь», «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена». Падчас нямецкай акупацыі ў Беластоку падрыхтаваў зборнік вершаў «Ад сына твайго, Беларусь»[4] і кнігу «Ахвяры бальшавізма».

Перажытае ў турмах і лагерах, успаміны пра сваболу і няволю, туга па радзіме, вайна і чужына, філасафічнасць, лірызм выявіліся ў зборніках паэзіі «У акіяне ночы», «На край святла», «Спадзяванні», «Цень Янкі Купалы» (усе 1947), «Ля ціхай брамы» (1955), «Патушаныя зоры» (1975), «Ачышчэнне агнём» (1985), «А часу больш, чым вечнасць» (1989).

Напісаў раманы «Раман Корзюк» (1985), «І той дзень надыйшоў» (1987), зборнік вершаў «Патушаныя зоры» (1992), успаміны «Масеева кніга» (1995).

На беларускую мову пераклаў санеты Мікеланджэла, некаторыя творы І. В. Гётэ, Г. Гейнэ, Р. М. Рыльке і інш.

Масей Сяднёў імкнуўся ўвесці ў беларускую паэзію тэмы, звязаныя з традыцыямі сусветнага мастацтва, вобразамі класічнай паэзіі. Паказваючы свет у вобразах нябеснай і зямной красы, ён імкнуўся раскрыць высокую духоўнасць свайго героя праз чыстую, узвышаную лірыку. Звычайна асноўная сутнасць, галоўная ідэя такіх вершаў выказваецца ў апошніх 2-3 радках — гэта т.зв. гейнаўская пуанта, пра якую гаварыў, аналізуючы творчасць Сяднёва, украінскі літаратуразнавец Юры Шэрах. Побач з інтуітыўным пачаткам у вершах ёсць і тое, за што ўкраінскі паэт Яр Славутыч назваў Сяднёва паэтам думкі. «Пранікненне ў таямнічасць прыроды Беларусі», — адзначаў прафесар Мюнхенскага ўніверсітэта Бойка-Блахін, — «эротыка, напоўненая ідэалістычнымі тонамі, рэфлексія, упрыгожаная ціхай засмучонасцю над недасканаласцю чалавека, — матывы паэзіі М.Сяднёва». І ўсё ж пры багатай разнастайнасці тэм, матываў, лірычных вобразаў праз яго творчасць праходзіць адна нязменная тэма — Бацькаўшчына, маці, мова, прызначэнне паэта[5].

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Ахвяры бальшавізму: (Зборнік успамінаў і артыкулаў). Беласток, 1944;
  • На краю святла: Паэма. Б.м. [Міхельсдорф], 1947;
  • Спадзяванні: Вершы. Рэгенсбург, б. г. [1947];
  • У акіяне ночы: (Вершы, паэмы). Мюнхен, 1947;
  • Цень Янкі Купалы: Паэма. Ватэнштэт, 1947;
  • Ля ціхай брамы: Вершы. Нью-Ёрк, 1955;
  • Патушаныя зоры. Нью-Ёрк; Мюнхен, 1975;
  • Раман Корзюк. Нью-Ёрк; Мюнхен, 1985;
  • Ачышчэнне агнём. Нью-Ёрк, 1985;
  • І той дзень надышоў: Раман з часоў другой сусветнай вайны. Нью-Ёрк, 1987;
  • Патушаныя зоры. Мн., 1992;
  • Масеева кніга. Мн., 1994.

Вобраз у мастацтве[правіць | правіць зыходнік]

Майсей Сяднёў — прататып сына Дзяніса Зазыбы ў рамане Івана Чыгрынава «Плач перапёлкі».

Зноскі

  1. zbsb.org
  2. Маракоў…
  3. У сувязі з набліжэннем Савецкай Арміі.
  4. Зборнік набраны ў Кёнігсбергу, згарэў там у час пажару.
  5. zbsb.org

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — 552 с.: іл. ISBN 985-11-0251-2 (т. 15), ISBN 985-11-0035-8.
  • Юры Туронак. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Мн.: Беларускі Гістарычны Агляд, 2002. — 144 с.
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
  • Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі… Мн., 1990.
  • Савік Л. «Мне песня дадзена для мукі…» // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993.
  • Савік Л. Я прыду з далёкае чужыны // Савік Л. Пакліканыя. Літаратура беларускага замежжа. Мн., 2001.
  • Юрэвіч Л. Літаратурны рух на эміграцыі. Мн., 2002.
  • «Масей Сяднёў: Pro et Contra» / ўкладальнік Лявон Юрэвіч — Мн .: Кнігазбор, 2018. — 144 с. — («Бібліятэка Бацькаўшчыны»​, кн. 36). — 100 экз. — ISBN 978-985-7180-91-2.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]