Маскогі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Маскогі
(Mvskoke)
Muscogee.jpg
Агульная колькасць 69162 (2011 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова маскогі
Рэлігія хрысціянства, культ продкаў, татэмізм
Блізкія этнічныя групы семінолы, алабама, чакто, каасаці

Маскогі, або мускогі (саманазва: Mvskoke), у мінулым вядомыя як крык (англ.: Creek) — індзейскі народ у ЗША. У больш шырокім сэнсе маскогамі называюць і іншыя індзейскія народы, якія размаўляюць на мове маскогі або маюць агульнае з імі паходжанне (у тым ліку семінолы, каасаці і інш.). Колькасць у ЗША (2011 г.) - 69162 чал.[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Брытанцы вядуць перамовы з маскогі, XVIII ст

Маскогаў звычайна лічаць нашчадкамі стваральнікаў Місісіпскай археалагічнай культуры, якая існавала ў VIII - XVI стст. і ахоплівала значныя тэрыторыі сучасных ЗША. Яе прадстаўнікі займаліся земляробствам, вырошчвалі кукурузу, мелі шырокія гандлёвыя кантакты з рознымі раёнамі паўночнаамерыканскага кантынента. У першай палове XVI ст. у населеныя імі землі было арганізавана некалькі іспанскіх экспедыцый. Мяркуюць, што эпідэмічныя хваробы, занесеныя іспанцамі, спрыялі разбурэнню агульнай культурнай прасторы. Да другой паловы XVII ст. на тэрыторыях сучасных штатаў Тэнесі, Джорджыя і Алабама склалася асобная канфедэрацыя плямён мускогі.

З 1670 г. на атлантычным узбярэжжы бліз зямель мускогі пачалі засноўвацца брытанскія калоніі. Для пашырэння гандлёвых сувязяў з індзейцамі ў 1690 г. на рацэ Окмэлгі-Крык каланісты заснавалі спецыяльную факторыю, адкуль у брытанскія калоніі і ў Еўропу вывозіліся скуры жывёл. Мяркуюць, што назва факторыі паўплывала на фарміраванне наймення індзейцаў як крык. Гэтае найменне было шырока прадстаўлена ў англамоўнай літаратуры да сярэдзіны XX ст. Маскогі падтрымлівалі саюзныя адносіны з брытанскімі ўладамі, удзельнічалі ў нападах на іспанскія паселішчы і плямёны індзейцаў, саюзных іспанцам. У пачатку XVIII ст. частка маскогі выступіла на баку іспанскіх і французскіх каланістаў, пацярпела паражэнне і перасяліліся ў Фларыду, дзе паступова сфарміраваўся асобны народ семінолы. Аднак сутычкі паміж самімі маскогі, якія прымалі бакі то французаў, то брытанцаў працягваліся да 1763 г.

У гады Амерыканскай рэвалюцыі маскогі зноў выступілі ў якасці саюзнікаў Вялікабрытаніі. Адным з найбольш выбітных правадыроў гэтага часу быў франка-індзейскі крэол Аляксандр Мак-Гіліўрэ (1750 - 1793 гг.), які імкнуўся цэнтралізаваць кіраванне і запазычыць найбольш карысныя рысы еўрапейскай культуры. Пасля паражэння Вялікабрытаніі А. Мак-Гіліўрэ дамогся прызнання дзяржвы маскогі з боку Іспаніі і атрымаў ад яе фінансавую дапамогу. У 1787 г. ён падпісаў у Нью-Ёрку дагавор з ЗША, складзены па прапанове Джорджа Вашынгтона. Маскогі саступалі частку спрэчных тэрыторый амерыканцам і абавязваліся выдаваць плантатарам беглых рабоў. ЗША абавязваліся прызнаваць суверынітэт маскогі і абарону іх зямель ад самавольных перасяленцаў. А. Мак-Гіліўрэ атрымоўваў званне генерала ЗША са значным гадавым заробкам. У 1792 г. маскогі фактычна адверглі Нью-Ёркскі дагавор і пачалі новыя перагаворы аб узнаўленні саюза з Іспаніяй. Аднак ваенныя дзеянні не пачаліся з-за хваробы і смерці А. Мак-Гіліўрэ.

Землі, атрыманыя ЗША ад маскогі ў 1814 г.

У 1796 г. федэральным агентам ЗША па справах маскогі быў прызначаны амерыканскі асветнік Бенджамін Хокінс, які зрабіў шмат намаганняў для паляпшэння саюзніцкіх адносін з маскогі, садзейнічаў уплыву амерыканскай культуры на індзейцаў праз адукацыю і пашырэнне гандлёвых кантактаў. Аднак у 1813 г. паміж правадырамі маскогі ўспыхнуў канфлікт. Ім скарысталіся еўрапейскія краіны і ЗША для адстойвання сваіх каланіяльных інтэрасаў. У 1814 г. ЗША дамагліся вельмі значных тэрытарыяльных саступак з боку правадыроў маскогі. У далейшым, амерыканскія чыноўнікі і прадпрымальнікі імкнуліся падначаліць правадыроў праз подкуп і ўцягванне ў зямельныя махінацыі. Да канца 1820-ых гг. калісьці вялікая дзяржава, створаная А. Мак-Гіліўрэ, была абмежавана некалькімі раёнамі ў цэнтральнай Алабаме.

28 мая 1830 г. у ЗША быў прыняты закон аб перамяшчэнні ўсіх індзейцаў на захад ад ракі Місісіпі. У 1834 - 1836 гг. большасць маскогі былі вымушаны перасяліцца ў Алабаму. Падчас Грамадзянскай вайны ў ЗША яны фактычна апынуліся падзеленымі на два лагеры, паколькі частка падтрымала А. Лінкальна, але большасць правадыроў, якія самі былі рабаўладальнікамі, апынуліся на баку Канфедэрацыі. У 1866 г. быў заключаны мірны дагавор з ЗША, які прадугледжваў вызваленне рабоў і наданне ім грамадзянскіх правоў. Маскогі заснавалі сваю сталіцу ў паселішчы Окмалгі, дзе пабудавалі Капітолій і ў 1867 г. прынялі Канстытуцыю Нацыі Крык.

У 1906 г. маскогі згубілі права на большасць племянных тэрыторый, аднак было зацверджана прыватнае зямельнае права і статус грамадзян ЗША. Гэта павінна было садзейніцаць хуткай асіміляцыі маскогі сярод амерыканцаў. У 1936 г. некаторыя абшчынныя аб'яднанні маскогі ў Аклахоме атрымалі федэральнае прызнанне. У 1970 г. была прызнана Нацыя Маскогі. У 1979 г. маскогі прынялі новую Канстытуцыю.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Бенджамін Хокінгс і маскогі, мал. 1805 г.

Ужо да знаёмства з еўрапейцамі продкі маскогі займаліся ручным земляробствам. Кантакты з каланістамі садзейнічалі пашырэнню еўрапейскага ўплыва на іх культуру асабліва з канца XVIII ст. Першыя еўрапейскія каланісты былі зацікаўлены ў гандлі скурамі дзікіх жывёл, якія масава вывозіліся ў Еўропу. Гэта садзейнічала значнасці прамысловага палявання. З канца XVIII ст. вялікая частка сем'яў займалася таварнай сельскай гаспадаркай, вырошчвала на продаж бавоўнік, тытунь, кукурузу, гадавала коняў і кароў. Пры гэтым актыўна пераймалася тэхналогія вытворчасці ў перасяленцаў еўрапейскага паходжання. Важную ролю ў распаўсюджванні інавацый у гаспадаранні адыграў Бенджамін Хокінс. У маскогаў меліся плантацыі, на якіх працавалі рабы. У XIX ст. маскогі разглядаліся амерыканцамі як адзін з "цывілізаваных індзейскіх народаў". Пасля перасялення ў Аклахому сельская гаспадарка засталася асноўным відам вытворчасці. Аднак маскогі таксама займаліся адыходніцтвам, наймаліся на працу на чыгунку, здабычу карысных выкапняў, сярод іх былі прафесійныя рабочыя, ўрачы, настаўнікі, журналісты і г. д. У наш час маецца шырокі пласт інтэлектуалаў.

Асновай традыцыйнай кухні маскогі былі кукурузная мука і крупы. З іх гатавалі кашу, якую елі са смажаным гарохам, гарбузом, бататам, садавінай. Рабілі з кукурузы салодкі напой апуске. Запечаную гародніну ўжывалі самастойна або з мясам. Мяса дзікіх жывёл і кароў нарыхтоўвалі празапас — рэзалі на тонкія палоскі і сушылі над вогнішчам. Улетку лавілі рыбу, аднак рыбныя стравы (звычайна самажаная рыба) з'яўляліся дастаткова рэдкімі, іх гатавалі пераважна ў святочныя дні.

Асноўным тыпам паселішча была вялікая вёска. Маскогі будавалі драўляныя жытлы каля берагоў рэк і азёр, часцяком на пагорках. У старажытныя часы былі вядомы вялізныя пірамідальныя насыпы, на якіх ставілі слупы як фундамент для хаціны. Былі вядомы часовыя жытлы накшталт буданоў. У XVIII - XIX стст. кожная гаспадарка мела некалькі пабудоў. У адных толькі спалі, у іншых гатавалі ежу, захоўвалі прадукты. Памерлых хавалі пад падлогай, але пазней з'явіліся сямейныя могілкі.

Традыцыйная мужчынская вопраткаштаны з аленяй скуры, плашч з тканіны, макасіны. Жаночая вопратка — скураныя спадніцы і доўгія плашчы з тканіны. Узімку шылі адзежу з футра. Малыя дзеці звычайна не апраналіся. Мужчыны і жанчыны мелі доўгія валасы, у якія ўпляталі ўпрыгожванні, сшчаплялі срэбнымі шпількамі.

У пару, калі земляробства з'яўлялася асновай для здабычы харчавання і лічылася жаночай справай, сфарміраваўся тып сям'і, у якім адлік сваяцтва вёўся па жаночай лініі. Шлюб арганізоўваўся па дамове паміж прадстаўнікамі (сваякамі ці сябрамі) маладога чалавека з бацькамі дзяўчыны. Пасля шлюбу ён перасяляўся ў сям'ю яе бацькоў, і некалькі гадоў маладая сям'я жыла разам са старэйшымі, але з цягам часу адлучалася. Дашлюбныя сексуальныя адносіны былі нормай, але пазашлюбныя здрады не віталіся. Практыкавалася палігінія. Дапушчаліся разводы. Сем'і аб'ядноўваліся ў сваяцкія кланы. Шлюб у межах свайго клана забараняўся. У кожнай вёсцы жылі прадстаўнікі некалькіх кланаў.

Правадыр маскогі, 1834 г.

Грамадскія адносіны засяроджваліся вакол кланаў і абшчын. Абшчынамі кіравалі прадстаўнікі мясцовых кланаў, звычайна мужчыны. Важную ролю ў жыцці абшчыны мелі супольнае землеўладанне, абавязковая ўзаемадапамога, традыцыі перадачы часткі прыватнай маёмасці іншым чальцам. У канцы XIX ст. замацавалася прыватная маёмасць на зямлю, што садзейнічала разбурэнню абшчынных адносінаў. Сістэма матрылінейных кланаў, якія насялялі розныя вёскі, аб'ядноўвала маскогі ў адзіную канфедэрацыю нават у часы, калі не мелася супольных правадыроў. Інстытут правадырства быў вядомы здаўна, але асаблівую важнасць набыў у XVIII - XIX стст. пад уплывам сталых войн. Пасада ваеннага правадыра не з'яўлялася спадчыннай. Усё залежыла ад здольнасці аб'яднаць вакол сябе дарослых мужчын-воінаў. Правадыром мог стаць іншаземец, што не аднойчы і здаралася ў гісторыі маскогі. Еўрапейскія і амерыканскія ўлады імкнуліся падначаліць сабе правадыроў праз наданне ім ганаровых званняў, перадачы прыватнай уласнасці. Так, ужо Аляксандр Мак-Гіліўрэ набыў на грошы амерыканцаў баваўняную плантацыю і рабоў. У XIX ст. многія правадыры актыўна займаліся прадпрымальніцтвам і заключалі маёмасныя дагаворы ад імя супляменнікаў. Інстытуут правадырства ўносіў раскол у канфедэратыўныя адносіны, паколькі пад уплывам ваенных лідараў здараліся адмежаванні тэрытарыяльных аб'яднанняў.

У адрозненні ад сваякоў-семінолаў, маскогі практыкавалі рабства. У старажытную эпоху рабом мог стаць ваеннапалонны, які звычайна знаходзіўся ў падначаленым стане ўсяго некалькі гадоў. У XVII - XVIII стст. маскогі спецыяльна арганізоўвалі ваенныя рэйды для захопу ваеннапалонных і продажу іх еўрапейскім перасяленцам. Але з канца XVIII ст., калі з'явіліся буйныя плантацыйныя гаспадаркі, маскогі самі пачалі купляць неграў-рабоў. Рабства было канчаткова адменена ў 1866 г. Былыя рабы атрымалі статус свабодных чальцоў грамадства маскогі, але не мелі зямельных надзелаў. Канстытуцыя 1979 г. абвяшчала тое, што маскогі можа лічыцца толькі той, хто мае продкаў-маскогі. Такім чынам многія нашчадкі рабоў згубілі статус супляменнікаў, што выклікала незадаволенасць сярод іх.

Згодна Канстытуцыі 1867 г. маскогі Аклахомы, складаюць адзінае аб'яднанне — Нацыю, якая знаходзіцца ў дагаворных адносінах з урадам ЗША. Главой выканаўчай улады з'яўляецца вярхоўны правадыр, які кіруе шэрагам дэпартаментаў. Заканадаўчая ўлада прадстаўлена выбарнай Нацыянальнай Радай (Palen-Cenvpohkaken) з 18 чалавек. Яны зацвярджаюць вярхоўнага правадыра. Маецца традыцыйны суд. У склад Нацыі Маскогі ўваходзяць маскогі з іншых штатаў.

Фальклор маскогі вядомы сваімі гістарычнымі паданнямі, казкамі і легендамі. У канцы ліпеня - пачатку жніўня арганізуецца свята маладой кукурузы. У мінулым яно завяршала канец каляндарнага года і пачынала новы год, суправаджалася рытуальнымі танцамі, спаленнем старых рэчаў і рэшткаў старога ўраджая. Падчас свята маладой кукурузы асуджаныя (акрамя забойцаў) атрымоўвалі прабачэнне. У нашы дні свята згубіла рэлігійнае значэнне, аднак прыцягвае ўдзельнікаў не толькі сярод маскогі, але і іншых этнічных груп.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова маскогі належыць да асобнай моўнай сям'і. Першы фанетычны алфавіт быў складзены ў 1835 г. і выкарыстоўваўся для публікацыі хрысціянскай літаратуры. У нашы дні карыстаюцца алфавітам, складзеным у 1890 г. на аснове лацінкі. На мове маскогі стала размаўляе толькі 15% ад усёй колькасці гэтага народа, але яна выкарыстоўваецца на афіцыйным узроўні Нацыяй Маскогі, існуе прафесійная літаратура.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Старажытная рэлігія маскогі была заснавана на веры ў Esaugetu Emissee (літаральна Гаспадара Дыхання), што дае пачатак жыцця і жыве на верхнім ўзроўні неба. Нябесныя свяцілы ўяўляліся яго пасланцамі. Кожны клан меў татэм, і кожнае паселішча — свяшчэнныя прадметы, якія звязвалі маскогі з Гаспадаром Дыхання. Трэба зазначыць, што апісанняў старажытных рэлігійных уяўленняў засталося мала, прычым некаторыя былі зроблены хрысціянскімі місіянерамі, якія тлумачылі рэлігію маскогі адвольна. Аднак з сярэдзіны XX ст. назіраецца цікавасць да адраджэння традыцыйных рытуалаў.

Большая частка сучасных вернікаў маскогі належыць да розных хрысціянскіх канфесій.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]