Мастацкая коўка
Мастацкая коўка — выраб рэчаў утылітарна-дэкаратыўнага прызначэння шляхам гарачага ці халоднага кавання металу; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вядома з 4—3-га тысячагоддзя да н.э. ў Іране, Месапатаміі, Егіпце; халодная мастацкая коўка ў індзейцаў Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі да XVI стагоддзя н.э. У перыяд сярэдневякоўя дасягнула росквіту ў Заходняй Еўропе, дзе такім спосабам вырабляліся рашоткі для балконаў, дзвярэй, агароджаў, ліхтары, святцы, акаваныя жалезам куфры, дзверы ў касцёлах і інш. Традыцыі мастацкай коўкі як сярэдневяковага рамяства захаваліся ў народным мастацтве да XIX стагоддзя.
Сярод твораў XV—XIX стагоддзяў вылучаюцца каваныя ліхтары, рашоткі, брамы Версаля (Францыя), Пецярбурга, Царскага Сяла (Расія). Шматлікія гарады спецыялізаваліся ў розных галінах кавальства: Герат (Афганістан), Масул (Ірак) — начынне, Дамаск, Мілан (Італія), Аўгсбург (Германія), Астрахань і Тула (Расія) — зброя, Нотынгем (Вялікабрытанія), Золінген (Германія), Паўлава (Расія) — нажы і інструменты.
У XIX стагоддзі ручная мастацкая коўка выцеснілася штампоўкай і ліццём. Традыцыі мастацкай коўкі адрадзіліся ў XX стагоддзі ў творах прафесійных мастакоў.
Беларусь
[правіць | правіць зыходнік]На Беларусі па-мастацку выкаваныя посуд, зброя, прадметы побыту вядомы з XI—XII стагоддзяў. Росквіту мастацкая коўка дасягнула ў XVI—XVII стагоддзях у сувязі з арганізацыяй кавальскіх цэхаў у Берасці, Слуцку, Полацку, Віцебску, Магілёве і інш., дзе выраблялі рэчы утылітарнага і мастацкага характару — дэкаратыўныя ліхтары, падстаўкі пад вазоны, надмагільныя і царкоўныя крыжы «са ззяннем», накладкі на мэблю і дзверы, падсвечнікі і інш. Больш за 160 кавалёў з Беларусі ў другой палове XVII стагоддзя працавалі ў Маскоўскай дзяржаве. У XVIII стагоддзі буйнымі цэнтрамі кавальства былі Віцебск, Горадня, Пінск, Менск, Магілёў, дзе выраблялі балконныя і аконныя рашоткі, агароджы, вароты, надкупальныя крыжы, алтарныя перагародкі, флюгеры, завесы, замкі, дзвярныя ручкі і інш.
Асноўны від дэкору каваных агароджаў — спалучэнні S- і С-падобных завіткоў, скручванне жалезных прутоў вакол падоўжнай восі, арнаментальныя матывы ў выглядзе разетак, бегункоў, меандру, картушаў. Накладкі на мэблі і дзвярах аздаблялі прасечкай, гравіроўкай, насечкай у выглядзе геаметрычных узораў. У другой палове XIX стагоддзя ў сувязі з развіццём прамысловасці мастацкая коўка ў гарадах заняпала, але захавала свае традыцыі ў народным побыце.
Сярод майстроў мастацкай коўкі канца XIX — пачатку XX стагоддзя П. Багрым, С. Манко, А. Уласік і інш. У другой палове XX стагоддзя як мастацкі промысел выйшла з ужытку. У наш час мастацкая коўка вядома ў творчасці некаторых прафесійных беларускіх мастакоў: А. 3айцава, Б. Казакова, Я. Карманава, С. Ларчанкі, Ю. Любімава, В. Сташчанюка, А. Сурскага і інш.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Сахута Я. М. Народнае мастацтва кавальства. Мн., 1981.
- А. І. Сямёнаў. Коўка мастацкая // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх