Эстонская акадэмія мастацтваў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Эстонская акадэмія мастацтваў
(ERKI, EKA, ЭАМ)
Eesti Kunstiakadeemia
Выява лагатыпа
Арыгінальная назва Eesti Kunstiakadeemia
Заснаваны 1914
Тып акадэмія
Рэктар Март Калм
Размяшчэнне Талін,  Эстонія
Юрыдычны адрас 10412, Бульвар Пых’я 7
Сайт www.artun.ee
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Эстонская акадэмія мастацтваў (эст.: Eesti Kunstiakadeemia, EKA) — адзіная вышэйшая навучальная ўстанова ў Эстоніі, якая рыхтуе спецыялістаў у галіне мастацтва, дызайну, архітэктуры, мастацтвазнаўства і рэстаўрацыі.

Паводле Статуту асноўнай мэтай дзейнасці Эстонскай акадэміі мастацтваў з’яўляецца садзейнічанне творчай і даследчай дзейнасці, прадастаўленне сучаснай вышэйшай адукацыі, якая грунтуецца на комплексным навучанні, творчай і даследчай дзейнасці і ў адпаведнасці са стандартам аб вышэйшай адукацыі ў вобласці выяўленчага мастацтва, дызайну, медыя, архітэктуры, мастацтвазнаўства, рэстаўрацыі і педагагічнай адукацыі.

Пасля акту эстонскага міністра адукацыі і даследаванняў № 145 ад 10 лютага 2007 года, Акадэмія была акрэдытавана як вышэйшая навучальная ўстанова міжнароднай экспертнай камісіяй.

Эстонская акадэмія мастацтваў падпісала каля 80 двухбаковых пагадненняў з універсітэтамі, якія ўдзельнічаюць у праграме ERASMUS, а таксама ўстановамі-партнёрамі, якія не ўдзельнічаюць у ERASMUS — у Швейцарыі, ЗША, Расіі, Аўстраліі. Акрамя таго Акадэмія супрацоўнічае з некалькімі прыватнымі ўніверсітэтамі ў краінах Еўрапейскага Саюза.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Заснаванне[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя Эстонскай акадэміі мастацтваў пачынаецца ў 1914 годзе, калі Эстонскае таварыства мастацтваў заснавала Талінскае мастацка-прамысловае вучылішча (эст.: Tallinna Kunsttööstuskool).[1] Гэта была першая школа мастацтваў у Эстоніі. Заснавальнікі ўзялі за аснову праграмы, па якіх была заснавана школа барона Аляксандра фон Штыгліца ў Санкт-Пецярбургу. Гэта сістэма ставіла на першае месца тэхнічныя і прыкладныя навукі.

Перыяд незалежнасці[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Эстонскай вайны за незалежнасць у 1924 годзе Талінскае мастацка-прамысловае вучылішча стала Дзяржаўным мастацка-прамысловым вучылішчам[1], прапануючы адукацыю па ўсіх спецыяльнасцях прыкладнога мастацтва таго часу. Распачатая ў 1922 годзе рэформа сістэмы навучання, была завершана, ператварыўшыся ў еўрапейскую шматузроўневую школьную сістэму. У выніку стала магчымым атрымаць дыплом спецыяліста ці мастака (з 1934 года). У 1920-я гады былі адкрыты новыя рабочыя класы і факультэты (тыпаграфіка, скульптура, графіка, кераміка, апрацоўка металу, шліфоўка і гравіроўка шкла, ткацкая справа), якія зрабілі навучальную ўстанову больш універсальнай. Значая колькасць выкладчыкаў стажыравалася ў Еўропе. У 1938 годзе Дзяржаўная індустрыяльная школа мастацтваў была ператворана ў дзве незалежныя установы: Дзяржаўнае вучылішча выяўленчага і прыкладнога мастацтва і Дзяржаўнае вышэйшае мастацкае вучылішча.[2]

Савецкі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

У 1940 годзе, пасля далучэнні Эстоніі да СССР, школа была пераназвана ў Дзяржаўнае вучылішча прыкладнога мастацтва імя Яана Коарта. Падчас Другой сусветнай вайны школа была часта зачынена і навучання адбывалася эпізадычна.

У 1944 годзе школа была пераназвана ў Талінскі дзяржаўны інстытут дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ЭССР.[1] У 1951 годзе была зачынена школа мастацтваў у Тарту, і спецыяльнасці вытанчаных мастацтваў былі пераведзены ў сталіцу. Такім чынам, усе мастацкія навучальныя ўстановы засяродзіліся ў Таліне. Новай назвай школы стала Дзяржаўны мастацкі інстытут Эстонскай ССР. Навучанне набыло новыя асаблівасці, характэрныя для савецкага ўніверсітэта, маючы тры асноўных кірункі — грамадскія навукі, прадметы па агульнай тэорыі мастацтва і прадметы прыкладнога мастацтва.

У 1949 годзе з Талінскага політэхнічнага інстытута быў пераведзены факультэт архітэктуры, які ў 1966 годзе са з’яўленнем спецыяльнасцей архітэктуры інтэр'ераў і дызайну сфарміраваў новы кірунак дзейнасці інстытута. Пасля гэтага інстытут стаў адзінай установай у Эстоніі, што падае вышэйшую адукацыю ва ўсіх сферах мастацтва і архітэктуры. У 19591989 гадах рэктарам інстытута быў Яан Варэс, пад кіраўніцтвам якога інстытут стаў папулярнай навучальнай установай з ліберальнымі поглядамі і еўрапейскім узроўнем навучання, дзе на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў вучыліся студэнты розных нацыянальнасцей і дзе атрымалі сваю адукацыю некалькі пакаленняў эстонскіх мастакоў. Высокая рэпутацыя інстытута распаўсюджвалася таксама і на былыя сацыялістычныя краіны Усходняй Еўропы, адбываўся абмен студэнтамі і студэнцкімі групамі, студэнты і выкладчыцкі склад бралі ўдзел у міжнародных конкурсах і выстаўках, займаючы высокія месцы і атрымліваючы гучныя водгукі. Першапачатковы будынак стаў малым для інстытута, які хутка развіваўся, таму быў рэканструяваны ў па праекце архітэктара П. Тарваса (1-я чарга ў 1965—1967 гг., 2-я — 1974 год), таксама быў далучаны будынак архітэктуры інтэр’ера ў Старым горадзе, на вуліцы Суўр-Клоастры.

Пасля 1989 года[правіць | правіць зыходнік]

У 1989 годзе інстытут быў пераназваны ў Талінскі мастацкі ўніверсітэт, што адзначыла пачатак новага перыяду ў гісторыі школы. Рэктарам быў выбраны адзін з самых вядомых гісторыкаў мастацтва Эстоніі — прафесар Яак Кангіласкі. У адпаведнасці са зменамі, якія адбываліся ў сістэме вышэйшай адукацыі дзяржавы, была распачата рэформа сістэмы навучання ва ўніверсітэце. Перыяд навучання быў скарочаны да чатырох з паловай гадоў. Сістэма курсу была захавана, але была ўведзена новая сістэма крэдытаў. Падчас змен былі прадстаўлены новыя ўзроўні адукацыі: бакалаўрыят, магістратура і дактарантура. У сярэдзіне 1990-х гадоў у школе ўзмацніўся эканамічны крызіс і агульны спад. У 1995 годзе Талінскі мастацкі ўніверсітэт быў пераназваны ў Эстонскую акадэмію мастацтваў, назва была сертыфікавана ў 1996 годзе. Істотна павялічыліся міжнародныя кантакты школы: студэнцкі і выкладчыцкі абмен, удзел у міжнародных адукацыйных праграмах, арганізацыя канферэнцый, семінараў і фестываляў. У 1997—2000 гадах былі пабудаваны новыя і сучасныя бібліятэкі. У 2002 годзе навучальныя праграмы Акадэміі былі абноўлены, зыходзячы з прынцыпаў Балонскай дэкларацыі, у адпаведнасці са стандартнай сістэмай вышэйшай адукацыі ў Еўрапейскі саюз. Першыя студэнты, якія навучаліся па абноўленай праграме, скончылі навучанне ў 2006 годзе. У 2005 годзе рэктарам Акадэміі быў абраны мастак па тэкстылі прафесар Сігнэ Ківі (міністр культуры Эстонскай Рэспублікі ў 1999—2001 гадах, член парламента ў 2002—2005 гадах). У 2018 годзе быў адкрыты новы будынак акадэміі.

Вядомыя выпускнікі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б в Rosenfeld, Alla (2001). Art of the Baltics. Rutgers University Press. p. 368. ISBN 0813530423. {{cite book}}: Шаблон цытавання мае пусты невядомы параметр: |coauthors= (даведка)
  2. Raun, Toivo (2001). Estonia and the Estonians, Studies of nationalities. Hoover Press. p. 167. ISBN 0817928529. {{cite book}}: Шаблон цытавання мае пусты невядомы параметр: |coauthors= (даведка)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]