Мастацтва Старажытнага Рыма

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Мастацтва Старажытнага Рыма стала адным з важных этапаў у развіцці сусветнай культуры.

Агульныя рысы. Перыядызацыя[правіць | правіць зыходнік]

3 V ст. да н. э. Рым паступова падпарадкоўвае сабе ўвесь Апенінскі паўвостраў, а ў III—II стст. да н. э. заваёўвае Грэцыю, Усходняе і Паўднёвае Міжземнамор’е. 3 гэтага часу пачынаецца рост магутнасці дзяржавы. Аб'яднанне Італіі пад уладай Рыма стварыла спрыяльныя ўмовы для развіцця рабаўласніцкай эканомікі, сельскай гаспадаркі. Аднак няспынныя ваенныя дзеянні і прыток рабоў  (руск.), ваеннапалонных давалі танную рабочую сілу, што садзейнічала працвітанню дзяржавы, росквіту яе магутнасці. Але менавіта гэта праз некаторы час стала прычынай падзення рэспублікі і ўзнікнення імперыі.

Культуру Рыма падзяляюць на два перыяды: рэспубліканскі (V—I стст. да н. э.) і імператарскі (I ст. да н. э. — V ст. н. э.). Кожны з іх адрозніваецца шэрагам асаблівасцей, народжаных перш за ўсё формай дзяржаўнай улады. Разам з тым паміж імі існуе відавочная пераемнасць. Закладзеныя ў часы ранняй рэспублікі асновы дойлідства, выяўленчага мастацтва, заснаваныя на здабытках культур грэкаў і этрускаў, краін усходу, будуць развівацца і абагачацца, пераўтвараючыся ў дасягненні ўласна рымскай цывілізацыі.

«Форум Раманум» у Рыме. IV ст. да н.э. — IV ст. н.э.

У канцы I ст. да н. э. Рымская дзяржава ў выніку бесперапыннай барацьбы паміж прадстаўнікамі асобных саслоўяў, грамадзянскіх войн і паўстанняў рабоў прыйшла да ваеннай дыктатуры (Сулы, Пампея, Цэзара) і ператварылася з рэспублікі ў імперыю. Афіцыйным напрамкам мастацтва гэтага часу стаў так званы аўгустоўскі класіцызм. Такая назва ўзнікла ад імя першага Імператара Рыма Актавіяна Аўгуста. Гэты напрамак мастацтва характарызуецца ідэалізацыяй, імкненнем да ўслаўлення вярхоўнай улады. Рысы аўгустоўскага класіцызму, набыўшы статус афіцыйнага стылю, у нязначных адрозненнях вызначалі культуру імператарскага Рыма да першых дзесяцігоддзяў нашай эры.

III стагоддзе — перыяд жорсткіх войн, паўстанняў у гісторыі Рыма. Рабаўласніцкія адносіны зжываюць сябе. У грамадстве назіраецца расслаенне на патрыцыяў і свабодных арандатараў (калонаў), што сведчыць аб пачатку працэсу фарміравання новых феадальных адносін. Менавіта гэта і прыводзіць імперыю да распаду. У сярэдзіне III ст. н. э. на тэрыторыю дзяржавы з поўначы нападаюць варвары, з усходу наступаюць персы. Вялікая антычная імперыя гіне пад ударамі знешніх ворагаў і пад уплывам унутраных супярэчнасцей. У гэты час адбываюцца змены і ў рэлігіі. Хрысціянства, якое ўзнікла яшчэ ў I ст. н. э. як неафіцыйная рэлігія, з 313 г. становіцца легальным у дзяржаве, што нясе змены ва ўсіх галінах культуры.

Развіццё старажытнарымскага мастацтва спынілася з распадам імперыі. Тым не менш яго высокія дасягненні адыгралі вызначальную ролю для далейшага развіцця культуры як Еўропы, так і Бліжняга Усходу. Непасрэдным пераемнікам рымскіх мастацкіх традыцый стала Візантыя. Захаваныя помнікі антычнасці натэрыторыі Еўропы паўплывалі на творчасць сярэдневяковых майстроў, прыўнеслі ўжо ў раманскую культуру важныя гарманічныя вобразныя настроі.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Рэканструкцыя рымскіх форумаў (у цэнтры імперскія, у левым ніжнім вугле — рэспубліканскі)

Вядучую і аб'ядноўваючую ролю ў рымскім мастацтве перыяду рэспублікі адыгрывала архітэктура. Будаўніцтва ў асноўным канцэнтравалася ў сталіцы дзяржавы — Рыме, узнікненне якога адносяць да VIII ст. да н.э. Горад фарміраваўся ў межах трох пагоркаў — Капітолія, Палаціна і Квірынала, паміж якімі знаходзілася раўнінная мясцовасць. Менавіта тут склаўся яго цэнтр, галоўная плошча — форум, які аб'ядноўваў у сабе грамадскія, культавыя, прадстаўнічыя і гандлёвыя функцыі. На ім размяшчаліся не толькі будынкі сената, суда, архіва, храмы, але і статуі, трыумфальныя слупы і аркі ў гонар славутых грамадзян, імператараў, важных падзей. Першы варыянт форума склаўся да II ст. да н.э. (форум Раманум), але выгляд яго неаднаразова мяняўся, паколькі ў перыяд ад рэспублікі да імперыі тут узводзіліся асобныя будынкі, новыя коммлексы. Асабліва вялікая іх колькасць узнікла ў эпоху імперыі (форумы Цэзара, Аўгуста, Веспасіяна, Нервы і Траяна), што прывяло да асіметрычнай планіроўкі, у адрозненне, напрыклад, ад Афінскага акропаля, дзе ўсё было гарманізавана і падпарадкавана адзінай задуме ансамбля.

Аснову дасягненняў рымскай архітэктуры трэба шукаць у мастацкай спадчыне грэкаў. Менавіта ад іх рымскія дойліды ўзялі архітраўную (бэлечную) канструкцыю, значна яе ўдасканаліўшы. Не апошнюю ролю адыграла таксама і архітэктура этрускаў, ў якой былі, у прыватнасці, запазычаны скляпеністая і арачная канструкцыі. Яны дазвалялі перакрываць у будынках вялікую ўнутраную прастору. Рымскія архітэктары ўдасканалілі асобныя тыпы будынкаў, вынайшлі новыя, раней невядомыя: амфітэатры, тэрмы, трыумфальныя аркі і слупы, акведукі, масты, дарогі. Яны адкрылі і новы будаўнічы матэрыял — бетон, выкарыстанне якога дазваляла вырашаць разнастайныя складаныя будаўнічыя задачы. У склад бетону уваходзілі вапнавы раствор, шчэбень, а ў якасці напаўняльніка — пуцалана (пясок вулканічнага паходжання). Гэты трывалы матэрыял спрасціў кладку масіўных нясучых канструкцый, забяспечыў гнуткасць і пластычнасць іх форм, дазваляў узводзіць вялікія крытыя будынкі, масты і акведукі з аркамі.

Аб характары рымскай архітэктуры перыяду рэспублікі можна меркаваць па ўмацаваннях Рыма. Першыя гарадскія сцены былі ўзведзены яшчэ пры этрускіх царах у канцы VII — пачатку VI ст. да н.э., а больш познія, так званыя Северавыя  (руск.), — у 378352 гг. да н.э., Аўрэліянавыя — у 272 г. да н.э. Яны ўяўлялі сабой магутныя збудаванні, выкладзеныя з каменных блокаў, у тоўшчы якіх рытмічна чаргаваліся прызматычныя, часткова выступаючыя вежы, знаходзіліся ўязныя брамы з арачнымі завяршэннямі.

Апіева дарога

Будаўніцтва дарог, акведукаў, мастоў было выклікана практычнымі патрэбамі: развіццём гандлю, ваеннай палітыкай рэспублікі. Самая старажытная з іх — Апіева дарога (312 да н.э., ад імя дзяржаўнага цэнзара Апія Клаўдзія), пракладзеная паміж Рымам і Венузіяй, даўжынёй 350 км. Яна ўяўляла складанае інжынернае збудаванне, якое ўключала аркі, масты, падпорныя сцены. Дарожнае палатно складалася з тоўстых слаёў бетону, шчэбеню, каменных пліт. У часы імператарскага Рыма ўзвялі яшчэ некалькі дарог — Лацінскую, Фламініевую, Касіеву, Клаўдзіеву, Саляную, Аўрэліеву. Для забеспячэння горада вадой была створана сетка акведукаў. Асобныя ніткі некаторых з іх працягнуліся на дзясяткі кіламетраў.

Мост Цэсція

Раннія рымскія масты і акведукі (1-ая пал. II ст. да н.э.) звычайна былі шматарачныя. Гэта было абумоўлена недасканаласцю будаўнічай тэхнікі — найбольшая шырыня пралёта магла складаць толькі 6 м. Пазней былі асвоены прыёмы, дзякуючы якім шырыня перакрываемага пралёта магла дасягаць 10 м і болей. Прыкладам могуць служыць масты Цэсція і Фабрыцыя, якія яб'ядналі берагі Тыбра. Пралёты захаванага моста Фабрыцыя складаюць ужо 24,5 м.

Паступова ў архітэктуру рэспубліканскага Рыма пачынаюць пранікаць элементы грэчаскага мастацтва. Вытанчанасць, раскоша і практыцызм, мэтазгоднасць — рысы, якія адрозніваюць вялікую колькасць будынкаў рымскіх архітэктараў. Яны сведчаць аб аб'яднанні грэчаскіх і этрускіх будаўнічых прыёмаў. Асноўным элементам, запазычаным з Грэцыі, быў ордар. Але рымляне адводзяць ямухутчэй дэкаратыўную ролю, паколькі канструкцыю будынка ўтвараюць арка, слуп і сцяна.

Храм Весты ў Цівалі
Храм Геркулеса Віктара
Храм Фартуны Вірыліс

У эпоху рэспублікі галоўнымі тыпамі храма былі псеўдаперыптар з уваходам у будынак з аднаго боку і круглы храм-ратонда. Гэтыя два тыпы храмаў склаліся паступова ў выніку аб'яднання мясцовых, але ў большай частцы — этрускіх і грэчаскіх традыцый. Прыкладамі з'яўляюцца круглыя храмы Весты, узведзеныя ў II—I стст. да н.э. у Цівалі} каля Рыма, на форуме Раманум і Храм Геркулеса на беразе Тыбра, на так званым форуме Боарыум — Бычыным рынку. Там выкарыстаны карынфскі ордар, які ўжо ў той час быў адным з распаўсюджаных. Варыянт храма-псеўдаперыптара прадстаўляе храм Фартуны Вірыліс (I ст. да н.э.) на форуме Боарыум у Рыме, упрыгожаны іанічнымі калонамі.

У II ст. — першай палове I ст. да н.э. склаліся важнейшыя тыпы рымскіх грамадскіх збудаванняў. Базіліка, што звычайна прымыкала да форума і прызначалася для дзелавых сустрэч, гандлёвых здзелак, судовых пасяджэнняў, уяўляла сабой вялікую прамавугольную ў плане залу, цэнтральная частка якой абносілася калонамі. Гэта стварала магчымасць кругавога абходу па перыметры.

У адной тарцовай сцяне знаходзіўся ўваход, насупраць якога размяшчалася ўзвышэнне — трыбунал. 3 часам для базілікі стала характэрна трохнефавая структура з аб'ёмамі, утворанымі двума радамі слупоў. Сцены сярэдняга нефа ўзвышаліся над дахамі бакавых, у іх для асвятлення праразалі аконныя праёмы. Такое кампазіцыйна-прасторавае рашэнне перайшло пазней у хрысціянскае храмавае будаўніцтва і стала называцца базілікальным.

Другім тыпам рымскага будынка былі тэрмы — прыватныя, а затым грамадскія збудаванні, у якіх аб'ядналіся функцыі лазняў і грэчаскіх палестраў. Яны служылі таксама. для сустрэч, дыспутаў, гутарак. У іх склад уваходзілі памяшканні рознага прызначэння, цэнтральным з якіх, як правіла, быў ападзітэрый (раздзявальня). Акрамя гэ-тага меліся фрыгідарый (халодная лазня), тэпідарый (цёплая лазня), кальдарый (гарачая лазня). Ацяпленне тэрмаў ажыццяўлялася гарачым паветрам, якое падавалася па каналах пад падлогай і ў сценах, часам нават у столі.

Тэатр Марцэла ў Рыме (44—17 гг. да н.э.)

Вынаходніцтва бетону паўплывала на характар тэатральнай архітэктуры. Першапачаткова гэта былі прыступкава прыўзнятыя і аб'яднаныя ў адзіны аб'ём месцы для гледачоў «кавеа» з роўнай па вышыні сцэнай («скенай»). Вылучалася паўкруглая «архестра», дзе цяпер размяшчаліся ганаровыя гледачы. Праскеніум, які толькі эпізадычна выкарыстоўваўся ў грэчаскім тэатры, стаў галоўнай ігравой пляцоўкай, падобнай сучаснай сцэне. Па сутнасці, былі закладзены канцэпцыі новай структуры як самога тэатральнага будынка, так і суадносінаў глядач — акцёр, якія атрымалі развіццё ў тэатральным мастацтве Новага часу. Менавіта такі выгляд меў тэатр Марцэла ў Рыме (44—17 гг. да н.э.), які ўмяшчаў некалькі тысяч гледачоў. Захаваліся рэшткі паўцыліндрычнага аб'ёму будынка, які ўяўляе сабой двух'ярусную аркаду, дзе слупы і аркі спалучаюцца з прыстаўленымі паўкалонамі і антаблементамі тасканскага і іанічнага ордэраў. Менавіта такі прыём знайшоў далейшае развіццё ў архітэктуры Калізея.

Адэон у Пампеях

Узводзіліся таксама невялікія, часам крытыя, будынкі («адэоны»), прызначаныя для выступленняў музыкантаў (адэон у Пампеях  (італ.), I ст. да н.э.), цыркі для конных спаборніцтваў (цырк Фламінія  (англ.) ў Рыме, 221 г. да н.э.). Аднак найбольш вядомымі сталі відовішчныя збудаванні чыста рымскага тыпу — амфітэатры, якія сфарміраваліся, відаць, са спалучэння пляцоўкі для дзействаў і двух кавеа, размешчаных люстэркава (амфітэатр у Пампеях  (англ.), I ст. да н.э.).

Домус
Лоўрэнс Альма-Тадэма. «Інтэр'ер дома Гая Марцыя»

Своеасаблівасць рымскай архітэктуры адлюстравалася таксама ў прыватным жыллёвым будаўніцтве. Арыстакратыя, заможныя асобы ўзводзілі галоўным чынам аднапавярховыя асабнякі (домусы), якія складаліся з афіцыйных парадных і гаспадарчых памяшканняў. Цэнтрамі жылых дамоў былі атрыі (унутраныя двары, перакрытыя дахамі з адтулінамі ў цэнтры для асвятлення і сцёку дажджавой вады) і перыстылі (адкрытыя двары прыватнай часткі дома, абкружаныя па перыметры каланадай, з басейнам, фантанам і кветнікам). Падзел жылля на парадныя і афіцыйныя памяшканні вызначыў сістэму роспісаў інтэрераў і ўвогуле характар тагачаснага манументальнага жывапісу.

Храм у Німе (пач. I ст. н.э.)

Аб характары дойлідства аўгустоўскага перыяду можна меркаваць па храме ў Німе (Паўднёвая Францыя, пач. I ст. н.э.). Ён належыць да тыпу псеўдаперыптэра з развітой унутранай прасторай і вызначаецца гарманічнымі прапорцыямі, пышнасцю аздаблення. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічаў выкарыстаны карынфскі ордэр. Будынак пастаўлены на высокі подыум, яго фасад падкрэслены глыбокім портыкам і лесвіцай, якая да яго вядзе. У адрозненне ад храма Фартуны Вірыліс на форуме Боарыўм у Рыме цэла храма ў Німе больш выцягнутая і блізкая да залатога сячэння.

Да перыяду праўлення Актавіяна Аўгуста адносіцца Алтар Міра (13—9 гг. да н.э.) у Рыме на Марсавым полі. Гэта адносна невялікае збудаванне прамавугольнай у плане формы (11,6x10,6 м), вышыня дасягае 6 м. Яно ўзведзена на пляцоўцы, абкружанай сценамі, і вызначаецца стрыманай архітэктурай. На невысокі подыум пастаўлены прызматычны аб'ём, у адной сцяне якога зробленыўваходны праём. Па версе ідзе моцна выступаючы карніз складанага профілю, па вуглах змешчаны пілястры з капітэлямі карынфскага ордэру. Зусім інакш вырашана пластыка ўнутраных і знешніх паверхняў сцен, якія аздабляюць арнаментаваныя кампазіцыі і фрыз з выяўленай урачыстай працэсіяй, што рухаецца да алтара на чале з імператарам і членамі яго сям'і. Разам з прыбліжанымі, сенатарамі, жрацамі, паказанымі з партрэтным падабенствам, тут змешчаны фігуры багоў, якія павінны былі падкрэсліваць ідэю аб працвітанні дзяржавы ў час праўлення Аўгуста.

Пабудовы перыяду росквіту Рымскай імперыі (20-я г. да н.э. — ІІ ст. н.э.) вызначаюцца манументальнай пластычнасцю, дамінуючай роляй аркі (арачна-скляпеністых канструкцый), шырокім выкарыстаннем дэкаратыўнага жывапісу і скульптуры. Спецыфічнай адметнасцю стала т.зв. ордарная аркада — сісіэма паярусных ордараў, накладзеная на прарэзаную аркамі сцяну.

Архітэктуру часоў пераемнікаў Аўгуста можна ацаніць на прыкладзе так званага «Залатога дома» Нерона (64 — 69 гг., архітэктары Рабірый, Север і Цэлер), у якім адлюстраваліся перш за ўсё асабістыя густы імператара. Гэта быў велізарны палацавы ансамбль, узведзены у цэнтры Рыма на месцы знесенага плябейскага квартала. У аснове яго план загараднай вілы з развітай аб'ёмна-прасторавай структурай. Комплекс знаходзіўся ў парку плошчай 120 га, трапіць у які можна было ад фору-ма праз каланаду. Каля яе знаходзілася каласальная 36-метровая бронзавая статуя Нерона. У парку былі штучнае возера, храмы, фантаны, галерэі, павільёны. Галоўным збудаваннем з'яўляўся палац з памяшканнямі рознага прызначэння — параднымі і бальнымі заламі, пакоямі для гасцей, месцамі адпачынку. Шырокае выкарыстанне ў будынку бетонных скляпенняў давала магчымасць перакрываць вялікія аб'ёмы без апорных слупоў. «Залаты дом» вызначаўся неверагоднай раскошай, у яго аздобе выкарыстоўваліся мармур, перламутр, золата, нават каштоўныя камяні, а таксама роспісы, скульптурны дэкор. Пасля падзення Нерона комплекс быў разбураны, а на месцы возера пабудавалі Калізей.

Акведук у Німе

Акрамя храмаў, палацаў і віл у дадзены часузводзіліся будынкі гаспадарчага прызначэння, з ліку якіх вылучаюцца акведукі, неабходныя для забеспячэння гарадоў вадой. Яны не былі адкрыццём уласна рымлян і вядомы ў старажытнасці ў гарадах Пярэдняй Азіі, Крыта. Але менавіта рымляне ўвасобілі ў акведуках бліскучыя інжынерныя вырашэнні і надалі іх архітэктуры характар мастацкіх твораў. Першы рымскі акведук (падземны) быў пабудаваны ў 312 г. да н. э., апошні — у 226 г. н.э. У часы імперыі іх налічвалася 11, а працягласць складала 560 км. Акведукі ўзводзіліся не толькі ў сталіцы, але і ў значных гарадах правінцый. 3 найбольш вядомых вылучаюцца акведукі ў Німе (Гарскі мост), Ліёне (абодва — Францыя), у Сеговіі (Іспанія), Аку (Ізраіль).

Вельмі інтэнсіўна развівалася архітэктура ў канцы I — пачатку II ст. н. э. у перыяд праўлення дынастый Флавіяў і Антанінаў. Адным са знакамітых збудаванняў гэтага часу стаў амфітэатр Флавія'ў (Калізей, 75—80 гг.), буйнейшы сярод рымскіх амфітэатраў. Разлічаны на 50 тысяч гледачоў, ён ўяўляе сабой у плане эліпс (даўжыня 188 м), у цэнтры якога знаходзілася арэна. Вакол яе былі месцы для гледачоў. Яны прыступкава падымаліся ўгару, утвараючы чатыры ярусы. Кожны з такіх радоў размяшчаўся на магутных скляпеністых галерэях. Дзякуючы ім забяспечвалася хуткае запаўненне будынка. Усё каласальнае збудаванне пакоілася на глыбокіх сутарэннях, аб'ёмы якіх выкарыстоўваліся ў гаспадарчых мэтах, у іх знаходзіліся гладыятары, тут трымалі звяроў.

Калізей у Рыме

Амфітэатр падзелены знадворку на чатыры ярусы (вышыня 48,5 м), з якіх тры ўяўляюць сабой суцэльныя аркады, упрыгожаныя тасканскімі, іанічнымі і карынфскімі паўкалонамі, а чацвёрты, верхні, з'яўляецца магутнай сцяной, расчлененай пілястрамі з карынфскімі капітэлямі. Аркі ніжняга яруса служылі для ўваходу і выхаду. Шырыня арачных праёмаў і слупоў аднолькавая ва ўсіх трох ярусах, аднак за кошт рознага ордэрнага вырашэння (тасканскі — у ніжнім, іанічны — у сярэднім, карынфскі — у верхнім) ствараецца ўражанне паступовага памяншэння цяжару будынка, лёгкасці па меры руху ўгару. Калізей, як і многія іншыя рымскія манументальныя збудаванні, стаў відавочным увасабленнем магутнасці дзяржавы, непахіснасці яе ідэалогіі. Нават у цяперашнім, напаўразбураным стане ён уражвае смеласцю і дасканаласцю інжынернага і архітектурнага рашэнняў.

У 92 г. н.э. архітэктар Рабірый узвёў велізарны палац Флавіяў на Палаціне. Комплекс складаўся з дзвюх частак, у плане раз-мешчаных прыступкава. У першую ўваходзілі тронная зала, перыстыль і трыкліній (сталовая зала), абкружаныя іншымі памяшканнямі, у склад другой — два перыстыля, перабудаваныя з палаца Аўгуста. Акрамя гэтага тут меліся шматлікія жылыя пакоі, гасцінныя, невялікая базіліка.

Трыумфальная арка Ціта, 81 г. н.э.

Яшчэ адным велічным творам часоў Флавіяў была трыумфальная арка Ціта (81 г. н.э.), прысвечаная падаўленню рымлянамі іудзейскага паўстання. Гэта аднапралётнае збудаванне вышынёй 15,4 м і шырынёй 5,3 м служыла асновай для шматфігурнай скульптурнай выявы імператара на калясніцы. Калоны з капітэлямі кампазітнага ордэра, складаны, з моцна выступаючым карніза антаблемент і высокі атык з надпісам нараджаюць кантрасты святлаі ценяў і ўзмацняюць выразнасць будынка, ствараюць адчуванне ўрачыстасці, святочнасці і разам з тым стрыманасці. Скляпенні аркі запоўнены кесонамі з мудрагелістымі разеткамі, а на ўнутраных баках пралёту знаходзяцца рэльефы са сцэнамі пабеднага вяртання Ціта і яго войскаў у Рым. Іх кампазіцыя вырашана так, што складваецца ўражанне руху фігур не ўздоўж сцяны, а быццам з глыбіні, па дыяганалі, нават у розныя бакі. Пазней былі ўзведзены адна- і трохпралётныя аркі Траяна (115, 114—120 гг.), Адрыяна (120—130 гг.), Септымія Севера (203 г.), Каракалы (216 г.) і Канстанціна (312—315 гг.), у якіх знайшоў далейшае развіццё тып велічнага трыумфальнага збудавання.

У час праўлення імператара Траяна архітэктар Апаладор з Дамаска пабудаваў адзін са складаных і развітых рымскіх форумаў (111—114 гг.). Уваходам у комплекс служыла трыумфальная трохпралётная арка, за якой размяшчаўся перыстыльны двор даўжынёй 120 м з портыкамі і выгінамі бакавых сцен. Замыкала двор пастаўленая папярок галоўнай восі ансамбля пяцінефная базіліка Ульпія — адна з самых вялікіх на той час. За ёй ішла плошча, у пачатку якой знаходзілася калона Траяна, а паабапал — будынкі лацінскай і грэчаскай бібліятэк. У глыбіні плошчы, на падоўжнай восі, быў пабудаваны храм Боскага Траяна. Да паўночна-ўсходняга бока комплексу прымыкаў велізарны рынак з пяціпавярховымі гандлёвымі будынкамі, складскімі памяшканнямі. У адрозненне ад ранейшых форумаў восевай кампазіцыі тут падоўжны рух ансамбля супакойваўся закругленнямі, папярочным размяшчэннем базілікі Ульпія. Адметны выгляд усяму комплексу надавалі скульптуры з залачонай бронзы, выбрукоўка плошчы і абліцоўка сцен мармурам, пакрыццё даху базілікі лістамі за-лачонай бронзы. На жаль, няўмольны час не пашкадаваў гэты выдатны твор. 3 пабудоў форума Траяна захавалася толькі трыумфальная калона.

«Храм усіх багоў» (Пантэон) у Рыме. 118—125 гг.

Да вялікіх будынкаў эпохі імператарскага Рыма належыць аднесці Пантэон — «Храм усіх багоў» (118—125 гг.), узведзены ў час праўлення Адрыяна Апаладорам з Дамаска. Храм з'яўляецца класічным прыкладам купальнага будынка. Прапорцыі яго вызначаюцца дасканаласцю: пры вышыні 42,7 м, амаль аднолькавай з дыяметрам купала (43,5 м), пры вышыні сцен, роўнай радыусу асноўнага, круглага ў плане аб'ёму, ва ўнутраную прастору ўпісваецца шар. Купал мае форму паўсферы, якая ляжыць на цыліндрычнай аснове. Пантэон узведзены з традыцыйных матэрыялаў — цэглы і бетону. Ён пакоіцца на падмурку глыбінёй 4,5 м, а таўшчыня сцен храма дасягае 6,3 м. Унутры іх ёсць пустоты, разлічаныя на па-мяншэнне вагі. Акрамя гэтага для трываласці і раўнамернага размеркавання нагрузкі выкарыстана строга прадуманая сістэма вялікіхі малых цагляных арак, папярочных перамычак. Знадворку круглым сценам проціпастаўлены васьмікалонны порцік карынфскага ордэра. Фактычна гэта адзінае ўпрыгожанне замкнёнага знешняга аб'ёму храма, у якім галоўны мастацкі эфект перанесены на ўнутраную прастору.

Купал Пантэона

Стварэнню ўражання неабсяжнасці, велізарнага аб'ёму садзейнічаюць амаль усе элементы інтэр'ера — ад мармуровай падлогі, інкрустацый сцен, калон карынфскага ордэра, ніш для скульптуры, паясоў, што падкрэсліваюць падзел на ярусы, да кесаніраванага купала з амаль дзевяціметровай у дыяметры адтулінай для асвятлення. Менавіта кесоны ствараюць эфект несапраўднай перспектывы, падкрэсліваючы вышыню будынка. Храм успрымаўся рымлянамі якувасабленне сусвету, а кожная дэталь яго ўбрання, народжаная геніем архітэктара, напаўнялася ў свядомасці асобы адчуваннем шматзначнасці мастацкага вобраза прасторы. На працягу стагоддзяў многія архітэктары імкнуліся пераўзысці ў сваіх збудаваннях Пантэон. Калі ў памерах гэта некаторым і ўдавалася, то ў адчуванні меры, прапорцый, кампазіцыі храм быў недасягальны.

Эпоха Адрыяна паклала пачатак аслабленню строгай манументальнасці архітэктуры, адбыўся паступовы пераход у бок большай ускладнёнасці вобраза. Яскравым сведчаннем гэтаму з'яўляецца віла імператара, узведзеная паблізу Цівалі (125—135 гг.) за 24 км ад Рыма, у якой адлюстраваліся перш за ўсё ўражанні Адрыяна ад эліністычнага Усходу. У адрозненне ад падобных комплексаў рэспубліканскага перыяду віла імператара — гэта пазбаўлены гаспадарчых будынкаў ансамбль, які складаецца з некалькіх частак, свабодна размешчаных на мясцовасці. У большай ступені ў ім узнаўляюцца знакамітыя архітэктурныя помнікі Пярэдняй Азіі, Грэцыі і Егіпта, якія высока цаніўімператар. Для афіцыйных прыёмаў прызначалася «Залатая плошча» — вялікі перыстыль з групай дадатковых памяшканняў, разнастайных па планіроўцы і прасторавай арганізацыі. Так званы «Марскі тэатр» з яго пакоямі, абкружаны сцяной і кальцавым басейнам, быў, відаць, задуманы для інтымных забаў. Комплекс вілы ўключаў галерэю жывапісу, штучны канал «Каноп», бібліятэку, тэатр, тэрмы, храм Серапіса.

Тэрмы Каракалы

У эпоху імперыі працягвалі ўзводзіць тэрмы. Як і амфітэатры, яны прызначаліся для забаў плебсу, былі важнейшымі сродкамі ў заваяванні правіцелямі народных сімпатый. Самымі вядомымі і вялікімі будынкамі гэтага перыяду былі тэрмы Каракалы (212—217 гг.) і Дыяклетыяна (298—306 гг.). Тэрмы Каракалы — найбольш грандыёзная пабудова дадзенага віду. Яны складаліся з велізарнага, прамавугольнага ў плане галоўнага будынка, абкружанага з усіх бакоў карпусамі, якія размешчаны на некаторай адлегласці. Комплекс тэрмаў, які ўключаў вялікую колькасць разнастайных памяшканняў, падземных камунікацый, падпарадкаваны строгай сіметрыі. У галоўным будынку на адной восі знаходзіліся вялікая зала з басейнам, шыкоўна дэкарыраваная галоўная зала (халодная лазня) плошчай 2,7 тыс. м кв., цёплая лазня і ратонда гарачай лазні з купалам дыяметрам 34 м. Затым ішлі залы для адпачынку, палестры, басейны, раздзявальні. Памеры тэрм дазвалялі адначасова ўмясціць да 1600 чалавек. Дзякуючы велічыні і разнастайнасці форм залаў, якія маглі мець чатыры сцяны, тры сцяны і каланаду ці толькі каланады, ствараліся разнастайныя прасторавыя пабудовы. Акрамя гэтага памяшканні тэрмаў былі шыкоўна ўпрыгожаны скульптурай, ляпнінай, мазаікамі і роспісамі.

Жывапіс[правіць | правіць зыходнік]

Аляксандр Македонскі з «Дом Фаўна» ў Пампеях, 2-ая пал. II ст. да н. э.

Сярод ранніх захаваных выяў большую частку складаюць прыклады з Пампеяў і Геркуланума — двух гарадоў, засыпаных попелам у час вывяржэнняў Везувія ў 79 г. н. э. Іх падзяляюць на чатыры групы і ўмоўна называюць стылямі. Першы атрымаў назву «інкрустацыйны». Распаўсюджаны ў другой палове II — пачатку I ст. да н. э., ён імітаваў абліцоўку сцен каменнымі плітамі з мармуру і яшмы («Дом Фаўна» ў Пампеях, 2-ая пал. II ст. да н. э.).

У пачатку I ст. да н. э. развіваецца другі стыль — архітэктурна-перспектыўны. Аснову яго складае імітацыя жывапіснымі сродкамі архітэктурных дэталяў — калон, карнізаў, ніш, пілястраў. Паміж выявамі архітэктурных элементаўразмяшчаліся сюжэтныя роспісы на міфалагічныя тэмы («Віла містэрый» паблізу Пампеяў, сяр. I ст. да н. э.). Трэці і чацвёрты стылі — арыенталізуючы і дэкаратыўны — характэрны для эпохі імперыі. Арыенталізуючаму стылю ўпасцівы выкарыстанне элементаў мастацтва Усходу, асабліва Егіпта, вытанчанасць формы ў спалучэнні са стрыманасцю і лаканізмам («Дом стагадовай гадавіны» ў Пампеях, 30-ыя гг. н. э.), дэкаратыўнаму — пышнасць, прасторава-архітэктурнае вырашэнне, часта фантастычнага характару («Дом Ветыяў» у Пампеях, 30—40-ыя гг. н. э.). Складаныя і разнастайныя роспісы перыяду Рымскай рэспублікі і эпохі імперыі адыгралі ў далейшым значную ролю ў станаўленні дэкаратыўнага мастацтва Заходняй Еўропы.

«Апалон». Фрагмент фрэскі «Дома Менандра» ў Пампеях. 70-ыя гг.

У перыяд імператарскага Рыма шырокае распаўсюджанне атрымалі роспісы, мазаічныя выявы, якімі ўпрыгожвалі сцены і падлогі дамоў. Для роспісаў канца I ст. да н. э. — пачатку I ст. н. э. характэрны выкарыстанне арнаментацыі з традыцыйнай архітэктурнай дэкарацыяй, зварот да міфалагічных сюжэтаў, увядзенне усходніх матываў. Частымі былі і кампазіцыі на бытавыя тэмы, пейзажы, нацюрморты. Пазней, у другой палове I ст. н. э., у роспісах пачынаюць пераважаць фантастычныя архітэктурныя формы, сюжэтныя выявы, змешчаныя ў цэнтральных частках сцен, якія атрымліваюць глыбокія перспектыўныя пабу-довы, дынаміку. Такі дэкаратывізм парушае плоскасць сцяны будынка, «разрываючы» яе, пашыраеаб'ёмы пакоя. Высокім майстэрствам вызначаюцца роспісы дома Веціеў (70-ыя гг.), «Дома пакаранага амура»(40-ыя гг.) і «Дома Дыяскураў» у Пампеях (79 г.), базілікі ў Геркулануме (70-ыя гг.), дома Лівіі на Палацінеў Рыме (кан. I ст.).

Аб высокім узроўні жывапісу Рымскай імперыі II ст. сведчаць выдатныя мазаікі вілы Адрыяна паблізу горада Цівалі (125—135 гг.). У пераважнай большасці яны размяшчаліся на падлогах, радзей — на сценах будынка. Акрамя выяў, якія паўтаралі эліністычныя арыпналы (імператар захапляўся мастацтвам Грэцыі), былі створаны выразныя дэкаратыўныя і сюжэтныя кампазіцыі, у якіх часцей за ўсё паказваліся міфалагічныя сюжэты. Характар іх вырашэння розны — ад дынамічных сцэн бітвы кентаўраў з драпежнікамі да спакойных, ураўнаважаных дывановых пано з птушкамі, плаўнымі расліннымі арнаментамі.

Партрэт юнака ў залатым вянку. Пач. II ст.

Помнікаў станковага жывапісу імператарскага Рыма практычна не захавалася. Таму вялікую каштоўнасць маюць партрэтныя выявы, знойдзеныя ў мястэчку Эль-Фаюм у Егіпце, які стаў правінцыяй імперыі. У далейшым яны атрымалі назву «фаюмскія партрэты». Іх звычайна выконвалі на тонкіх дошчачках васковымі фарбамі (тэхніка энкаўстыкі) ці ў спалучэнні з тэмперай і ўстаўлялі ў загорнутую ў тканіну мумію нябожчыка. Фаюмскія партрэты вызначаюцца дакладным увасабленнем знешніх рыс чалавека, яго індывідуальных асаблівасцей. У такіх творах, як «Партрэт двух братоў» (II ст.) «Партрэт юнака ў залатым вянку» (пач. II ст.) паказаны розныя характары, тэмпераменты, узросты людзей. Тэхнікі энкаўстыкі і тэмперы дазвалялі добра перадаваць знешняе аблічча партрэтуемых і адлюстроўваць унутраны стан мадэлі.

Скульптура[правіць | правіць зыходнік]

«Капіталійская ваўчыца». Кан. VI — пач. V ст. да н.э.

Ранні этап развіцця скульптуры перыяду рэспублікі можна лепш за ўсё ўявіць на прыкладзе мемарыяльнай пластыкі, аснову якой складаюць багатыя традыцыі этрускаў. Пільная ўвага да мемарыяльнай пластыкі, уласцівая дадзенаму часу, прывяла да замаруджанага развіцця іншых відаў скульптуры, перш за ўсё манументальных. Значныя традыцыі этрускіх майстроў, звязаныя з тэхнікай бронзавага ліцця, праявіліся ў выявах багоў, асобных вострахарактарных творах. Цікавым прыкладам этрускіх уздзеянняў з'яўляецца «Капіталійская ваўчыца» (кан. VI — пач. V ст. да н. э.) — сімвал Рыма. Рэалістычнасць у спалучэнні з выразным тэхнічным выкананнем, дэтальнасць пластыкі ставяць гэту выяву ў шэраг лепшых сярод познеэтрускіх і раннерымскіх твораў.

Мужчынскі партрэт. (т.з. «Брут»). Кан. III — пач. II ст. да н.э.

Шырокае распаўсюджанне мемарыяльнай скульптуры значна паўплывала і на ўласна партрэтную пластыку Рыма. Яе пашырэнне прыпадае на канец III—I ст. да н. э. У адрозненне ад грэчаскіх майстроў, якія падпарадкоўвалі індывідуальныя рысы ідэалынамутыпу, рымлянеў аснову выяўлення ставілі непаўторнасць асобы. Да ліку вядомых партрэтных выяў належыць аднесці скульптуру з умоўнай назвай «Брут» (кан. III — пач. II ст. да н. э.). У ёй з глыбокай выразнасцю ўвасоблены рысы стрыманага і валявога чалавека. Хударлявы, некалькі асіметрычны твар, «калючы» позірк вачэй ствараюць уражанне мэтанакіраванай і нават жорсткай асобы. Уражваюць вочы «Брута», якія выкананы ў тэхніцы інкрустацыі з выкарыстаннем слановай косці і цёмна-сіняй смальты.

Рымляне ўжо ў V ст. да н. э. валодалі дастаткова складанымі ўяўленнямі аб замагільным свеце, мелі традыцыі шанавання нябожчыкаў. Дзеля гэтых мэт ствараліся шматлікія партрэтныя скульптурныя выявы, асноўнай рысай якіх было дакладнае ўзнаўленне натуры. Вызначаны час выкарыстоўвалі нават маскі, што здымалі пры жыцці чалавека ці з памёршага. На падставе іх, а таксама аўтэнтычна, выконвалася разнастайная мемарыяльная скульптура — рэльефы, бюсты невялікіх памераў (ад 25 да 35 см у вышыню). Гэта адпавядала характару размяшчэння такіх скульптур — у пахавальнях (стэлы), дамах (імагінэс), дзе яны знаходзіліся ў спецыяльных шафах. Тыповымі прыкладамі з'яўляюцца бюст невядомага з Царэ (I ст. да н. э.), партрэт невядомага (сяр. I ст. да н. э.).

Імкнучыся максімальна дакладна перадаць, захаваць для нашчадкаў індывідуальнае аблічча чалавека, мастакі не звярталіся да ідэалізацыі або тыпізацыі, як гэта было, напрыклад, у Грэцыі, а абмяжоўваліся знешняй, часам празмерна дэталёвай фіксацыяй формы. Стрыманыя, суровыя, нават непрыветлівыя твары прадстаўляюць рымлян апошніх гадоў рэспублікі. Рысы натуралізму асабліва яскрава адлюстраваліся ў мемарыяльнай пластыцы (надмагільная пліта з выявай двух братоў, I ст. да н. э.; надмагілле Гесія, 60—50-ыя гг. да н. э.; надмагілле Вібіеў, 2-ая пал. I ст. дан. э.).

Грамадзянскія ідэалы рэспублікі знайшлі ўвасабленне ў манументальнага віду партрэтах асоб у поўны рост. Яны атрымалі ўмоўную назву «тагатус» ад назвы адзення — тогі, у якой, галоўным чынам, і выяўлялася мадэль. Тыповым прыкладам з'яўляецца скульптура «Прамоўца» (пасля 89 г. да н. э.), створаная ў гонар дзяржаўнага дзеяча Аўла Метэла (помнік звычайна адносяць да работ этрускіх майстроў). Гэты твор вылучаюць строгасць аблічча, яснасць і стрыманасць пластыкі, чысціня малюнка. Немалады чалавек выяўлены як прамоўца. Ён звяртаецца да прысутных, рухам рукі заклікаючы іх да цішыні.

Разам з афіцыйнай партрэтнай скульптурай, якая прызначалася для грамадскіх будынкаў, ствараліся выявы па прыватных заказах, напрыклад статуя рымляніна з партрэтамі продкаў у руках (25—21 гг. да н. э.). Кампазіцыйна такія скульптуры вырашаліся амаль па адной схеме, вар'іраваліся толькі рухі рук, пластыка складак адзення.

Скульптура перыяду рэспубліканскага Рыма сфарміравалася на перасячэнні двух традыцый — этрускай і познеэліністычнай. Менавіта гэтай акалічнасцю можна растлумачыць характарнасць пластыкі, асабліва партрэтных выяў, пільную ўвагу майстроў да дэталяў, дасканаласць прапрацоўкі форм. Разам з тым у творах скульптараў, пераважна з I ст. да н. э., пачынае развівацца лінія, накіраваная на ўвасабленне псіхалагічнага стану асобы, перадачу рыс яго характару. Гэта таксама звязана з эліністычным партрэтам, работамі такіх майстроў, як Поліэўкт, Апалоній, Агесандр. Аднак скульптуру, які ўсё мастацтва рэспубліканскага Рыма, нельга лічыць запазычаннем ці паўтарэннем дасягненняў этрускаў і грэкаў. Выкарыстаўшы здабыткі гэтых двух народаў, рымляне выпрацавалі свой уласны стыль, адметныя і непаўторныя ўласцівасці мастацкай мовы. Яны заклалі асновы далейшага развіцця дойлідства, станковай (партрэта, рэльефа) і манументалынай пластыкі, манументальна-дэкаратыўнага жывапісу.

У перыяд імперыі манументальныя, дэкаратыўныя, партрэтныя выявы ствараліся ў выглядзе рэльефаў і круглай скульптуры. Большая частка такіх работ праслаўляла імператараў, членаў іх сямей, патрыцыяў. Адным са значных твораў II ст. н. э. з'яўляюцца рэльефы трыумфальнай калоны Траяна (107—113 гг.).Яе ствол вышынёй каля 30 м з вінтавой лесвіцай унутры абвіты непарыўнай стужкай рэльефу, даўжыня якой складае больш за 200 м, а колькасць паказаных фігур налічвае да 2,5 тыс. Калона завяршалася статуяй Траяна. Скульптурныя кампазіцыі расказваюць аб паходах імператара ў Дакію. Гісторыя пераможных войн разгорнута ў нетаропкім апавяданні. Гэта выявы ваенных маршаў, сцэн аблог крэпасцей, узвядзення мастоў, бітваў, шэсцяў палонных, трыумфальнага вяртання Траяна ў Рым. У рэльефах падкрэсліваецца магутнасць непераможнага рымскага войска, на чале якога заўсёды знаходзіцца імператар. Яны славяць воінаў, мудрую палітыку палкаводца, прыхільных да Рыма багоў.

Рэльефы Трыумфальнай калоны імператара Траяна ў Рыме. 107-113 гг.

статуя Аўгуста з Прыма-Порта, пач. I ст.

Аднак вядучую ролю ў пластыцы гэтай пары, як і ў папярэдні час, адыгрываў партрэт. Яго ўздзеянне адчувальна нават у манументальных творах. Яшчэ ў перыяд праўлення Аўгуста фарміруецца тып параднай выявы, дзе ўсхваляецца асоба імператара. Менавіта тады быў створаны ідэал класічнай прыгажосці, які праіснаваў у скульптуры амаль нязменна да апошніх дзесяцігоддзяў Рымскай імперыі. Вялікае распаўсюджанне атрымліваюць парадныя партрэты ў рост, як, напрыклад, поўная стрыманай велічы статуя Аўгуста з Прыма-Порта (пач. I ст.). Імператар паказаны ў выглядзе палкаводца з жазлом у руцэ. Нагадваючы скульптуры Паліклета некаторай масіўнасцю, выява Аўгуста вызначаецца гераізаванымі і ідэалізаванымі рысамі, увасабленнем волі, энергіі, унутранай стрыманасці асобы. Блізкія трактоўкі прысутнічаюць у больш позніх скульптурах імператараў Ціберыя (30—40-ыя гг.), Клаўдзія ў вобразе Юпітэра (41—54 гг.).

Характар скульптурных партрэтаў паступова мяняецца ў перыяд праўлення Клаўдзія, Нерона і дынастыі Флавіяў (I ст. н. э.). На змену стрыманасці выяў прыходзяць пампезнасць, знешнія эфекты. Аднак і ў гэты час партрэтысты ствараюць жыццёва пераканаўчыя, рэалістычныя вобразы, у якіх дакладнасць перадачы натуры мяжуецца з глыбокім раскрыццём характараў. Так, у партрэце Нерона (50-ыя гг. н. э.) нізкі лоб, цяжкі падазроны позірк, злавесная ўсмешка выдаюць характар дэспата, чалавека ганебных, нястрыманых схільнасцей. Яго з вялікай умоўнасцю можна аднесці да тыпу выяў, закліканых праслаўляць асобуімператара. Асобныя скульптурныя партрэты, створаныя ў дадзены час, варта лічыць гістарычнымі дакументамі, якія паказваюць рымскае грамадства. Такім успрымаецца выява банкіра Цэцылія Юкунда (60-ыя гг. н.э.), твар якога з кручкаватым носам, пакатым ілбом, хітрай і жорсткай усмешкай выклікае толькі непрыязь і агіду.

Глыбінёй рэалістычных характарыстык вылучаюцца захаваныя партрэты Веспасіяна. Ён быў выхадцам з простых грамадзян і не адчуваў неабходнасці ў ідэалізаванай параднасці мастацтва. Відаць, таму ў выявах яго прыбліжаных, самога імператара пераканаўча перадаюцца рэальныя рысы партрэтуемых («Бюст Веспасіяна», 70—79 гг.; «Галава жанчыны», 2-ая пал. I ст.; «Партрэт Даміцыі», 90-ыя гг.). Побач з такімі творамі выконваліся і глыбокія па псіхалагічнай напоўненасці партрэты, у якіх раскрываліся багаты духоўны свет, асаблівасці характару мадэлі.

«Сірыянка» 3-яя чв. II ст.

У часы праўлення імператараў Траяна і Адрыяна, дынастыі Антанінаў (II ст. н. э.) у пластыцы ўзмацняецца індывідуалізацыя. Разам з вытанчанасцю, натхнёнасцю скульптары ўвасабляюць стомленасць, трывогу, пасіўнасць. У гэты час значна ўзрастае іх тэхнічнае майстэрства, здольнае перадаваць тонкія адценні настрою. Гэта бачна па выявах «Вясталка» (II ст.), у партрэтах Мацідзіі Старэйшай (110-ыя гг.), Адрыяна (120—130-ыя гг.), Сабіны (117—134 гг.), «Маладога мужчыны» (135—140 гг.), у партрэце «Сірыянкі» (160—170-ыя гг.), Марка Аўрэлія (170—180-ыя гг.). У многіх з іх галоўны акцэнт перанесены на ўнутраную адухоўленасць, на перадачу стану сузіральнасці, самапаглыбленасці. У «Партрэце Сірыянкі», магчыма, прыдворнай дамы ўсходняга паходжання, праўдзівасць у перадачы знешніх рыс аб'ядноўваецца з глыбінёй унутранай характарыстыкі. У створаным вобразе вытанчанасць, тонкая нервовасць адцяняюцца амаль няўлоўным настроем смутку.

Конная статуя Марка Аўрэлія. 161-180 гг.

Да эпохі Антанінаў адносіцца манументальная конная статуя Марка Аўрэлія (161—180 гг.), у якой вобраз імператара, занятага ваеннымі паходамі, увасабляе грамадскі ідэал, тып свабоднага чалавека. Гэта выява ў наступныя стагоддзі стала прыкладам коннага манумента для многіх скульптараў, як, напрыклад, у часы Адраджэння, класіцызму.

Тэатр[правіць | правіць зыходнік]

Узнікненне і развівдё тэатральнага мастацтва звязана са святамі ўраджая, у час якіх выконваліся песні-жарты ў форме дыялога (фесцэніны), бытавыя камічныя сцэнкі (сатуры), якія ўключалі дыялог, спевы, музыку, танцы, пераапрананне ўдзельнікаў у казла, барана, авечку і інш. У IV ст. да н.э. з'явілася народная імправізацыйная камедыя — атэлана, вызначальнай асаблівасцю якой стала наяўнасць чатырох пастаянных персанажаў-масак: гарбуна, абжоры, дурня, суддзі. У І ст. да н.э. пашырыўся іншы від народных прадстаўленняў — мім.

У 240 да н.э. Лівій Андронік паставіў першую драму паводле грэчаскага арыгінала. 3 2-й пал. ІІІ ст. да н.э. ставіліся трагедыі і камедыі паводле грэчаскіх узораў, якія паклалі пачатак нацыянальнай драматургіі. Драматург Невій стварыў прэтэксту (жанр трагедыі на сюжэты са старажытнарымскай гісторыі), якая дасягнула росквіту ў творчасці Акцыя. Вялікім поспехам карысталася паліята — камедыя, якая была перапрацоўкай новай антычнай камедыі (Невій, Плаўт, Тэрэнцый, Цэцылій Стацый). У ІІ ст. да н.э. паліята змянілася тагатай, у якой адлюстроўвалася жыццё рымскіх грамадзян, пераважна ніжэйшых слаёў насельніцтва (Ата, Афраній, Тыцыній). У пач. І ст. да н.э. тагату змяніла літаратурна апрацаваная атэлана, якая ў сярэдзіне І ст. да н.э. была выцеснена літаратурна апрацаваным мімам.

Амфітэатр у Пампеях

Тэатральныя прадстаўленні ставіліся ў час штогадовых дзяржаўных свят, у сувязі з трыумфальнымі і пахавальнымі гульнямі, выбарамі вышэйшых службовых асоб і інш. Першапачаткова спектаклі ставіліся каля храмаў багоў, у гонар якіх наладжваліся гульні, на прымітыўных драўляных сцэнах, якія з трох бакоў абкружаліся лаўкамі для гледачоў. Першы каменны тэатр у Рыме пабудаваў Пампей у 55—52 да н.э.

У ІІІ—І ст. да н.э. акцёры (вольнаадпушчальнікі ці рабы) ігралі без масак. Жаночыя ролі выконвалі мужчыны. Сярод вядомых акцёраў І ст. да н.э. трагік Эзоп і камічны акцёр Росцый. У I—V ст. н.э. пераважалі прадстаўленні забаўляльнага, відовішчнага характару: у дзеянне ўключаліся шэсці войск, палонных, выступленні дзікіх жывёл і інш. У І—ІІ ст. у трагедыі на першы план выйшла вакальнае майстэрства акцёра, вялікая ўвага аддавалася раскошным дэкарацыям і разнастайным сцэнічным эфектам. Найбольш папулярныя жанры — атэлана, пантамім (сольны драматычны танец, звычайна на міфалагічны сюжэт, суправаджаўся музыкай і спевамі хору), пірыха (выконвалася ансамблем танцоўшчыкаў і танцоўшчыц). Вялікім поспехам карыстаўся мім, які да V ст. ператварыўся ў вялікую імправізацыйную п'есу са складаным сюжэтам і выцесніў усе іншыя віды прадстаўленняў, акрамя танцавальных.

Пашырэнне гладыятарскіх і марскіх (наўмахіі) баёў, цкаванне на арэнах людзей драпежнымі жывёламі і іншых крывавых відовішчаў, якія сталі ўлюбёнымі прадстаўленнямі грамадства, прывяло рымскае тэатральнае мастацтва да заняпаду.

Музыка[правіць | правіць зыходнік]

Музыка Старажытнага Рыма развівалася пад уплывам эліністычнай культуры. У ёй склаліся і самабытныя бытавыя музычна-паэтычныя жанры: песні трыумфальныя, шлюбныя, застольныя, памінальныя. Вядома пра напевы саліяў (жрацы бога Марса) і «арвальскіх братоў» (рымская калегія жрацоў; захаваўся іх гімн). У музычных жанрах і ў складзе інструментарыя адчувальны іншаземныя ўплывы, што тлумачыцца стракатасцю музычнага жыцця (грэчаскія кіфарэды, александрыйскія спевакі, танцоры з Сірыі, Іспаніі і інш.).

Музыка і паэзія былі ўзаемазвязаны: паэтычныя творы (оды Гарацыя, эклогі Вергілія, паэмы Авідзія) спявалі ў суправаджэнні струнных, шчыпковых інструментаў (тыбіі, кіфары). 3 музычных інструментаў вядомы таксама разнавіднасці арфы і ліры, гідраўлас (вадзяны арган). На святах у гонар бога Вакха (вакханаліях) гучалі кімвалы. Музыка набыла відовішчна-забаўляльны характар (цыркавыя, тэатральныя прадстаўленні і інш.). У развіцці інструментальнай музыкі значная роля належала тэатральнай пантаміме, якая выконвалася танцорам-салістам у суправаджэнні хору і пад акампанемент аркестра. Пры ваенных легіёнах існавалі вялікія духавыя аркестры, якія складаліся з букцын (выгнутых рагоў), туб (прамых труб) і інш.

3 канца І ст. н.э. вядомы «капіталійскія спаборніцтвы» (заснаваныя імператарам Даміцыянам), у якіх побач з паэтамі ўдзельнічалі спевакі і музыканты. Як спявак, паэт і кіфарэд вядомы імператар Нерон. Сярод музыкантаў эпохі Рымскай імперыі Анаксенор, Дыядор, Тыгелій і інш. 3 ІІ ст. вядомы звесткі пра раннехрысціянскую музыку.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]