Матрыца рассеяння

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ма́трыца рассе́яння, ці S-ма́трыца — сукупнасць велічынь (матрыца), якая апісвае пераходы квантавамеханічных сістэм з аднаго стану ў другі пры іх узаемадзеянні (рассеянні); квантавамеханічны аператар.

Абазначаецца Sfi; звязвае хвалевыя функцыі Ψi пачатковага і Ψf канчатковага станаў: Ψf = Sfi Ψi.

Уведзена нямецкім фізікам В. Гейзенбергам (1943).

Матрыца рассеяння разглядаецца як аператар эвалюцыі сістэмы ад бясконца аддаленага мінулага да бясконца аддаленага будучага ў базісе фізічных станаў, калі ўзаемадзеянне, што выклікала адпаведны пераход сістэмы, можна не ўлічваць.

Дыяганальныя элементы матрыцы рассеяння апісваюць пругкія працэсы (пругкае рассеянне), недыяганальныя — няпругкія працэсы (рэакцыі з ператварэннем і нараджэннем часціц). Квадрат модуля элемента матрыцы рассеяння вызначае імавернасць адпаведнага працэсу, а сума імавернасцей працэсаў па магчымых каналах рэакцыі роўная 1 (умова ўнітарнасці матрыцы рассеяння). Матрыца рассеяння мае інфармацыю аб паводзінах сістэмы, калі вядомы лікавыя значэнні яе элементаў і іх аналітычныя ўласцівасці. Напрыклад, асаблівыя пункты (полюсы) матрыцы рассеяння адпавядаюць звязаным станам сістэмы з дыскрэтнымі ўзроўнямі энергіі.

Вызначэнне матрыцы рассеяння — асноўная задача квантавай механікі і квантавай тэорыі поля.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Матрыца рассеяння // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. С. 206.
  • Берестецкий В. Б. Динамические свойства элементарных частиц и теория матрицы рассеяния // Успехи физ. наук. 1962. Т. 76, вып. 1.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]