Матфій (апостал)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Матфій
Дата нараджэння I стагоддзе
Месца нараджэння
Дата смерці 80
Месца смерці
Месца пахавання
У ліку святы
Дзень памяці 14 мая[1] і 24 лютага
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Матфій (грэч. Ματθίας, лац.: Matthias; памёр каля 80) — адзін з паслядоўнікаў Ісуса Хрыста, паводле кнігі Дзеянняў Апосталаў, быў абраны ў лік дванаццаці апосталаў замест Іуды Іскарыёта пасля здрады і самагубства апошняга. Матфій, як апостал, адметны тым, што яго прызначэнне не было зроблена асабіста Ісусам, Які ўжо ўзнёсся на нябёсы, а было зроблена астатнімі апосталамі на першай пасля ўзнясення Хрыста сустрэчы.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Няма згадкі пра Матфія ў спісах вучняў ці паслядоўнікаў Ісуса ў трох сінаптычных Евангеллях. Паводле Дз. 1, у першыя дні пасля ўзнясення Ісуса сабраліся каля ста дваццаці яго вучняў і паміж сабою выбралі двух, каб замяніць Іуду: Іосіфа, якога звалі Варсавам (таксама вядомы як Юстус) і Матфія. Затым паслядоўнікі Ісуса маліліся: «Ты, Госпадзе, Сэрцаведзе ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, якога Ты выбраў, прыняць пакліканне гэтага служэння і апостальства, ад якога адпаў Юда, каб ісці ў сваё месца». Затым яны кінулі жэрабя, і яно выпала на Матфія, таму ён быў далучаны да адзінаццаці апосталаў (Дзеі 1:23-26).

Ніякай дадатковай інфармацыі пра Матфія ў кананічным Новым Запавеце няма. У тэкстах хрысціянскай традыцыі яго імя падаецца па-рознаму: у сірыйскай версіі Еўсевія ён называецца «Талмаем», яго не трэба блытаць з Варфаламеем (што азначае сын Талмая), які першапачаткова быў адным з дванаццаці апосталаў. Клімент Александрыйскі кажа, што некаторыя лічылі яго Закхеем; у рукапісах Clementine Recognitions атаясняюць яго з Варнавай, таксама ёсць меркаванні, што Матфій і Нафанаіл у Евангеллі паводле Яна — адна і тая ж асоба.

Па словах Нікіфара (Historia Eccl., 2, 40), Матфій упершыню прапаведаваў Евангелле ў Іўдзеі, а ў вобласці Эфіопія (Калхіда), у цяперашні час Грузія, ён быў насмерць забіты камянямі. Знак, змешчаны на руінах рымскай крэпасці ў Гонія (Апсарос) у сучасным грузінскім рэгіёне Аджарыя, сцвярджае, што Матфій пахаваны ў гэтым месцы, што пацвярджаецца рукапісам Synopsis of Dorotheus:

« Матфій прапаведаваў Евангелле варварам і мясаедам у раёне Эфіопіі, дзе знаходзіцца марская гавань Хісус, у вусці ракі Фазіс. Ён памёр у Себастопалісе і быў пахаваны там, паблізу Храма Сонца. »

У захаваных копцкіх рукапісах Дзеяў Андрэя і Матфія таксама пазначана дзейнасць Матфія ў тым жа «горадзе людаедаў» у Эфіопіі.

Паводле іншай традыцыі, Матфій быў пабіты камянямі яўрэямі ў Іерусаліме, а затым абезгалоўлены.

Па словах Іпаліта Рымскага, Матфій памёр ад старасці ў Іерусаліме.

Яго магіла ў Падуі

Захавалася цытата Клімента Александрыйскага наконт Матфія (Stromateis VI.13):

« Не тое, каб яны сталі апосталамі праз выбранне некаторым асаблівым чынам, бо і Іуда быў абраны разам з імі. Але яны сталі апосталамі праз выбранне Таго, хто прадбачыць нават канчатковы лёс. Матфій, які не быў абраны разам з імі, аднак праявіў у сабе вартасць стаць апосталам, замяніў Іуду. »

Творы[правіць | правіць зыходнік]

Захаваліся фрагменты Евангелля паводле Матфія, аўтарства якога некаторыя даследчыкі адносяць да Матфея, але раннія айцы царквы адносілі да ерэтычных твораў II стагоддзя.

Шанаванне[правіць | правіць зыходнік]

Свята святога Матфія было ўключана ў Рымскі каляндар у XI стагоддзі і звычайна адзначаецца на шосты дзень календ сакавіка (24 лютага, а ў высакосныя гады 25 лютага). У сувязі з рэформай календара Рымска-каталіцкіх святых у 1969 годзе яго свята было перанесена на 14 мая, каб не адзначаць яго ў Вялікі пост.

Усходняя Праваслаўная Царква адзначае свята 9 жніўня.

У Царкве Англіі свята Св. Матфія адзначаецца 24 лютага, а таксама 14 мая. У Епіскапальнай царкве, а таксама ў некаторых лютэранскіх цэрквах яго свята прыпадае таксама на 24 лютага ці на 14 мая.

Сцвярджаецца, што рэшткі святога апостала Матфія пахаваны ў абацтве святога Матфія ў Трыры (Германія), куды яны былі прынесены імператрыцай Аленай Канстанцінопальскай, маці імператара Канстанціна Вялікага. Паводле грэчаскіх крыніц, рэшткі апостала пахаваныя ў замку Гонія-Апсарос (Грузія).

Зноскі

  1. Calendarium Romanum: Ex decreto Sacrosancti Œcumenici Concilii Vaticani II instauratum auctoritate Pauli PP. VI promulgatum. Editio typicaCivitas Vaticana: Typis Polyglottis Vaticanis, 1969. — С. 26.