Перайсці да зместу

Матылі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Матылі

Чарнушка эфіопка
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Lepidoptera Linnaeus, 1758

Падатрады

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  117232
NCBI  7088
EOL  747
FW  71428

Лускакрылыя, матылі (Lepidoptera) — атрад насякомых з поўным ператварэннем, з’яўляецца адным з самых шматлікіх сярод насякомых.

Навуковая назва атрада ад лускавінак на крылах — відазмененых і спрошчаных валаскоў. Перапончатых крылаў дзве пары, з размахам ад З мм да 30 см (еўрапейскія віды — да 15 см). Пярэдняя і задняя пары крылаў адрозніваюцца па форме, разнастайнасць малюнка крылаў утвараецца будовай і пігментацыяй лускавінак.

Вочы вялікія, фасетачныя, над імі часта ёсць два т.зв. простыя вочкі. Развітыя органы нюху (сенсілы) размешчаны на паверхні вусікаў. Органы смаку, акрамя ротавых частак, могуць быць і на лапках. Органы слыху выяўлены ў вышэйшых форм (начныя матылі).

У большасці відаў ротавы апарат сысучага тыпу, у выглядзе хабатка, які ў спакоі згорнуты спіраллю і падагнуты пад грудзі. У матылёў, якія не кормяцца, ротавы апарат другасна рэдукаваны. Грызучы ротавы апарат маецца ў найбольш прымітыўных матылёў — першасных зубатых молей.

Вусень махаона (Papilio machaon).

У чэрвепадобных лічынак матылёў — вусеняў — грызучы ротавы апарат і, акрамя трох пар членістых грудных канечнасцей, на доўгім брушку развіваюцца некалькі пар ілжэножак.

Выкапнёвыя рэшткі вядомы з мелавога перыяду (каля 140 млн гадоў назад).

Сучасныя лускакрылыя распаўсюджаны на ўсіх кантынентах акрамя Антарктыды, вялікай разнастайнасці дасягаюць у тропіках. У Цэнтральнай Еўропе налічваецца больш за 4 000 відаў. У сусветнай фаўне апісана звыш 180 000 відаў.

Шматлікія віды знаходзяцца на грані знікнення, пераважна з-за знішчэння іх біятопаў. Шматлікія віды вылоўліваюцца для калекцый, што таксама наносіць вялікую шкоду колькасці іх папуляцый.

Сярод лускакрылых выдзяляюць 4 падатрады:

Жыццёвы цыкл лускакрылых праходзіць з поўным ператварэннем праз чатыры стадыі: яйцо, лічынка, кукалка, імага.

Усе лускакрылыя адкладваюць яйцы. Яйцы вельмі моцна адрозніваюцца паміж сабой, як па вонкавым выглядзе, так і па памерах і форме кладкі. Некаторыя віды адкладваюць за адзін раз некалькі тысяч яец.

Лічынкай лускакрылых з’яўляецца вусень. Вялікая частка вусеняў сілкуецца раслінамі, некаторыя спажываюць дрэва, плады і інш. На ніжняй губе вусеняў размешчана павуцінневая залоза. Перасоўваючыся, вусень пакідае за сабой след з павуціння. Шматлікія віды плятуць з павуціння коканы, іншыя з яго дапамогай змацоўваюць лісце харчовай расліны, утвараючы такім чынам камеру, у якой жывуць. З дасягненнем сталага ўзросту вусень ператвараецца ў кукалку.

Кукалка — гэта стадыя супакою лускакрылых, у гэты час праходзіць структурная перабудова арганізма. Кукалка з’яўляецца нерухомай. Некаторыя віды лускакрылых зімуюць на гэтай стадыі.

Кукалка ператвараецца ў дарослае насякомае — імага. Гэта форма з’яўляецца здольнай да размнажэння. Імага большасці відаў сілкуюцца нектарам кветак ці сокамі расліннага ці жывёльнага паходжання. Асноўная функцыя гэтай стадыі жыццёвага цыклу — размнажэнне і рассяленне.

  • Біялогія : вучэб. дапам. для 8-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / Л. В. Камлюк, А. С. Шалапёнак; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — 3-е выд., дап. — Мінск : Нар. асвета, 2010. — 222 с. : іл. ISBN 978-985-03-1367-6
  • Матылі́, лускакрылыя // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. Мн.: БелЭн, 1995. — С. 470. — 800 с. 5 000 экз. ISBN 985-11-0026-9.
  • Матылі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. 10 000 экз. ISBN 985-11-0035-8. ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).