Мацей Сулькевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мацей (Магамет) Сулькевіч
Дата нараджэння 20 ліпеня 1865(1865-07-20)
Месца нараджэння маёнтак Кемейшы, Лідскі павет, Віленская губерня, Расійская імперыя, цяпер в. Кемейшы, Воранаўскі раён, Гродзенская вобласць, Беларусь
Дата смерці 15 ліпеня 1920(1920-07-15) (54 гады)
Месца смерці Баку, АССР
Альма-матар
Грамадзянства
Прыналежнасць
Род войскаў пяхота
Гады службы 18831920
Званне
Генерал-лейтэнант
Генерал-лейтэнант
Камандаваў Модлінскі 57-й пяхотны полк,
33-я пяхотная дывізія,
37-ы армейскі корпус,
1-ы Мусульманскі корпус
Бітвы/войны Руска-японская вайна
Першая сусветная вайна
Вайна за незалежнасць Азербайджана
Узнагароды і званні
Ордэн Святога Станіслава I ступені
Ордэн Святога Станіслава I ступені
Ордэн Святога Уладзіміра II ступені
Ордэн Святога Уладзіміра II ступені
Ордэн Святога Уладзіміра III ступені
Ордэн Святога Уладзіміра III ступені
Ордэн Святога Уладзіміра IV ступені
Ордэн Святога Уладзіміра IV ступені
Ордэн Святой Ганны II ступені
Ордэн Святой Ганны II ступені
Ордэн Святога Станіслава III ступені
Ордэн Святога Станіслава III ступені
Залатая зброя «За адвагу»

Маце́й Сульке́віч (польск.: Matwiej Sulejman Sulkiewicz, азерб.: Süleyman bəy Sulkeviç, таксама вядомы як Магамет Сулейманавіч Сулькевіч, Сулейман Сулькевіч і Мамед бек Сулькевіч, 20 ліпеня 1865, маёнтак Кемейшы, Лідскі павет, Віленская губерня, Расійская імперыя, цяпер вёска Кемейшы, Воранаўскі раён, Гродзенская вобласць, Беларусь — 15 ліпеня 1920 года) — расійскі і азербайджанскі ваенны, крымскататарскі дзеяч, генерал-лейтэнант[1].

Юнацтва[правіць | правіць зыходнік]

Радавы герб

Мацей Сулькевіч нарадзіўся ў сям’і нашчадкавых шляхцічаў Віленскай губерні, паводле нацыянальнасці — беларускі татарын. Яго бацька, Аляксандр Сулькевіч, даслужыўся да чыну падпалкоўніка ў гусарскім палку[2][3].

Будучы нашчадкам татарскіх арыстакратычных сем’яў Вялікага Княства Літоўскага, Мацей Сулькевіч прысвяціў сваё жыццё ваеннай кар’еры. Атрымаўшы агульную адукацыю ў Міхайлаўскім кадэцкім корпусе ў Варонежы, паступіў у Міхайлаўскае ваеннае вучылішча ў Пецярбургу.

Па заканчэнні вучылішча па першым разрадзе падпаручнік Сулькевіч быў накіраваны ў 6-ю артылерыйскую брыгаду. З 3 кастрычніка 1889 года паручнік Сулькевіч — слухач Мікалаеўскай акадэміі генеральнага штаба. У ліпені 1894 года за выдатныя поспехі ў навуках у акадэміі яму быў нададзены чын штабс-капітана.

Служба ў расійскім войску[правіць | правіць зыходнік]

20 ліпеня 1894 года Мацей Сулькевіч атрымаў званне капітана. Прадпісаннем камандуючага войскамі Адэскай ваеннай акругі № 5084 быў накіраваны ў штаб 7-га армейскага корпуса. У 1899 годзе атрымаў Ордэн Святога Станіслава. У тым жа годзе становіцца падпалкоўнікам. У 1902 годзе Мацей Сулькевіч выдаў у Адэсе на свае сродкі кнігу «Даследаванне паходжання і цяперашняе становішча літоўскіх татараў» польскага ўсходазнаўца, прафесара Пецярбургскага ўніверсітэта Антона Мухлінскага (1808—1877).

У 1903 годзе быў прызначаны начальнікам штабу 15-й пяхотнай дывізіі. 6 снежня 1903 года Сулькевіч атрымаў званне палкоўніка. Падчас руска-японскай вайны служыў у 8-м армейскім корпусе. Быў удзельнікам Мукдэнскай бітвы. У чэрвені 1905 прызначаны камандзірам 57-га пяхотнага Модлінскага палка. Быў узнагароджаны ордэнам Святой Ганны 2-й ступені з мячамі, ордэнам Святога Уладзіміра 4-й ступені з мячамі і бантам. 20 мая 1907 года ўзнагароджаны залатой зброяй з надпісам «За адвагу»[4].

Увосень 1910 года Мацей Сулькевіч становіцца генерал-маёрам. Праз некаторы час прызначаны генерал-кватэрмайстарам штабу Іркуцкай ваеннай акругі. Быў узнагароджаны ордэнам Святога Уладзіміра 2-й і 3-яй ступеняў. У 1915 годзе быў узнагароджаны ордэнам Святога Станіслава 1-й ступені. 26 красавіка 1916 года Мацею Сулькевічу было нададзена званне генерал-лейтэнанта. У кастрычніку 1917 года афіцэр Генеральнага Штаба генерал-лейтэнант Сулькевіч быў вылучаны на пост камандзіра 1-га Мусульманскага корпуса, які планаваў сфарміраваць Часовы ўрад.

Крымскі краявы ўрад[правіць | правіць зыходнік]

Сцяг Крымскага краявога ўрада Мацея Сулькевіча.

У 1918 годзе Мацей Сулькевіч прыехаў у Крым, дзе 25 чэрвеня 1918 года стаў прэм’ер-міністрам, міністрам унутраных і ваенных спраў першага Крымскага краявога ўрада[5].

Мацей Сулькевіч прызначыў Асана Сабры Айвазава (1878—1938) паслом Крыма ў Асманскай імперыі і наладзіў сувязі з мусульманскімі краінамі, утворанымі на тэрыторыі Расійскай імперыі. Вядомы ў Крыме як Сулейман-паша. Імкнуўся склікаць Крымскі курултай (устаноўчы збор), які б абвясціў стварэнне крымскататарскай дзяржавы[1].

Пасля сыходу з Крыма нямецкіх акупацыйных войскаў урад Сулькевіча 15 лістапада 1918 года перадаў уладу другому Крымскаму краявому ўраду на чале з Саламонам Крымам[6].

Служба ў Азербайджане[правіць | правіць зыходнік]

У снежні 1918 года Мацей Сулькевіч прыбыў у Азербайджан, дзе быў вядомы як Мамед-бек. Камандаваў 1-м Мусульманскім корпусам[7]. 26 сакавіка 1919 года загадам № 147 па ваенным ведамстве генерал-лейтэнант Сулькевіч быў прызначаны начальнікам Генеральнага штаба ўзброеных сіл Азербайджану[8]. Мар’ям, жонка Мацея Сулькевіча, працавала ў школе для дзяўчын Гаджы Тагіева і была актыўным членам Дабрачыннай арганізацыі бакінскіх мусульманак. Мацей Сулькевіч згуляў вялікую ролю ў стварэнні ваеннага саюза паміж Грузіяй і АДР.

Расстрэл[правіць | правіць зыходнік]

У маі 1920 года Мацей Сулькевіч быў арыштаваны ВЧК. Апошнія дні перад расстрэлам ён правёў у Баілаўскай турме. 15 ліпеня Сулькевіч быў расстраляны за «контррэвалюцыйную дзейнасць». Мамед Эмін Расулзадзэ ўспамінае ў сваёй кнізе:

" …Чалавек, які сядзеў разам з ім, Мехмедам Алі бекам, казаў: «Генералу загадалі ісці за чэкістамі. Мы зразумелі, што надышоў яго час смерці. Мы не адважваліся паглядзець яму ў вочы, не маглі знайсці патрэбных словаў. Генерал Сулькевіч апярэдзіў нас, сказаўшы, ціхім, але ўпэўненым голасам, словы, якія я ніколі не забуду: „Шчаслівы, што паміраю салдатам мусульманскага войска. Бывайце!“» "

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б МАРАКОЎ Л. Сулькевіч Мацей Аляксандравіч
  2. Залесский К. А. Кто был кто в Первой мировой войне. — М.: АСТ, 2003. — С. 576
  3. Сулькевич М. А.
  4. Исмаилов Э. Э. Золотое оружие с надписью «За храбрость». Списки кавалеров. 1788—1913. — М., 2007, с. 390
  5. Александр Пученков «Независимый Крым в 1918 года» Архівавана 15 мая 2014.
  6. ХРОНОС — всемирная история в Интернете. Крымское краевое правительство.
  7. НАЗИРЛИ Ш. Служение Отечеству //Зеркало.аз.(недаступная спасылка)
  8. Азербайджанская Демократическая Республика (1918—1920). Армия. (Документы и материалы). Баку, 1998, с.86.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]