Маці Божая Ружанцовая
| ||
Сярэднявечны жывапіс невядомага аўтара Св. Дамінік атрымлівае ружанец |
||
Маці Божая Ружанцовая | ||
лац.: Mariae Virginis a Rosario | ||
![]() |
Найсвяцейшая Дзева Марыя Ружанцовая — тытул Маці Божай, які выкарыстоўваюць каталікі для абазначэння Марыі. У адрозненне ад іншых марыйных тытулаў і заклікаў, гэты тытул звязаны не з пэўнай выявай, статуяй, санктуарыем ці касцёлам, але з малітвай і ружанцовай пабожнасцю.
Свята
[правіць | правіць зыходнік]

Свята Маці Божай Ружанцовай адзначаецца 7 кастрычніка. Дата святкавання звязаная з перамогаю хрысціянскага флоту ў бітве з туркамі пры Лепанта ў 1571 годзе, якую прыпісваюць асабліваму заступніцтву Найсвяцейшай Дзевы Марыі. 7 кастрычніка 1571 годзе аб’яднаныя флоты Іспаніі, Венецыі і Папскай дзяржавы пад кіраўніцтвам дона Хуана Аўстрыйскага ўшчэнт разбілі турэцкі флот. Дзякуючы гэтай перамозе пры Лепанта ўдалося спыніць турэцкую экспансію на Міжземным моры.
Як паведамляюць старадаўнія хронікі, перамогу ў бітве пры Лепанта дапамагла здабыць нечаканая змена ветру, што палічылі цудоўным умяшальніцтвам Марыі ў выніку малітвы на ружанцы.
У гэты дзень па вуліцах Рыма на чале з Папам Пія V прайшла працэсія, удзельнікі якой разам маліліся на ружанцы. У працэсіі з пашанаю неслі абраз Маці Божай Снежнай з рымскай базілікі святой Марыі Вялікай, які мае тытул Salus Populi Romani — «Збаўленне рымскага народа».
З таго часу цудадзейная ікона Маці Божай Снежнай непарыўна звязана з ружанцовай малітвай і часам называецца абразам Маці Божай Пераможнай. Свята пад такой назвай устанавіў Папа Пій V, але праз год яго пераемнік Грыгорый ХІII замяніў яго на свята ў гонар Маці Божай Ружанцовай. У 1716 годзе Папа Клімент ХІ распаўсюдзіў святкаванне на ўвесь Касцёл. Папа Леў ХІII у 1883 годзе дадаў у Ларэтанскую літанію заклік «Каралева Ружанца святога, маліся за нас», а праз два гады заклікаў маліцца Ружанец на працягу ўсяго кастрычніка.
Сёння касцёл заахвочвае вернікаў на працягу ўсяго кастрычніка маліцца Ружанец[1].
Асноўныя месцы культу
[правіць | правіць зыходнік]У свеце ёсць шмат месцаў, якія называюць санктуарыем Найсвяцейшай Дзевы Марыі Ружанцовай. Большасць з іх з’яўляюцца цэнтрамі, звязанымі з ордэнам дамініканцаў, у якіх малітва на ружанцы мае асаблівае значэнне, і, паводле легенды, заснавальнік дамініканцаў — Дамінік Гусман — нібыта атрымаў ружанец ад Маці Божай пры аб’яўленні. У наш час культ ружанцовай малітвы звязаны з культам і аб’яўленнямі Найсвяцейшай Дзевы Марыі з Лурда і Маці Божай Фацімскай. Адным з пасланняў, якія прагучалі падчас аб’яўленняў, была просьба пастаянна маліцца на ружанцы.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Маці Божая Ружанцовая