Маці і сын (казка)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Маці і сын, казка)

Маці і сын — беларуская народная казка. Запісана Эмай Дмахоўскай у в. Юравічы (Рэчыцкі павет).

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Памёр багаты чалавек, а яго ўдава і сын Андрушко абяднелі і пайшлі шукаць шчасця. Сын убачыў, што на дарозе ляжыць сіні паясок і хацеў падабраць. Маці доўга адгаворвала: «Можэ то якій знахар поклаў, а мы возьмем, то будзе нам беда». Але Андрушко таемна ад маці бярэ і хавае той паясок. Пояс аказаўся чароўным: ён надаваў свайму гаспадару звышчалавечую сілу.

Па дарозе Андрушко і маці сустракаюць хату. Андрушко наведвае яе: унутры сядзяць дванаццаць змеяў: у малодшага шэсць галоў, у старэйшага — двадцаць чатыры. Яны накідваюцца на хлопца, але той забівае ўсіх, а старэйшаму пакідае толькі адну галаву. Маці здагадваецца, што сын атрымаў фантастычную сілу ад знойдзенага пояса.

Пасля Андрушко і маці сустракаюць панскую сядзібу, юнак уладкоўваецца да пана лясніком. А маці нечакана прабіраецца ў хату, дзе жылі змеі, і знаходзіць старэйшага з іх, параненага, з адной галавою. Яны дамоўліваюцца ажаніцца і знішчыць Андрушку. Змей прапануе наступны шлях: хай маці прыкінецца хворай і папросіць ехаць да Закабайскіх рэк: там ёсць лес, у лесе — сад, а ў садзе — чароўны яблык, які вылечыць хваробу. Падарожжа небяспечнае, і жывым сын вярнуцца не павінны.

Андрушко, не ведаючы аб змове, пачынае падарожжа. Але ў лесе зямля адчыняецца, і адтуль выходзіць прыгожая дзяўчына, якая дае хлопцу чароўную хустачку. Гэтая хустачка сама можа лятаць і прыносіць юнаку чароўны яблык.

Пасля гэтага здарэння маці, па загаду змея, пасылае сына за чароўнай вадой да Сіняўскай гары і за сэрцам вогненай бабы, якая жыве на Вогненай гары. Чароўную ваду вартуюць жывыя горы, якія могуць рухацца. А вогненная баба паліць ўсё вакол сябе на сто вёрст. Але ў абодвух выпадках прыгожая падземная дзяўчына дапамагае хлопцу выканаць матчыны просьбы і здабыць лекі ад фальшывай хваробы.

Раз'юшаны поспехамі Андрушкі, змей прапануе Андрушкінай маці адправіць юнака ў лазню. Там ён зніме зачараваны пояс разам з усім адзеннем, страціць сваю сілу, і з ім лёгка будзе расправіцца. Гэтак і адбываецца, і родная маці са змеем забіваюць героя. А пасля садзяць мёртвага на каня (якому выпальваюць вочы) і адпускаюць у свет. Конь прыносіць Андрушку ў тое месца, дзе адчынялася зямля і адкуль выходзіла прыгожая дзяўчына. Яна вяртае юнаку жыцце, а каню — зрок, і дапамагае расправіцца са змеем і з маці-здрадніцай. У маці, якая на той час ужо выйшла за змея, нарадзіўся сын — такі ж страшэнны і магутны змей з дванадцаццю галавамі. Андрушко дужаецца з ім, убівае з зямлю, а дзяўчына знімае з пачвары ўсе голавы. Пасля гэтага юнак і дзяўчына жэняцца і жывуць разам.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларускі казачны эпас / Склад. і ўступ. артыкул У. В. Анічэнка. — Мінск : Выдавецтва БДУ, 1976. — 206 с.