Маўклівая большасць

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Маўклі́вая большасць (англ.: silent majority) — група людзей у калектыве або краіне, якія не выражаюць свае меркаванні публічна і не бяруць актыўны ўдзел у грамадскім альбо палітычным жыцці.

Першыя згадванні гэтай фразы адносяцца да XIX стагоддзя, але папулярнасць у сучасным значэнні яна атрымала пасля прамовы амерыканскага прэзідэнта Рычарда Ніксана 3 лістапада 1969 на фоне пратэстаў супраць В’етнамскай вайны, у якой ён заклікаў электарат падтрымаць яго стратэгію «в’етнамізацыі» — паступовай перадачы кантролю над ходам баявых дзеянняў ад амерыканскіх войскаў да паўднёвав’етнамскіх і заключэнні «ганаровага міру».

На працягу амаль 200 гадоў, палітыка нашай дзяржавы, паводле нашай Канстытуцыі, вырашалася лідарамі Кангрэса і Белага дома, якія былі абраны ўсім народам. Калі шумная меншасць, якой бы страснай яна не лічыла сваю пазіцыю, атрымае перамогу над розумам і воляй большасці, у свабоднага грамадства не будзе будучыні ў гэтай краіне. /…/ І таму сёння вечарам я прашу вас — вялікую маўклівую большасць маіх суайчыннікаў-амерыканцаў — я прашу вас падтрымаць мяне.

У сваёй прамове Ніксан супрацьпаставіў сваю стратэгію палітычнага рэалізму ідэалізму пратэстуючых, падкрэсліўшы, што хуткі вывад войск з В’етнама, якога яны патрабуюць, прывядзе да паразы ў вайне і стане пагрозай міру ў свеце. Запрасіўшы падтрымцы ў тых людзей, што падзялялі яго пазіцыю, але не выказвалі гэту падтрымку публічна, Ніксан супрацьпаставіў прыхільнікаў хуткага міру ў В'етнаме астатняй краіне.

Прамова апынулася вельмі паспяховай — рэйтынгі прэзідэнта ўзняліся з 50 % да 81 %. Асновай маўклівай большасці, да якой звяртаўся Ніксан, былі ветэраны Другой сусветнай вайны і моладзь з рабочага і сярэдняга класа, насельніцтва маленькіх гарадоў і прыгарадаў мегаполісаў, якія адчувалі сябе пакінутымі краінай пасля вялікіх сацыяльных зменаў, якія адбыліся ў 1960-ыя, і не атрымліваючымі прадстаўніцтва ў палітычным жыцці Амерыкі. У студзені 1970 часопіс Time абраў людзьмі 1969 года прадстаўнікоў Сярэдняй Амерыцы — маўклівую большасць краіны, кансерватыўнае насельніцтва гарадкоў і вёсак цэнтральных штатаў.

Прэзідэнт працягваў выкарыстоўваць падобную рыторыку і ў далейшым, атрымаўшы перамогу на выбарах 1972 г. у 49 з 50 штатаў. Да «маўклівай большасці» таксама звярталіся і кампаніі Рональда Рэйгана у 1970-80-ых гадах, рэспубліканцы падчас пераможных для іх выбараў 1994 года і Дональд Трамп падчас сваёй выбарчай кампаніі 2016 г.