Маўчанне ягнят (фільм)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Маўчанне ягнятM:
англ.: The Silence of the Lambs
Постар фільма
Жанр трылер[d][5][6][…], фільм жахаў, псіхалагічны хорар[d], psychological thriller film[d], крымінальны фільм[d], драматычны фільм, гомаэратызм у кіно[d] і экранізацыя рамана[d]
Рэжысёр
Прадзюсар
Сцэнарыст
У галоўных
ролях
Аператар
Кампазітар
Кінакампанія Orion Pictures[d]
Працягласць 118 ± 1 хв.
Бюджэт 19 000 000 $
Зборы 272 742 922 $[12] і 130 742 922 $[13]
Краіна
Мова англійская
Год 30 студзеня 1991[1], 19 красавіка 1991[2], 11 красавіка 1991[3], 14 лютага 1991[4] і 1991
Папярэдні фільм Manhunter[d]
Наступны фільм Hannibal[d]
IMDb ID 0102926
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Маўчанне ягнят» (англ.: The Silence of the Lambs) — амерыканскі псіхалагічны фільм жахаў 1991 года рэжысёра Джонатана Дэмі, зняты па матывах аднайменнага рамана[en] Томаса Харыса[en] пра серыйнага забойцу Ганібала Лектара. Адаптацыяй сцэнарыя займаўся Тэд Тэлі[en]. Галоўныя ролі выканалі Джодзі Фостэр і Энтані Хопкінс[14].

Недасведчаная маладая курсантка ФБР Кларыса Старлінг[en] атрымлівае важнае заданне: разгаварыць зняволенага маньяка-канібала псіхіятара Ганібала Лектара, каб той дапамог злавіць іншага маньяка. Лектар гуляе з Кларысай у вытанчаныя псіхалагічныя гульні. Кларыса намагаецца вытрымаць псіхалагічны ціск Ганібала Лектара, і ёй удаецца атрымаць у яго падказкі, якія дапамогуць у расследаванні.

Прэм’ера «Маўчання ягнят» адбылася 30 студзня 1991 года ў Нью-Ёрку. У шырокі пракат карціна выйшла 14 лютага 1991 года. Пры бюджэце ў 19 мільёнаў долараў, фільм сабраў у сусветным пракаце 272,7 мільёнаў долараў, заняўшы пятае месца па зборах за 1991 год. 15 лютага 1991 года карціна была паказана ў межах асноўнай конкурснай праграмы 41-га Берлінскага кінафестывалю[en], дзе «Сярэбранага мядзведзя» за рэжысуру ўдастоіўся Джонатан Дэмі. На 64-й цырымоніі прэміі «Оскар»[en] фільм быў адзначаны ўзнагародамі ў пяці галоўных намінацыях: Найлепшы фільм, Найлепшая рэжысура, Найлепшая мужчынская роля, Найлепшая жаночая роля[en] і Найлепшы адаптаваны сцэнарый[en]. Гэта трэці і апошні на сённяшні дзень фільм, узнагароджаны адразу ва ўсіх галоўных намінацыях, астатнія два — «Гэта здарылася аднойчы ноччу[en]» (1934) і «Палёт над гняздом зязюлі» (1975).

Крытыкі, рэжысёры і гледачы часта называюць «Маўчанне ягнят» адным з найвялікшых і найбольш уплывовых фільмаў. У снежні 2011 года Бібліятэка Кангрэса ЗША прызнала кінастужку «культурна, гістарычна або эстэтычна значнай» і ўключыла ў Нацыянальны рэестр фільмаў[15][16]. У 2018 годзе часопіс «Empire» паставіў яго на 48-е месца ў спісе 500 найлепшых фільмаў усіх часоў. Амерыканскі інстытут кінамастацтва прызнаў яго пятым з найбольш уплывовых фільмаў-трылераў, а Старлінг і Лектар увайшлі ў лік найвялікшых кінагерояў і кіназлачынцаў.

У 2001 годзе быў выпушчаны сіквел «Маўчання ягнят» — «Ганібал[en]», пасля чаго былі зняты прыквелы «Чырвоны дракон[en]» (2002) і «Ганібал: Узыходжанне[en]» (2007).

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

1990 год. Джэк Кроўфард[en] (Скот Глен[en]) з Аддзела паводзінскіх навук[en] ФБР забірае студэнтку Кларысу Старлінг[en] (Джодзі Фостэр) з яе трэніровак у Акадэміі ФБР[en] і даручае ёй узяць інтэрв’ю ў Ганібала Лектара (Энтані Хопкінс), былога псіхіятара і зняволенага серыйнага забойцы-канібала. Кроўфард лічыць, што праніклівасць Лектара можа быць карыснай у пагоні за серыйным забойцам-псіхапатам з мянушкай «Буфала Біл[en]» (Тэд Левайн[en]), які забівае маладых жанчын і здымае скуру з іх целаў.

У Балтымарскім дзяржаўным шпіталі для душэўнахворых злачынцаў, дзе трымаюць Лектара, доктар Фрэдэрык Чылтан[en] (Энтані Хілд[en]) праводзіць інструктаж і груба заляцаецца да студэнткі, але яна яго адвяргае. Старлінг праводзяць уніз да камеры Лектара. Спачатку злачынец стварае ўражанне ўважлівага і ветлівага чалавека, але пасля таго як Старлінг пераходзіць да справы, ён становіцца нецерпялівым і адмаўляе ёй у дапамозе. Калі яна сыходзіць, зняволены з суседняй камеры на імя Мігс, кідае ёй у твар сваю сперму. Лектар жыва рэагуе на інцэдэнт: ён знаходзіць такі ўчынак «невымоўна брыдкім» і вырашае пайсці насустрач Старлінг. Ён дае ёй зачэпку, кажучы, што трэба шукаць яго старога пацыента. Гэта прыводзіць Старлінг да сховішча, дзе яна знаходзіць слоік з адрэзанай галавой чалавека. Яна вяртаецца да Лектара, і той раскрывае, што гэты чалавек быў звязаны з Буфала Білам. Лектар прапануе студэнтцы сваю дапамогу ў аналізе асобы[en] Буфала Біла пры ўмове, што ён будзе пераведзены ў іншае месца падалей ад ненавіснага Чылтана. Тым часам паліцыя знаходзіць новую ахвяру Буфала Біла, у горле ахвяры выяўляюць кукалку матыля віда Acherontia styx[en].

Бафала Біл выкрадае Кэтрын Марцін, дачку сенатара ЗША (Брук Сміт[en]). Кроўфард дазваляе Старлінг прапанаваць Лектару фальшывую дамову, паабяцаўшы перавод у турму, калі ён дасць інфармацыю, якая дапаможа ім схапіць Буфала Біла і выратаваць Кэтрын. Замест гэтага Лектар патрабуе ад Старлінг іншую дамову, у абмен на падказкі пра Буфала Біла ён жадае пачуць асабістую інфармацыю пра яе. Старлінг распавядае Лектару пра забойства свайго бацькі, калі ёй было дзесяць гадоў. Чылтан таемна запісвае размову і выкрывае Лектару падман Кроўфарда і Старлінг. У сваю чаргу ён прапаноўвае Лектару іншую дамову. Лектар згаджаецца, і яго адпраўляюць у Мемфіс, дзе ён сустракаецца з сенатаркай Марцін і здзекуецца з яе (Даян Бэйкер[en]), а потым дае ёй ілжывую інфармацыю пра Буфала Біла. Старлінг разумее, што Лектар уводзіць іх у зман і зноў наведвае злачынца, які цяпер знаходзіцца ў камеры ў будынку суда штата Тэнесі. Яна просіць Лектара расказаць праўду. Ён жа кажа, што ўся неабходная інфармацыя ўтрымліваецца ў матэрыялах справы Буфала Біла, а затым настойвае на працягу іх асабістай дамовы. Старлінг згаджаецца і распавядае пра траўматычны выпадак з дзяцінства, калі пачула, як у фальварку сваякоў у Мантане забіваюць ягнят. Лектар выказвае здагадку, што ёй сняцца кашмары з крыкамі ягнят і што яна хоча выратаваць Кэтрын, каб ягняты замоўклі. Кларыса пацвярджае яго здагадку, і Лектар дзякуе ёй за шчырасць. Іх размову перарывае доктар Чылтан, ён загадвае вывесці Старлінг. У апошні момант Лектар паспявае вярнуць Кларысе матэрыялы справы Буфала Біла. Вечарам таго ж дня Лектар забівае сваіх ахоўнікаў і ўцякае з камеры.

Старлінг аналізуе матэрыялы справы і падказкі Лектара і высвятляе, што Буфала Біл ведаў сваю першую ахвяру Фрэдэрыку Бімел. Старлінг едзе ў родны горад ахвяры і выяўляе, што і яна, і Буфала Біл былі краўцамі. У доме Фрэдэрыкі яна заўважае няскончаныя сукенкі і выкрайкі сукенак, ідэнтычныя участкам скуры, знятым з ахвяр. Яна тэлефануе Кроўфарду і кажа, што Буфала Біл робіць «касцюм» з чалавечае скуры. Кроўфард выяўляе, што забойцу клічуць Джэймам Гамбам. Раней ён займаўся кантрабандай матылёў і жадаў зрабіць сабе аперацыю па змене полу, але яму было адмоўлена. Кроўфард разам з аператыўнай групай захопу накіроўваецца ў яго дом у Ілінойсе, аднак, там яго не знаходзяць. Тым часам Старлінг звяртаецца да сяброў і сябровак Фрэдэрыкі, апытваючы іх пра забітую. У адным з дамоў у Джэка Гордана яна выяўляе, што той на самай справе і ёсць зайбоцам Гамбам і пераследуе яго. У выніку яна забівае злачынцу, каб уратаваць сваё ўласнае жыццё.

Лектар з аэрапорту тэлефануе Старлінг, калі тая знаходзіцца на выпускным вечары ў Акадэміі ФБР. Ён цікавіцца ў Кларысы, ці замаўчалі ягняты, а таксама запэўнівае, што не мае намеру пераследваць яе. У канцы размовы ён гаворыць Кларысе, што да яго на абед завітаў стары сябра. Лектар кладзе слухаўку і накіроўваецца следам за доктарам Чылтанам.

Акцёрскі склад[правіць | правіць зыходнік]

   Джодзі Фостэр   –   Кларыса Старлінг[en], агент ФБР
   Энтані Хопкінс   –   доктар Ганібал Лектар
   Скот Глен[en]   –   Джэк Кроўфард[en]
   Тэд Левайн[en]   –   Джэйм Гамб / Буфала Біл[en]
   Энтані Хілд[en]   –   доктар Фрэдэрык Чылтан[en]
   Брук Сміт[en]   –   Кэтрын Марцін
   Даян Бэйкер[en]   –   сенатар Рут Марцін
   Кейсі Леманс[en]   –   Ардэлія Мэп
   Фрэнкі Фэйзан[en]   –   Барні Мэцьюс
   Трэйсі Уолтэр[en]   –   Ламар
   Чарлз Нап’ер[en]   –   лейтэнант Бойл
   Роджэр Корман[en]   –   Хейдэн Бёрк
   Крыс Айзек[en]   –   камандзір падраздзялення SWAT
   Маша Скарабагатаў   –   Кларыса Старлінг (у юнацтве)

Вытворчасць[правіць | правіць зыходнік]

Пачатак вытворчасці[правіць | правіць зыходнік]

У 1985 годзе Дзіна Дэ Лаўрэнціс[en] і Марта Шумахер[en] набылі правы на трылер-бестселер Томаса Харыса[en] «Чырвоны дракон[en]», на аснове якога ў 1986 годзе рэжысёр Майкл Ман зняў фільм «Паляўнічы на людзей[en]». У гэтай кінастужцы адбылося першае кароткае з’яўленне на экране серыйнага забойцы Ганібала Лектара (ролю выканаў Браян Кокс[en]). Фільм быў добра прыняты крытыкамі, але катастрафічна праваліўся ў пракаце, сабраўшы толькі 8,6 мільёна долараў. Дэ Лаўрэнціс і Шумахер былі моцна расчараваны такім вынікам, і калі Харыс завяршыў новы раман пра Лектара — «Маўчанне ягнят[en]», то не надалі яму ўвагі, хоць і валодалі правамі на экраннае ўвасабленне персанажа[17].

Яшчэ да выхаду рамана кампанія Orion Pictures[en] уступіла ў супрацоўніцтва з Джынам Хэкменам. Ён мусіў заняць рэжысёрскае крэсла і, магчыма, выканаць ролю агента ФБР Джэка Кроўфарда[en]. Былі праведзены перамовы аб падзеле кошту правоў на кнігу ў 500 000 долараў паміж Хэкменам і студыяй[18]. Апроч таго, прадзюсарам былі патрэбны правы на персанажа Лектара, якія не зацікаўлены ў праекце Дэ Лаўрэнціс аддаў задарма[17].

У лістападзе 1987 года да напісання адаптацыі быў прыцягнуты Тэд Тэлі[en][19]. Калі Тэлі быў на сярэдзіне працы над першым чарнавіком сцэнарыя, Хэкмен пакінуў праект, і фінансаванне сарвалася. Аднак сузаснавальнік Orion Майк Медавой[en] заахвоціў Талі працягваць працу, паколькі студыя ўзяла на сябе клопат пра фінансаванне і прыступіла да пошуку новага рэжысёра[20]. У выніку Orion папрасіў заняць рэжысёрскае крэсла Джонатана Дэмі. Паколькі сцэнарый быў яшчэ ў распрацоўцы, то Дэмі пагадзіўся на прапанову, азнаёміўшыся з першавытокам[21]. З гэтага моманту праект развіваўся хутка. Тэлі ўзгадваў: «[Дэмі] прачытаў мой першы чарнавік неўзабаве пасля таго, як ён быў завершаны, і калі мы сустрэліся, я быў проста здзіўлены хуткасцю, з якой пайшлі справы. Мы сустрэліся ў маі 1989 года і здымалі ў лістападзе. Я не памятаю ніякіх істотных перапрацовак»[22].

Падбор акцёраў[правіць | правіць зыходнік]

Выканаўцы галоўных роляў (злева направа, зверху ўніз): Джодзі Фостэр, Энтані Хопкінс, Скот Глен[en], Тэд Левайн[en].

Адразу пасля прачытання рамана Джодзі Фостэр была зацікаўлена ў ролі агента ФБР Кларысы Старлінг[en]. Аднак, нягледзячы на тое, што Фостэр толькі што атрымала прэмію «Оскар» за ролю ў фільме «Абвінавачаныя[en]» (1988), Дэмі сумняваўся, што яна падыходзіць для гэтай ролі[23][24]. Спачатку Дэмі абраў на ролю Старлінг Мішэль Пфайфер, з якой перад тым працаваў над фільмам «Замужам за мафіяй[en]» (1988). Актрыса адхіліла прапанову, пазней яна тлумачыла: «Гэта было цяжкае рашэнне, але я непакоілася з-за тэмы»[25]. Затым рэжысёр звярнуўся да Мег Раян, якая таксама адмовілася ад ролі з-за жудасных тэм, якія падымаюцца ў фільме. Выбар Лоры Дэрн[en] на ролю не задаволіў студыю, дзе палічылі, што актрыса не прынясе выгады фільму[26]. У выніку, дзякуючы страснаму жаданню сыграць гэтага персанажа, ролю атрымала Фостэр[27].

Ролю Лектара Дэмі перш за ўсё прапанаваў Шону Конэры, але акцёр адхіліў прапанову. Тады прапанова была зроблена Энтані Хопкінсу, асноўваючыся на ўражанні ад яго ігры ў фільме «Чалавек-слон[en]» (1980)[28]. Калі агент Хопкінса паведаміў акцёру, што яму прапанавана роля ў фільме пад назвай «Маўчанне ягнят», той пацікавіўся, ці не дзіцячая гэта гісторыя. Хопкінс ператэлефанаваў свайму агенту пасля прачытання першых 10 старонак і сказаў, што «гэта лепшае з таго, што ён калі-небудзь чытаў». Пасля сустрэчы з Дэмі, акцёр пагадзіўся на ролю[29]. Сярод іншых акцёраў, якія разглядаліся на гэтую ролю, былі Аль Пачына[30], Роберт Дэ Ніра[30], Дасцін Хофман[30], Дэрэк Джэкабі[en][31] і Дэніел Дэй-Льюіс[31]. Таксама заяўляў, што праходзіў праслухоўванне на гэтую ролю, Форэст Уітакер.

Здымкі[правіць | правіць зыходнік]

Здымкі[en] «Маўчання ягнят» пачаліся 15 лістапада 1989 года і цягнуліся да 1 сакавіка 1990 года[32]. Здымкі ў асноўным праходзілі ў Пітсбургу (штат Пенсільванія) і яго ваколіцах, а некаторыя сцэны здымаліся ў суседняй паўночнай частцы Заходняй Віргініі. У якасці дома Буфала Біла выкарыстоўваўся віктарыянскі дом у Перыёпалісе[en] (Пенсільванія). Экстэр’ерам для Балтымарскай дзяржаўнай лякарні для псіхічнахворых злачынцаў паслужыў вонкавы выгляд Вестэрн-цэнтра[en] побач з Кенансбургам[en] (Пенсільванія). Рэдкім выпадкам супрацоўніцтва стаў факт, што ФБР дазволіла здымаць сцэны ў Акадэміі ФБР[en] у Куантыка[en]; некаторыя супрацоўнікі ФБР нават здымаліся ў эпізадычных ролях.

Музычнае суправаджэнне[правіць | правіць зыходнік]

Музычнае суправаджэнне да «Маўчання ягнят» напісаў Говард Шор. Запіс саўндтрэка адбываўся ў Мюнхене ў жніўні 1990 года, музыку выконваў Мюнхенскі сімфанічны аркестр[en][33]. «Я стараўся пісаць так, каб гэта ўпісвалася ў тканіну фільма», — тлумачыў Шор свой падыход. «Я спрабаваў зрабіць так, каб музыка проста пасавала. Калі вы глядзіце фільм, вы не заўважаеце музыку. Вы атрымліваеце пачуцці ад усіх элементаў адначасова: ад асвятлення, аператарскай працы, касцюмаў, акцёрскай ігры, музыкі»[34]. Альбом з саўндтрэкам быў выпушчаны лэйблам «MCA Records[en]» 5 лютага 1991 года[35]. Музыка з фільма пазней была выкарыстана ў трэйлерах да яго сіквела — фільма 2001 года «Ганібал[en]»[36].

У дадатак да арыгінальнай музыкі Шора ў фільме шырока выкарыстоўваюцца запісы папулярнай музыкі. Так, у фільме можна пачуць брытанскую пост-панк-музыку. Падчас кульмінацыйнай сцэны, калі Старлінг уваходзіць у дом Буфала Біла гучыць песня «Hip Priest» гурта The Fall[en][37].

Выхад і прызнанне[правіць | правіць зыходнік]

Выхад на экраны[правіць | правіць зыходнік]

Прэм’ера «Маўчання ягнят» адбылася 30 студзня 1991 года ў Нью-Ёрку, затым 1 лютага ў Сэнчэры-Сіці[en]. 14 лютага карціна выйшла ў шырокі пракат у ЗША і Канадзе, а 15 лютага была паказана ў межах асноўнай конкурснай праграмы 41-га Берлінскага кінафестывалю[en]. Пачынаючы з сакавіка, карціна выходзіла на экраны многіх іншых краін свету[38].

Ніжэй прыведзены спіс прэм’ер фільма паводле краін у храналагічным парадку[38]:

Касавыя зборы[правіць | правіць зыходнік]

«Маўчання ягнят» выйшла ў шырокі пракат 14 лютага 1991 года і сабрала амаль 14 мільёнаў долараў у 1497 кінатэатрах за чатырохдзённы ўікэнд Прэзідэнцкага дня[en], заняўшы першае месца ў пракаце ЗША. Фільм заставаўся на першым месцы і наступныя пяць тыдняў[39].

Брытанская прэм’ера фільма адбылася ў кінатэатры «Адэон Лестэр-сквер[en]» у Лондане, адкрываючы тыдзень прынёс карціне 290 936 фунтаў стэрлінгаў, што, паводле сцвярджэння дыстрыб’ютара «Rank[en]», стала сусветным рэкордам за прэм’ерны тыдзень для аднаго кінатэатра[40]. На наступным тыдні пракат пашырыўся да 281 экрана і сабраў за тыдзень 4 260 472 фунты стэрлінгаў, што стала рэкордам для Вялікабрытаніі[41].

Пры бюджэце ў 19 мільёнаў долараў, фільм сабраў 131 мільён у ЗША і Канадзе, а ў сусветным пракаце ў цэлым зборы дасягнулі 272,7 мільёна долараў[39]. Па выніках 1991 года кінастужка заняла чацвёртае месца па зборах у Паўночнай Амерыцы і пятае месца па зборах у сусветным пракаце[42][43].

Рэйтынгі і спісы[правіць | правіць зыходнік]

Агрэгатар крытычных аглядаў «Metacritic» дае фільму ўсярэдненую ацэнку ў 85 балаў са 100 на аснове 20 рэцэнзій прафесійных крытыкаў. Карыстальніцкі рэйтынг на гэтым рэсурсе складае 8.8/10[44]. Паводле іншага папулярнага агрэгатара крытычных аглядаў «Rotten Tomatoes» сярод 145 рэцэнзентаў 138 далі станоўчую ацэнку фільму, што складае 95 %. Глядацкі рэйтынг кінастужкі склаў 95 % на аснове больш чым 250 тысяч галасоў[45]. Абагуленае меркаванне крытыкаў сфармулявана наступным чынам:

" Разумны, напружаны трылер рэжысёра Джонатана Дэмі балансуе на мяжы псіхалагічнага даследавання і татальнага жаху і ў значнай ступені выігрывае ад зорнай ігры Энтані Хопкінса і Джодзі Фостэр.[45]. "

Вядомы амерыканскі кінакрытык Роджэр Эберт занёс карціну ў свой спіс «Выдатных фільмаў»[46].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

На 41-м Берлінскім кінафестывалі[en] «Маўчанне ягнят» увайшло ў асноўную конкурсную праграму і ўдастоілася «Сярэбранага мядзведзя» за рэжысуру. На 64-й цырымоніі прэміі «Оскар»[en] фільм быў адзначаны ўзнагародамі ў пяці галоўных намінацыях: Найлепшы фільм, Найлепшая рэжысура, Найлепшая мужчынская роля, Найлепшая жаночая роля[en] і Найлепшы адаптаваны сцэнарый[en]. Гэта трэці і апошні на сённяшні дзень фільм, узнагароджаны адразу ва ўсіх галоўных намінацыях, астатнія два — «Гэта здарылася аднойчы ноччу[en]» (1934) і «Палёт над гняздом зязюлі» (1975).

Паводле рэсурса «Internet Movie Database» агулам фільм быў адзначаны 69 узнагародамі і яшчэ 51 намінацыяй[47]. Сярод найбольш значных узнагарод: 5 прэмій «Оскар» (з 7 намінацый), 4 прэміі «Сатурн» (з 8 намінацый), 2 прэміі «BAFTA» (з 9 намінацый), 1 прэмія «Залаты глобус» (з 5 намінацый).

Кінафестываль / Кінапрэмія Дата Прэмія / Катэгорыя Намінант(ы) Вынік Спасылкі
Берлінскі кінафестываль 15-26 лютага 1991[en] «Залаты мядзведзь» «Маўчанне ягнят» Намінацыя [48]
«Сярэбраны мядзведзь» за найлепшую рэжысуру Джонатан Дэмі Перамога
Асацыяцыя кінакрытыкаў Лос-Анджэлеса 14 снежня 1991 Найлепшая музыка Говард Шор 2-е месца [49]
Нацыянальны савет кінакрытыкаў ЗША 16 снежня 1991[en] Найлепшы фільм[en] «Маўчанне ягнят» Перамога
Топ 10 фільмаў[en] «Маўчанне ягнят» Перамога
Найлепшы рэжысёр[en] Джонатан Дэмі Перамога
Найлепшы акцёр другога плана[en] Энтані Хопкінс Перамога
Кола кінакрытыкаў Нью-Ёрка 17 снежня 1991[en] Найлепшы фільм[en] «Маўчанне ягнят» Намінацыя
Найлепшы рэжысёр[en] Джонатан Дэмі Перамога
Найлепшы акцёр[en] Энтані Хопкінс Перамога
Найлепшая актрыса[en] Джодзі Фостэр Перамога
Залаты глобус 18 студзеня 1992[en] Найлепшы кінафільм — Драма[en] «Маўчанне ягнят» Намінацыя [50]
Найлепшы рэжысёр[en] Джонатан Дэмі Намінацыя
Найлепшы акцёр у кінафільме — Драма[en] Энтані Хопкінс Намінацыя
Найлепшая актрыса у кінафільме — Кінафільм[en] Джодзі Фостэр Перамога
Найлепшы сцэнарый[en] Тэд Тэлі[en] Намінацыя
BAFTA 22 сакавіка 1992[en] Найлепшы фільм[en] «Маўчанне ягнят» Намінацыя [51]
Прэмія Дэвіда Ліна за дасягненні ў рэжысуры[en] Джонатан Дэмі Намінацыя
Найлепшы акцёр[en] Энтані Хопкінс Перамога
Найлепшая актрыса[en] Джодзі Фостэр Перамога
Найлепшы адаптаваны сцэнарый[en] Тэд Тэлі Намінацыя
Найлепшая аператарская праца[en] Так Фудзімота[en] Намінацыя
Найлепшы мантаж[en] Крэйг Мак-Кей[en] Намінацыя
Прэмія Энтані Асквіта за арыгінальную музыку да фільма[en] Говард Шор Намінацыя
Найлепшы гук[en] Скіп Ліеўсі[en], Крыс Ньюман[en], Том Флайшмен[en] Намінацыя
Оскар 30 сакавіка 1992[en] Найлепшы фільм «Маўчанне ягнят» Перамога [52]
Найлепшая рэжысура Джонатан Дэмі Перамога
Найлепшы акцёр Энтані Хопкінс Перамога
Найлепшая актрыса[en] Джодзі Фостэр Перамога
Найлепшы адаптаваны сцэнарый[en] Тэд Тэлі Перамога
Найлепшы гук[en] Том Флайшмен, Крыс Ньюман Намінацыя
Найлепшы мантаж[en] Крэйг Мак-Кей Намінацыя

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. выгрузка даных FreebaseGoogle.
  2. http://www.dfi.dk/faktaomfilm/film/da/7798.aspx?id=7798
  3. Internet Movie Database — 1990. Праверана 14 красавіка 2017.
  4. Internet Movie Database — 1990. Праверана 8 чэрвеня 2022.
  5. а б http://www.imdb.com/title/tt0102926/ Праверана 14 красавіка 2016.
  6. а б в г д http://stopklatka.pl/film/milczenie-owiec Праверана 14 красавіка 2016.
  7. https://www.filmaffinity.com/en/film768790.html Праверана 14 красавіка 2016.
  8. а б в http://www.imdb.com/title/tt0102926/fullcredits Праверана 14 красавіка 2016.
  9. http://www.allocine.fr/film/fichefilm_gen_cfilm=6641.html Праверана 14 красавіка 2016.
  10. http://www.bbfc.co.uk/releases/silence-lambs-3 Праверана 14 красавіка 2016.
  11. http://www.metacritic.com/movie/the-silence-of-the-lambs Праверана 14 красавіка 2016.
  12. Box Office Mojo — 1999. Праверана 8 чэрвеня 2022.
  13. Internet Movie Database — 1990. Праверана 8 чэрвеня 2022.
  14. The Silence of the Lambs (1991) — IMDb (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 8 ліпеня 2022.
  15. 2011 National Film Registry More Than a Box of Chocolates (англ.). Сайт Бібліятэкі Кангрэса ЗША (28 снежня 2011). Праверана 8 ліпеня 2022.
  16. Silence of the Lambs added to US film archive (англ.). Сайт «BBC» (28 снежня 2011). Праверана 8 ліпеня 2022.
  17. а б Jill Bernstein.. 'But Dino, I don't want to make a film about elephants...' (англ.). Сайт газеты «The Guardian» (9 лютага 2001). Праверана 8 ліпеня 2022.
  18. Tiech 2012, p. 63.
  19. Medavoy 2013, p. 183.
  20. Engel 1995, p. 110.
  21. Kapsis 2008, pp. 71–75.
  22. Scott 2006, p. 17.
  23. The Total Film Interview – Jodie Foster (англ.)(недаступная спасылка). Сайт «Total Film[en]» (1 снежня 2005). Архівавана з першакрыніцы 14 сакавіка 2014. Праверана 14 сакавіка 2014.
  24. Cindy Davis.. Mindhole Blowers: 20 Facts About The Silence of the Lambs That Might Make You Crave a Nice Chianti (англ.). Сайт «Pajiba» (27 лютага 2012). Архівавана з першакрыніцы 14 сакавіка 2014. Праверана 8 ліпеня 2022.
  25. Barbara Walters (1992-03-30). Barbara Walters Special [англійская]. American Broadcast Company. Event occurs at 9:18.
  26. Nick Levine.. 'Silence of the Lambs' director admits he didn't want to cast Jodie Foster (англ.). Сайт «New Musical Express» (2 красавіка 2015). Архівавана з першакрыніцы 15 студзеня 2018. Праверана 8 ліпеня 2022.
  27. Janet Maslin.. How to Film a Gory Story With Restraint (англ.). Сайт газеты «The New York Times» (19 лютага 1991). Архівавана з першакрыніцы 17 студзеня 2015. Праверана 8 ліпеня 2022.
  28. Matthew Odam.. AFF panel wrap: Jonathan Demme in conversation with Paul Thomas Anderson (англ.)(недаступная спасылка). Сайт газеты «Austin American-Statesman[en]» (26 кастрычніка 2013). Архівавана з першакрыніцы 22 лістапада 2014. Праверана 22 лістапада 2014.
  29. Ramin Setoodeh.. Jodie Foster and Anthony Hopkins Reunite for ‘Silence of the Lambs’ 30th Anniversary (англ.). Сайт «Variety» (20 студзеня 2021). Праверана 8 ліпеня 2022.
  30. а б в Peter White.. Jodie Foster Lifts The Lid On 'The Silence of the Lambs' At BFI – Q&A (англ.). Сайт «Deadline Hollywood» (6 лістапада 2017). Архівавана з першакрыніцы 6 лістапада 2017. Праверана 8 ліпеня 2022.
  31. а б Brent Lang.. Derek Jacobi, Daniel Day-Lewis Almost Played Hannibal Lecter in 'Silence of the Lambs' (англ.). Сайт «TheWrap[en]» (11 верасня 2013). Архівавана з першакрыніцы 11 красавіка 2014. Праверана 8 ліпеня 2022.
  32. The Silence of the Lambs (1991) – Miscellaneous Notes (англ.)(недаступная спасылка). Сайт «Turner Classic Movies[en]». Архівавана з першакрыніцы 16 сакавіка 2014. Праверана 16 сакавіка 2014.
  33. Howard Shore – The Silence Of The Lambs (The Original Motion Picture Score) (англ.). Сайт «Discogs». Праверана 8 ліпеня 2022.
  34. Matthias Büdinger, Luc Van de Ven. Howard Shore on The Silence of the Lambs(англ.) // Soundtrack Magazine. — 1991. — Vol. 10. — № 37.
  35. The Silence of the Lambs (англ.). Сайт «Filmtracks.com[en]». Праверана 8 ліпеня 2022.
  36. Hannibal (англ.). Сайт «Soundtrack.net». Праверана 8 ліпеня 2022.
  37. 10 Songs that Defined the Fall and Mark E. Smith (англ.). Сайт «Pitchfork[en]». Архівавана з першакрыніцы 11 красавіка 2021. Праверана 8 ліпеня 2022.
  38. а б The Silence of the Lambs — Release Info (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 8 ліпеня 2022.
  39. а б The Silence of the Lambs (1991) (англ.). Сайт «Box Office Mojo». Праверана 8 ліпеня 2022.
  40. Jeremy Coopman. (1991-06-10). "'Lambs' Loud in U.K. Bow". Variety. p. 43.
  41. Jack Pitman. (1991-06-17). "'Lambs' Record $6.9 Mil". Variety. p. 38.
  42. Domestic Box Office For 1991 (англ.). Сайт «Box Office Mojo». Праверана 8 ліпеня 2022.
  43. Le Silence des agneaux | The Silence of the Lambs (фр.). Сайт «JP's Box-Office[d]». Праверана 8 ліпеня 2022.
  44. The Silence of the Lambs (англ.). Сайт «Metacritic». Праверана 8 ліпеня 2022.
  45. а б The Silence of the Lambs (англ.). Сайт «Rotten Tomatoes». Праверана 8 ліпеня 2022.
  46. Roger Ebert.. The Silence of the Lambs (англ.). Сайт Роджэра Эберта (18 лютага 2001). Праверана 8 ліпеня 2022.
  47. The Silence of the Lambs — Awards (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 8 ліпеня 2022.
  48. Prizes & Honours 1991 (англ.). Сайт Берлінскага кінафестывалю. Праверана 8 ліпеня 2022.
  49. 17th Annual Los Angeles Film Critics Association Awards (англ.). Сайт Асацыяцыі кінакрытыкаў Лос-Анджэлеса. Праверана 8 ліпеня 2022.
  50. Winners & Nominees 1992 (англ.)(недаступная спасылка). Сайт прэміі «Залаты глобус». Архівавана з першакрыніцы 19 студзеня 2018. Праверана 8 ліпеня 2022.
  51. Film in 1992 (англ.). Сайт прэміі «BAFTA». Праверана 8 ліпеня 2022.
  52. The 64th Academy Awards — 1992 (англ.). Сайт прэміі «Оскар». Праверана 8 ліпеня 2022.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]