Мбоджа
(Dou Mbojo) | |
Агульная колькасць | 754 000 (2011) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Інданезія |
Мова | біма |
Рэлігія | анімізм, іслам |
Блізкія этнічныя групы | самава, саву, сасакі, сумба, мангарай |
Мбоджа (саманазва Dou Mbojo), або біма (індан.: Suku Bima) — аўстранезійскі народ, карэннае насельніцтва ўсходу вострава Сумбава ў Інданезіі. Агульная колькасць - 754 тысячы чал. (2011 г.)[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Мбоджа — нашчадкі старажытных аўстранезійцаў, якія трапілі на востраў Сумбава некалькі тысяч гадоў таму. Ім папярэднічалі продкі носьбітаў папуаскай культуры Тамбора, якая праіснавала да катастрафічнага вывяржэння вулкана Тамбора ў 1815 г. Шматвяковае ўзаемадзеянне жыхароў ўсходу Сумбавы з тамборцамі аказала значнае ўздзеянне на мясцовую мову і культуру.
У XIV ст. мясцовыя плямёны былі аб'яднаны дзяржавай Біма. Тут зацвердзілася дынастыя, што вяла свой радавод ад легендарнага правадыра Нчухі Дара, які быццам бы прыбыў на Сумбаву з Сулавесі. Пасля 1620 г. манархі Бімы прынялі іслам і тытул султанаў. Гэта спрыяла пашырэнню сувязяў з малайскімі дзяржавамі. Найбольш старажытныя пісьмовыя помнікі Бімы пісаліся на санскрыце і каві, аднак у XVII - XVIII стст. былі выціснуты дакументамі на малайскай мове, напісанымі арабскімі літарамі. Малайская мова аказала моцны ўплыў на сучасную мову біма.
Сучасная назва народа мбоджа паходзіць ад наймення дынастыі манархаў Біма. Лічыцца, што першапачаткова мбоджа былі толькі адным з плямёнаў, якое перасялілася на Сумбаву з паўднёвага Сулавесі.
Росквіт султаната Біма прыйшоўся на XVIII ст., што тлумачыцца саюзнымі адносінамі з галандцамі. У канцы XVIII - пачатку XIX ст. султанат быў фактычна далучаны да галадскай каланіяльнай імперыі, аднак да сярэдзіны 1950-ых гг. захоўваў аўтаномію. У 1949 г. землі мбоджа былі далучаны да Інданезіі.
Асаблівасці культуры
[правіць | правіць зыходнік]Асноўнымі заняткамі мбоджа з'яўляюцца земляробства, жывёлагадоўля, паляванне і збіральніцтва. Асноўнай культурай з'яўляецца рыс. Мбоджа таксама вырошчваюць каву, какосы, садавіну, гародніну. З-за засушлівага клімату мбоджа распрацавалі сістэму ірыгацыі, вядомую тут як пангава. Значная частка сельскагаспадарчых тэрыторый вылучана пад пашу, дзе трымаюць буйвалаў, кароў, поні. Конегадоўля мела важнае значэнне з часоў сярэднявечча, калі мясцовых маларослых канёў вывозілі ў вялікай колькасці на Яву і іншыя астравы Паўднёва-Усходняй Азіі.
Мужчыны мбоджа вядомы як добрыя апрацоўшчыкі каменю, а жанчыны — як ткачы. У традыцыйнай вопратцы асабліва вылучаецца жаночы строй рымпу, які ўяўляе сабою доўгі саронг з накрыўкай для галавы.
На сацыяльную структуру і развіццё грамадства моцна паўплывала ўвядзенне ў XVII ст. мусульманскага права хукум, якое садзейнічала разбурэнню племянных аб'яднанняў. Асноўнай сацыяльнай ячэйкай у наш час з'яўляецца малая нуклеарная сям'я. Шлюбу папярэднічае абавязковы выкуп за нявесту. Пасля вяселля маладая сям'я жыве самастойна. Адлік сваяцтва вядзецца адначасова па мужчынскай і жаночай лініі. У мбоджа прынята падзяляць насельнікаў па ўзроставай прыкмеце і звяртацца да людзей адпаведнага ўзросту як да сваякоў — "брат", "сястра", "бабуля", "дзядуля", "сын", дачка" і г. д.
Мбоджа маюць арыгінальную пісьмовую традыцыю, большасць вядомых міфаў і легенд гэтага народа занатавана ў кнігах. Народнае мастацтва прадстаўлена разнастайнымі мужчынскімі і жаночымі танцамі. Папулярна барацьба нтумбу тута, якая нагадвае дужанне быкоў, а таксама конныя спаборніцтвы.
Донга
[правіць | правіць зыходнік]Донга (саманазва: Dou Donggo) — субэтнічная група мбоджа (каля 20 тысяч чалавек), якая жыве ў горнай мясцовасці на поўдні і часткова на ўсходзе Сумбавы. Донга падзяляюцца на ўсходнюю (Donggo Ele) і высакагорную (Donggo Ipa) часткі. Яны адрозніваюць сябе непасрэдна ад мбоджа, паколькі да канца XVIII ст. мелі сваю дзяржаву.
Донга захавалі традыцыйную анімістычныя рэлігію марафу, традыцыйнае права і племянную сістэму кіравання. На чале ўсіх мбоджа стаіць правадыр нчухі.
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Мова мбоджа адносіцца да аўстранезійскай групы моў і падзяляецца на 5 асноўных дыялектаў.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]У сярэднявеччы на усходзе Сумбавы быў распаўсюджаны індуізм. Захаваліся некаторыя перажыткі мясцовых анімістычных культаў, якія мбоджа называюць Макакамба—Макакімбі. Аднак большасць сучасных вернікаў мбоджа спавядае іслам. Прычым, жыхары усходу Сумбавы лічацца аднымі з найбольш дбайных прыхільнікаў гэтай рэлігіі ў Інданезіі.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Ensiklopedia Mbojo
- Bima Kingdom Архівавана 1 красавіка 2016.
- BIMA TRIBE
- Introduction to Sumbawa Архівавана 5 кастрычніка 2013.