Медаль за баявыя заслугі (Рада БНР)
Медаль за баявыя заслугі | |||
---|---|---|---|
|
|||
Краіна | БНР | ||
Тып | узнагарода | ||
Кім уручаецца | Рада БНР | ||
Дата заснавання | 21 студзеня 2023 | ||
Статус | уручаецца | ||
Чарговасць узнагарод | |||
Старэйшая | Ордэн Жалезнага Рыцара |
Медаль за баявыя заслугі — баявая ўзнагарода Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, заснаваная Дэкрэтам Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы ад 21 студзеня 2023 года[1].
Паводле свайго статуту, медаль мае пераемнасць ад ордэна Virtuti Militari, які быў заснаваны ў 1792 годзе і з’яўляецца найстарэйшай гістарычнай вайсковай узнагародай беларускай дзяржавы, зважаючы на статус Беларусі як адной з краін-пераемніц Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. Гістарычную пераемнасць маюць адлюстроўваць назва і дызайн медаля. Змены ў параўнанні з гістарычнай узнагародай адлюстроўваюць каштоўнасці сучаснай Беларусі як незалежнай дэмакратычнай рэспублікі[1].
Статут
[правіць | правіць зыходнік]Медаль надаецца за асабістую адвагу, праяўленую ў абставінах, звязаных з рызыкай для жыцця і з абаронай свабоды, суверэнітэту і дэмакратычнага канстытуцыйнага ладу Беларусі на грунце ідэалаў 25 сакавіка, у прыватнасці, пры выкананні вайсковага і службовага абавязку, у баях і пры выкананні спецыяльных заданняў у нацыянальных інтарэсах Беларусі[1]
Медаль можа ўручацца[1]:
- Удзельнікам беларускіх збройных сілаў і службаў, прыраўняных да вайсковых, у тым ліку беларускіх партызанскіх аддзелаў і беларускіх вайсковых аддзелаў у складзе замежных войск;
- Беларусам (як беларускім грамадзянам, так і асобам, якія належаць да беларускага народа, не будучы беларускімі грамадзянамі), якія ў асабістай якасці ваююць у шэрагах замежных войск і службаў па-за межамі беларускіх вайсковых аддзелаў;
- Замежным вайскоўцам, якія адпавядаюць крытэрыям, вызначаным у статуце Медаля, і якія істотна спрыялі выкананню вайскоўцамі-беларусамі збройнай місіі ў адпаведнасці з крытэрыямі, вызначанымі ў статуце Медаля;
- Цывільным асобам-некамбатантам, якія адпавядаюць умовам Статуту медаля.
Медаль надаецца Дэкрэтам Старшыні Рады БНР на аснове прадстаўленняў камандзіраў адпаведных вайсковых частак або ўласнай інфармацыі Рады БНР[1].
Старэйшай узнагародай адносна Медаля з’яўляецца тытул кавалера (дамы) Ордэна Жалезнага рыцара. Медаль носіцца на левым баку грудзі, пасля ордэнскіх знакаў[1].
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Дызайн медаля распрацаваны адмысловай грамадскай геральдычнай камісіяй і абапіраецца на выяву найстарэйшага варыянта знака ордэна Virtuti Militari 1792 года[1].
Медаль увесь з белага (для шэрагоўцаў і падафіцэраў) або жоўтага (для афіцэраў, паўторнага ўзнагароджання шэрагоўцаў і падафіцэраў або за асаблівыя заслугі) металу, авальнай формы. На пярэднім баку выява гістарычнага герба «Малая Пагоня» (рука вершніка з герба «Пагоня», якая трымае меч) і стужкі з трыма палосамі, якая ўвасабляе беларускі бела-чырвона-белы сцяг[1].
На адваротным баку надпіс: «Virtute et Gladio» («Адвагай і мячом» на лацінскай мове) і індывідуальны нумар медаля[1].
Стужка медаля складаецца з вертыкальных палос наступных колераў і размешчаных у наступным парадку: вельмі вузкая белая, шырокая кармазінавая, вельмі вузкая белая. У выпадку нашэння планак, на планцы для афіцэрскага медаля можа пасярэдзіне дадавацца вузкая вертыкальная лінія залатога колеру[1].
Узнагароджаныя
[правіць | правіць зыходнік]Першае ўзнагароджанне Медалём БНР за баявыя заслугі адбылося 1 лютага 2023 года, у дзень 160-х угодак пачатку паўстання Кастуся Каліноўскага на тэрыторыі Беларусі. Медаль тады атрымалі 22 вайскоўцы беларускага Палка імя Кастуся Каліноўскага, якія праявілі адвагу ў баях супраць расійскіх акупацыйных войск ва Украіне. Афіцыйнае ўручэнне медалёў адбылося 9 сакавіка 2023 года і стала першай вядомай цырымоніяй уручэння беларускіх дзяржаўных узнагарод за адвагу на полі бою з часоў Рэчы Паспалітай[1].
8 верасня 2023 года, на Дзень беларускай вайсковай славы, Рада БНР узнагародзіла 14 беларускіх добраахвотнікаў. Былі адзначаныя сем байцоў палка Каліноўскага, шэсць чалавек з 1-й Асобнай дэсантна-штурмавой роты і адзін баец вайсковай часткі А2167 УСУ.[2]