Медыяадукацыя
Медыяадукацыя (media education) — частка адукацыйнага працэсу, накіраваная на фармаванне ў грамадстве медыякультуры, падрыхтоўку асобы да бяспечнага і эфектыўнага ўзаемадзеяння з сучаснай сістэмай масмедыя, уключаючы як традыцыйныя (друкаваныя выданні, радыё, кіно, тэлебачанне), так і найноўшыя (камп'ютарна-апасродкаваныя дачыненні, інтэрнэт, мабільная тэлефанія) медыя з улікам развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
Імклівая медыятызацыя грамадства, актыўнае ўкараненне мультымедыя ва ўсе сферы дзейнасці чалавека актуалізуе важнасць медыяадукацыі для грамадзян усіх узростаў і сацыяльных групаў.
Паходжанне тэрміна
[правіць | правіць зыходнік]Тэрміны медыяадукацыя (media education) і медыяграматнасць (media literacy, Medienkompetenz) выкарыстоўваюцца як сінонімы ў большасці англамоўных краін. У 1993 годзе ў Злучаных Штатах Амерыкі распрацавалі вызначэнне медыяграматнасці як здольнасці доступу, аналізаваць, ацэньваць і ствараць паведамленні ў самых разнастайных формах медыя.
Медыяграматнасць — гэта актыўнае або пасіўнае ўспрыманне і выкарыстанне матэрыялаў медыя, уключаючы іх крытычнае ўспрыманне і ўсвядомленую ацэнку, разуменне метадаў, якія выкарыстоўваюць медыя і іх ўплыў.
Такім чынам, медыяадукацыя і медыяграматнасць суадносяцца як працэс і вынік адпаведнай адукацыйнай практыкі.
Гісторыя медыяадукацыі
[правіць | правіць зыходнік]Пачынаючы з 60-х гадоў ХХ стагоддзя, у педагагічнай навуцы вядучых краін свету сфарміраваўся кірунак «медыяадукацыя», закліканы дапамагчы школьнікам лепш адаптавацца ў інфармацыйным свеце, асвоіць мову сродкаў масавай інфармацыі і камунікацыі, умець аналізаваць медыятэксты.
Медыяадукацыйны кірунак у Беларусі быў запачаткаваны дзякуючы ініцыятыве грамадскіх арганізацый і з нефармальнай паступова распаўсюджваецца на фармальную сістэму адукацыі. У дакуменце прапановаў у галіне адукацыйнай палітыкі Асамблеі НДА вылучаны цэлы раздзел, прысвечаны медыяадукацыі, як прыярытэтным кірунку і сфармуляваны рэкамендацыі грамадскаму сектару.
Асноўныя тэорыі медыяадукацыі
[правіць | правіць зыходнік]Пратэкцыянісцкі падыход | Аналітычны падыход |
---|---|
ін'екцыйная, экалагічная, этычная, рэлігійная, эстэтычная, ідэалагічная |
тэорыя развіцця крытычнага мыслення, семіятычная, культуралагічная |
Сёння медыяадукацыя з'яўляецца важным інавацыйным складнікам педагогікі і методыкі навучання і адлюстраваннем сучасных працэсаў развіцця інфармацыйнага грамадства ва ўсіх развітых краінах свету.
У медыяадукацыі вылучаюцца два аспекты:
- першы аспект звязаны з уменнямі крытычнага ўспрымання, ацэнкі і выкарыстання інфармацыі, якая паступае з розных крыніц. Гэтыя ўменні спрыяюць развіццю асобы і дапамагаюць чалавеку ў прыняцці адпаведных стратэгій паводзін і дзейнасці
- другі аспект прадугледжвае наяўнасць у індывіда ўменняў быць паспяховым, адказным аўтарам звычайных, аўдыя- і відэатэкстаў, якія ён размяшчае на сайтах, у блогах, на YouTube, на форумах, абнародуе падчас інтэрнэт-канферэнцый, вэбінараў і г.д.
Міжнародныя стандарты медыяадукацыі
[правіць | правіць зыходнік]У рэзалюцыях ЮНЕСКА неаднаразова падкрэслівалася важнасць і падтрымка масавай медыяадукацыі (канферэнцыi ЮНЕСКА ў Грунвальдзе, 1982 г.; у Тулузе, 1990 г.; у Парыжы, 1997 г.; у Вене, 1999 г.; у Севільі, 2002 г.; у Парыжы, 2007 і інш.)
Медыяадукацыя — частка асноўнага права кожнага грамадзяніна ўсякай краіны на свабоду самавыяўлення і атрыманне інфармацыі, яна спрыяе дэмакратыі. Прызнаючы адрозненні ў падыходах і развіцці медыяадукацыі ў розных краінах, рэкамендуюць, каб яна была ўведзена ўсюды, дзе магчыма, у межах нацыянальных навучальных планаў, у дадатковай, нефармальнай адукацыі і самаадукацыі на працягу ўсяго жыцця чалавека[1].
Праграма навучання педагогаў медыйнай і інфармацыйнай граматнасці (2012 г.)[2] абапіраецца на сучасныя тэндэнцыі канвергенцыі радыё, тэлебачання, інтэрнэту, газет, кніг, электронных архіваў і бібліятэк на адну агульную платформу і створана з улікам патрэб педагогаў для інтэграцыі ў афіцыйную сістэму іх падрыхтоўкі.
ЮНЭСКА апублікавала асноўныя палажэнні пяці прынцыпаў медыйнай ды інфармацыйнай граматнасці[3] (2017). Новая стратэгія UNESCO аб'ядноўвае інфармацыйную і медыйную граматнасць (Laws of Media and Information Literacy, MIL). Гэтыя дзве сферы падаюцца як камбінацыя кампетэнцый, неабходных сёння для жыцця і працы. Прынцыпы MIL датычаць усіх відаў СМІ ды іншых крыніц інфармацыі (бібліятэкі, архівы, музеі, інтэрнэт, незалежна ад выкарыстаных тэхналогій).
Асаблівую ўвагу мяркуецца надаваць падрыхтоўцы настаўнікаў, каб матываваць іх да ўкаранення MIL ў працэс навучання, а таксама каб даць ім адпаведныя педагагічныя метады, навучальныя праграмы і рэсурсы.
Дакументы ЮНЕСКА сведчаць, што медыяадукацыя функцыянуе як сістэма, якая стала неад'емнай часткай, з аднаго боку, агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі моладзі, з другога — масавых інфармацыйных працэсаў. Яна з'яўляецца атрыбутам глабалізацыйных пераўтварэнняў, фактарам канкурэнтаздольнасці эканомікі, непарыўна звязаная з развіццём дэмакратыі ва ўмовах інфармацыйнага грамадства. Таталітарныя рэжымы тармозяць развіццё медыяадукацыі або скажаюць яе мэты.
Медыяінфармацыйныя кампетэнцыі
[правіць | правіць зыходнік]У Рэкамендацыях Еўрапарламента і Савета Еўропы аб ключавых кампетэнцыях навучання на працягу жыцця[4] (2006) сфармуляваны 8 груп базавых кампетэнцый, сярод якіх ёсць і інфармацыйная, якая ўключае свядомае і крытычнае карыстанне тэхналогіямі інфармацыйнага грамадства для працы, вольнага часу, зносінаў; камунікацыю і ўдзел у карпарацыйных сетках праз інтэрнэт.
Веды уключаюць разуменне і веданне прыроды, ролі і магчымасцяў тэхналогій інфармацыйнага грамадства (ТІГ) у паўсядзённым кантэксце: у асабістым і грамадскім жыцці ды на працы, разуменне магчымасцяў і патэнцыйных рызык інтэрнэту і электронных камунікацый (электронная пошта, сацыяльныя сеткі) для працы, вольнага часу, абмену інфармацыяй і супрацоўніцтва, навучання і даследаванняў. Індывіды павінны разумець, як ТІГ могуць падтрымліваць творчасць і наватарства, быць дасведчанымі ў пытаннях надзейнасці даступнай інфармацыі, а таксама мець уяўленне наконт прававых і этычных прынцыпаў інтэрактыўнага карыстання ТІГ.
Неабходныя навыкі ўключаюць здольнасць пошуку, збору і апрацоўкі інфармацыі і выкарыстанне яе крытычным і сістэматычным чынам, з ацэнкай рэлевантнасці і адрозніваннем рэальнага ад віртуальнага пры карыстанні спасылкамі. Індывіды мусяць мець навыкі карыстання інструментамі для стварэння, прэзентацыі ды разумення складанай інфармацыі, а таксама здольнасць атрымліваць доступ, шукаць і карыстацца паслугамі інтэрнэту. Індывіды павінны таксама быць здольныя выкарыстаць ТІГ для падтрымкі крытычнага мыслення, творчасці і наватарства.
Каштоўнасная пазіцыя: крытычнае і рэфлексіўнае стаўленне да даступнай інфармацыі і адказнае выкарыстанне інтэрактыўных сродкаў інфармацыі. Цікавасць і далучэнне да справаў супольнасцяў ды сетак з культурнымі, сацыяльнымі і/ці прафесійнымі мэтамі.
Рэкамендацыйны спіс медыяінфармацыйных кампетэнцый беларускага вучня
[правіць | правіць зыходнік]Лідарамі медыяадукацыйнага кірунку з'яўляюцца агульнанацыянальныя грамадскія аб'яднанні — Таварыства беларускай школы і Беларуская асацыяцыя журналістаў. Іх адукацыйная дзейнасць найперш скіраваная на дзве мэтавыя групы: педагогаў і журналістаў.
Медыяадукацыйныя рэсурсы
[правіць | правіць зыходнік]- Медыякомпас на сайце Nastaunik.info (грамадскі праект, створаны настаўнікамі і для настаўнікаў у 2005 годзе як пляцоўка для ўзаемадапамогі, абмену досведам, публікацыямі і педагагічнымі ідэямі). Медыякомпас прапануе распрацоўкі найлепшых беларускіх настаўнікаў і досвед калегаў з іншых краін. Урокі, школьныя святы, пазакласныя мерапрыемствы, падручнікі і метадычныя дапаможнікі, навучальныя відэа- і аўдыясродкі і інш.
- Медыяадукацыя — рубрыка Архівавана 10 студзеня 2017. у выданні асветнікаў Рэспублікі Беларусь «Настаўніцкая газета»
Метадычныя дапаможнікі і зборнікі
[правіць | правіць зыходнік]- Медыяадукацыя ў школе: фарміраванне медыяграматнасці вучняў: дапаможнік для настаўнікаў. — Мінск, 2016. — 336 с.
- Медыяадукацыя ў сучаснай школе: зборнік навукова-метадычных артыкулаў Т. Ваврава, М. Запрудскі і інш. Пад нав. рэд. М. І. Запрудскага. Мінск, 2016. 91 с.
Зноскі
Крыніцы і спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Халперн, Д. Психология критического мышления — СПб.: Издательство «Питер», 2000. — 512 с
- Мікалай Запрудскі. Застацца ў жывых, або інструкцыя па выжыванні ў медыяасяроддзі // Настаўніцкая газета, 02.12.2014
- Кириллова, Н. Б. Медиакультура: от модерна к постмодерну / Н. Б. Кириллова. — М.: Академический проект, 2005
- Індэкс свабоды прэсы Архівавана 27 жніўня 2015.
- СМІ ў Беларусі Архівавана 6 мая 2017.
- Рэкамендацыі Еурапарламента і Савета Еўропы аб ключавых кампетэнцыях навучання на працягу жыцця = Recommendation on key competences for lifelong learning, (2006/962/EC), 18.12.2006
- Рэкамендацыі Севільскай канферэнцыі «Медыяадукацыя моладзі»
- [ЮНЭСКА, 2002]
- [UNESCO, 2011] Архівавана 30 чэрвеня 2007. UNESCO: Media and Information Literacy Curriculum for Teachers, 2011.
- Концепції впровадження медіа-освіти в Україні(недаступная спасылка)
- Katalog kompetencji medialnych i informacyjnych(недаступная спасылка)
- Концепция информатизации системы образования Республики Беларусь на период до 2020 года(недаступная спасылка)
- Прапановы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі. Адукацыйная палітыка
- Александр Полонников, Алла Барченок. К вопросу о кризисе современного белорусского образования // Наша адукацыя (зборнік артыкулаў). — Мінск, 2012.