Мемарыяльны знак
Мемарыя́льны знак — архітэктурна-скульптурнае збудаванне, звычайна ў выглядзе невысокай стэлы з рэльефам або каменя з тэкстам. Устанаўліваецца ў гонар значнай гістарычнай падзеі або выдатнай асобы. Уключае надпіс-прысвячэнне, сціплы дэкор, часта партрэтную, сюжэтную ці алегарычную выяву. Бывае самастойным ці ўваходзіць у мемарыяльны комплекс. Ставіцца звычайна там, дзе адбылася падзея або на месцы, звязаным з жыццём выдатнай асобы.
Беларусь
[правіць | правіць зыходнік]Мемарыяльныя знакі ў Мінску: на бульвары Шаўчэнкі Тарасу Шаўчэнку (1978, скульптар С. Вакар), на плошчы Незалежнасці на месцы гібелі першага рэдактара падпольнай газеты «Звязда» Героя Савецкага Саюза У. С. Амельянюка (1980, скульптар А. Анікейчык, архітэктары Ю. Градаў, Л. Левін), у двары Дома друку на ўшанаванне памяці рабочых друкарні, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну (1984, архітэктары А. і М. Ткачукі); у Барысаўскім раёне на Брылёўскім полі каля в. Студзёнка ў гонар расійскай арміі, якая перамагла напалеонаўскія войскі ў час іх пераправы цераз р. Бярэзіна ў 1812 (1912) і на ўшанаванне памяці французскіх салдат, што тут загінулі (1997, скульптар І. Міско); у Магілёўскім раёне каля в. Буйнічы на месцы, дзе быў развеяны прах расійскага пісьменніка К. Сіманава (1980), у Салечніках на беларуска-літоўскім памежжы ў гонар Кастуся Каліноўскага (скульптар В. Янушкевіч), на месцы трагедыі 30 мая 1999 на станцыі метро «Няміга» (скульптар Г. Буралкін, архітэктар А. Чадовіч; абодва 1999), і інш. Мемарыяльныя знакі — састаўная частка ў мемарыяльных комплексах «Брэсцкая крэпасць-герой» (на месцы заставы Наганава), «Праклён фашызму» (на месцы спаленай вёскі Шунеўка Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці) і інш.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Мемарыяльны знак // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх