Мемнан (міфалогія)
Мемнан | |
---|---|
стар.-грэч.: Μέμνων | |
| |
валадар эфіопаў | |
Міфалогія | Старажытнагрэчаская |
Пол | мужчынскі пол |
Бацька | Тыфан |
Маці | Эас |
Браты і сёстры | Himera[d] |
У іншых культурах | Ismandes[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Ме́мнан (стар.-грэч.: Μέμνων) — валадар эфіопаў у старажытнагрэчаскай міфалогіі. Удзельнічаў у Траянскай вайне на баку траянцаў.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Мемнан лічыўся родным сынам багіні світанку Эас і Тыфана, выхадца з Троі. Выхоўваўся Гесперыдамі. Падобна Ахілу, меў даспехі, зробленыя Гефестам, якія рабілі яго фактычна недатыкальным для ворагаў.
У Эфіяпідзе і Адысее, творах Эпічнага цыклу, Мемнан называўся валадаром Эфіопіі. Герадот вызначаў Сузы як горад Мемнана. Але ў эліністычны і рымскі перыяды гэты герой атаесамляўся з афрыканскай Эфіопіяй, а таму часцяком маляваўся як негр. Філастрат з Лемнасу нават пісаў, што грэкі баяліся валадара эфіопаў, паколькі дагэтуль не бачылі чорных людзей.
Манефон лічыў, што Мемнан быў егіпецкім фараонам. Паўсаній паведамляў, што за выяву Мемнана прымаюць адну з паўразбураных статуй у Фіванскім некропалі. Вядома, што рымляне вылучалі дзве фіванскія статуі Аменхатэпа III як калосы Мемнана.
Траянская вайна
[правіць | правіць зыходнік]Мемнан прыбыў на дапамогу траянцам з вялікай арміяй, якая не ўмяшчалася ў горадзе і была вымушана стаць лагерам каля яго муроў. Фетыда папярэдзіла Ахіла, каб ён не ўступаў у бой з Мемнанам, паколькі іх сілы роўныя, а смерць Мемнана можа прадвесціць пра яго асабістую смерць. Таму эліны выйшлі на бітву з эфіопамі без свайго лепшага героя.
Мемнан забіў некалькіх ахейскіх герояў, у тым ліку Антылоха, сына Нестара і блізкага сябра Ахіла, і вымусіў грэчаскую армію адступіць да караблёў. Нестар кінуў забойцы сына выклік, але Мемнан адхіліў яго, каб не біцца са старым чалавекам. Як і ў выпадку з Патроклам, Ахіл быў раз'юшаны весткай пра смерць Антылоха і насуперак папярэджанням маці ўступіў у бой. На класічных грэчаскіх пасудзінах гэты момант часцяком суправаджаецца выявай вагаў, быццам бы багі ўзважвалі, хто з іх павінен перамагчы. У выніку Ахіл прабіў шчыт Мемнана ўдарам дзіды і працяў яму бок. Убачыўшы падзенне свайго валадара з калясніцы, эфіопскія воіны кінуліся на ўцёкі.
Еўтыхій Прокл, пераказчык старажытнай эпічнай паэмы Эфіяпіда, пісаў, што Эас дамаглася ад Зеўса неўміручасці для свайго сына, такім чынам ён выжыў пасля бітвы. Але ў іншых міфах паведамлялася пра тое, што багі ператварылі кроў забітага Мемнана ў раку, што ў гадавіну яго смерці набывала непрыемны пах, або пра тое, што ён быў пахаваны эфіопамі, а самі яны ператварыліся ў птушак.