Мерачоўшчына

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Урочышча Мерачоўшчына
Сядзіба Касцюшкаў на малюнку Напалеона Орды

Мерачо́ўшчына — урочышча, былы фальварак за 1,5 км на паўночны захад ад мястэчка Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці Беларусі.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Назва Мерачоўшчына другаснага паходжання, прынесеная з поўдня цяперашняй Літвы і за першакрыніцу мае назву мястэчка Мерач (літ. Merkinė, ад назвы ракі Merkys, старабел. Мерач).

Гэтая мясціна паміж Косавам і Ружанамі характарызуецца канцэнтрацыяй назваў балцка-літоўскага антрапанімічнага паходжання: Даргужы, Ёдчыкі, Мілейкі, Юндзілы, Мізгіры, Таўцвілы (ад старалітоўскіх аднаасноўных імёнаў тыпу Dargužis, Juodys, Mileika, Jundila, двухасноўных Misgiras, Tautvilas), таксама этнанімічныя Жамайдзякі (ад літоўскага žemaitis «жамойт, жыхар заходнелітоўскай Жамойці»).

Такія назвы — тапанімічныя сляды рассялення літоўскага баярства (надзялення іх землямі) на поўдні і ўсходзе, якое найімаверней датуецца першай паловай XV стагоддзя і ішло з мэтай умацавання вялікалітоўскай дзяржавы[1].

Канцэнтрацыям такіх адыменных назваў звычайна спадарожнічаюць тапонімы, утвораныя ад назваў месцаў паходжання: Ашмянцы і Мерачы на поўначы ад Менска («Меречи» фіксуюцца на карце 1797 г.), Бешанковічы (< Бешанкі пад Лідай), Радунь паміж Лепелем і Бешанковічамі, Смаргоні каля Мёраў, і інш.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першыя пісьмовыя згадкі пра Мерачоўшчыну датуюцца 1529 годам, калі фальварак быў ва ўласнасці Храптовічаў. У 1577 князі Сангушкі прадалі Косава разам з Мерачоўшчынай берасцейскаму ваяводзе Андрэю Ляшчынскаму[2].

У першай палове XVIII стагоддзя Мерачоўшчына была ўласнасцю Сапегаў. У 1733 годзе яна пераходзіць да мечніка берасцейскага Людвіка Касцюшкі ў заставу. У 1746 годзе тут нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка. Па смерці Людвіка фальварак перайшоў да яго жонкі, якая прадала Мерачоўшчыну ў 1764 годзе ўласніку Косава Юрыю Флемінгу і пераехала ў Сяхновічы. З гэтай пары Мерачоўшчына становіцца неад’емнай часткай косаўскага маёнтка.

У 1821 годзе Косаўскі ключ набыў Войцех Пуслоўскі, маршалак шляхты Слонімскага павета, які распачаў аднаўленне сядзібы Касцюшкаў. Рэстаўрацыя была скончаная ў 1857 годзе[3].

За польскім часам Мерачоўшчына знаходзілася ў складзе гміны Косава Косаўскага павета Палескага ваяводства.

Хата, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка, была знішчаная ў часе Другой сусветнай вайны. Яе выгляд вядомы толькі з малюнкаў Міхаіла Кулешы (1845) і літаграфіі Напалеона Орды (1871).

У 1999 годзе на месцы былога фальварка быў усталяваны мемарыяльны камень, а ў верасні 2004 адкрыта адноўлена хата, дзе цяпер размяшчаецца сядзіба-музей Касцюшкі.

Непадалёк знаходзіцца палац Пуслоўскіх.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Адкуль Бешанковічы // Arche. № 2. 2021. Стар. 50—53.
  2. Несцярчук Л.М. Мерачоўшчына. Mereczowszczyzna. Меречевщина // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны X-XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы). — Мн.: БелТА, 2002. — С. 154. — ISBN 985-6302-37-4.
  3. Несцярчук Л.М. Мерачоўшчына. Mereczowszczyzna. Меречевщина // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны X-XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы). — Мн.: БелТА, 2002. — С. 155. — ISBN 985-6302-37-4.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]