Мескалера

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Мескалера
(Naashgali Dine'i)
Mescalero Indianerin.jpg
Агульная колькасць 2 900 (2017 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова мескалера-чырыкагуа
Рэлігія пеётызм, анімізм, шаманізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы іншыя апачы, наваха

Мескалера (саманазва: Naashgali Dine'i) — народ з групы апачы, карэнныя жыхары ЗША. Жывуць пераважна ў штаце Нью-Мексіка. Агульная колькасць (2017 г.) - 2900 чал.[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Мескалера ўзгадваюцца з сярэдзіны XVI ст., калі іспанскія каланісты і місіянеры сутыкнуліся з паляўнічымі вандроўнымі атабаскамі. Індзейцы зуні называлі іх агульнай назвай апачы (літаральна "ворагі"). Іспанскі дадатак мескалера (ісп.: Mescalero) значыў прыналежнасць да агавы. Гэтая назва тычылася атабаскаў, што насялялі тэрыторыю паміж Рыа-Грандэ і Льяна-Эстакада. У выніку кантактаў з пуэбла і іспанцамі яны асвоілі жывёлагадоўлю і земляробства.

У сярэдзіне XVIII ст. мескалера пацярпелі паражэнне ад каманчаў і былі вымушаны перасяліцца на паўднёвы захад Тэхаса. Пасля набыцця Мексікай незалежнасці ў 1821 г. мясцовыя ўлады імкнуліся падпарадкаваць індзейскія плямёны. Гэта рабілася праз ваеннае ўздзеянне, а таксама праз гандляроў, што захоплівалі тубыльцаў у пазыковае рабства. Хаця кантроль над населенымі мескалера тэрыторыямі ў 1846 г. перайшоў да ЗША, залежнасць ад гандляроў захоўвалася да 1868 г.

27 мая 1873 г. прэзідэнт У. С. Грант падпісаў распараджэнне пра стварэнне для мескалера асобнай рэзервацыі. У 1883 г. яна была перанесена на поўдзень Нью-Мексіка (1873,69 км²). У 1934 г. мескалера атрымалі права на аўтаномію. 25 сакавіка 1936 г. пачала дзейнічаць першая Канстытуцыя нацыі мескалера.

У другой палове XX ст. на тэрыторыі рэзервацыі актыўна развіваецца турызм. Мескалера валодаюць казіно і горна-лыжным курортам.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Мескалера каля тыпі, канец XIX - пачатак XX ст.

Асноўнымі заняткамі мескалера здаўна былі паляванне і збіральніцтва. Рыбу і мяса мядзведзяў яны не ўжывалі. Кукурузу і фасолю пераважна куплялі ў пуэбла, хаця ў пісьмовых крыніцах сярод заняткаў узгадваецца і земляробства. У выніку кантактаў з іспанцамі асвоілі конегадоўлю і трыманне кароў. Традыцыйныя рамёствы — апрацоўка скур і драўніны.

Традыцыйныя заняткі вымушалі весці вандроўны і паўвандроўны лад жыцця. Асноўным відам жытла з'яўлялася тыпі. Мескалера жылі пераважна ў малых нуклеарных сем'ях. Часцяком сустракалася палігінія, паколькі мужчыны імкнуліся жаніцца на сёстрах. Пры гэтым ён перасяляўся да сваякоў сваіх жонак. Тыпі, а таксама хатняе начынне лічыліся жаночай маёмасцю. Сваякі жанчын удзельнічалі ў выхаванні дзяцей. Сваяцтва перадавалася па жаночай лініі, але мескалера звычайна памяталі і значных продкаў па мужчынскай лініі.

Сваякі па жаночай лініі складалі вандроўную групу з некалькіх сем'яў. Яны аб'ядноўваліся ў больш шматлікія тэрытарыяльныя групы. Усяго іх налічвалася 10. З 1936 г. дзейнічае супольны абраны ўрад.

Захаваліся шматлікія рэлігійныя спевы, казкі, міфы і легенды.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Мова мескалера-чырыкагуа (Ndé Bizaa’) адносіцца да паўднёвай галіны атабаскіх моў. У выніку пашырэння адукацыі і справаводства на англійскай мове колькасць носьбітаў Ndé Bizaa’ доўгі час стала змяншалася. У нашы дні прадпрымаюцца крокі для яе адраджэння[2].

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйная рэлігія заснавана на веры ў існаванне шматлікіх духаў прыроды. Галоўную ролю адыгрывае постаць духа Стваральніка, у свет якога адпраўляюцца чалавечыя душы пасля смерці. Мескалера таксама высока шануюць духа Сонца. У нашы дні традыцыйныя вераванні развіваюцца ў межах пеётызму. Вялікая колькасць вернікаў спавядае хрысціянства.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]