Месяцавы аўтамабіль

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Месяцавы аўтамабіль. Экспедыцыя «Апалон-15». 1971 год.

Месяцавы аўтамабіль (англ.: Lunar Rover, абазначэнне распрацоўшчыка — Lunar Roving Vehicle, LRV) — чатырохколавы транспартны планетаход для перамяшчэння людзей па паверхні Месяца. Прадстаўляў сабой двухмесны электрамабіль. Выкарыстоўваўся ў экспедыцыях праграмы «Апалон» — «Апалон-15», «Апалон-16» і «Апалон-17».

Распрацоўка[правіць | правіць зыходнік]

Распрацоўшчык і генеральны падрадчык — Boeing, з удзелам Delco Electronics (філіяла General Motors). Вядучымі канструктарамі былі Мсціслаў Бекер і Эдуарда Сан Хуан. Ферэнцу Паўліксу належыць стварэнне механізма складання LVR, канструкцыя падвескі і колаў.

Вырабілі чатыры аўтамабілі, аднак, калі стала ясна, што палёт Апалон-18 не адбудзецца, чацвёрты аўтамабіль разабралі на запчасткі. Распрацоўка і пабудова машын каштавалі NASA $ 38 млн.

Будова[правіць | правіць зыходнік]

Дзякуючы шырокаму выкарыстанню алюмінію і тытана маса машыны складала 210 кг.

Аўтамабіль быў абсталяваны чатырма рухавікамі пастаяннага току (па адным на кола) магутнасцю 0,25 к.с. кожны. Агульная магутнасць складала 1 к.с. (0,75 кВт). Каб прадухіліць траплянне пылу ў матор і пашкоджанне шчотак, корпус рухавіка знаходзіўся пад ціскам. Прывад на колы ажыццяўляўся праз рэдуктар з перадатачным лікам 80:1.

Сілкаванне рухавікоў ажыццяўлялася ад пары срэбна-цынкавых батарэй напружаннем 36 В і ёмістасцю 4,1 кВт·г. Адна батарэя сілкавала пярэднія колы, а другая заднія. Паколькі апарат задумваўся як аднаразовы, перазарадка акумулятараў не прадугледжвалася. Для астуджэння батарэй выкарыстоўваліся люстэркі з кварцу, каб адлюстроўваць як мага больш святла і адводзіць цяпло. Падчас руху люстэркі павінны былі быць закрытыя пылаахоўным экранам, каб прадухіліць траплянне на іх дробнага месяцавага грунту, які перашкаджаў бы астуджэнню.

Выкарыстанне[правіць | правіць зыходнік]

Усюдыходы значна пашырылі даступную для астранаўтаў плошчу месяцавай паверхні. Раней астранаўты маглі перамяшчацца на Месяцы толькі непасрэдна вакол месца пасадкі.

Карыстаючыся ўсюдыходам, можна было развіваць скорасць да 13 км/г. У ходзе экспедыцыі «Апалон-16» быў устаноўлены рэкорд скорасці перамяшчэння па Месяцы — 18 км/г. Агульная даўжыня шляху, пройдзенага ўсюдыходамі ў экспедыцыях Апалон-15, -16 і -17, склала адпаведна 28, 27 і 36 кіламетраў.

Магчымасць падарожнічаць па месяцавай паверхні на ўсюдыходзе абмяжоўвалася той акалічнасцю, што астранаўты павінны былі мець магчымасць паспець самастойна вярнуцца да месяцавага модуля ў выпадку паломкі ўсюдыхода да таго, як будуць расходаваны рэсурсы іх сістэм жыццезабеспячэння. Пасля таго, як месяцавыя аўтамабілі і скафандры астранаўтаў прадэманстравалі сваю надзейнасць, гэта абмежаванне было зроблена больш мяккім у апошняй экспедыцыі (Апалон-17), што дазволіла аддаліцца ад месяцавага модуля на максімальную адлегласць у 7,6 км.

Кіраванне электрамабілем даручалася камандзіру экіпажа.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]